news
Аналітыка
Беларуская спецдакладчыца ААН, што адмывае дыктатуры ад санкцыяў. Хто такая Алена Доўгань
АПК уздыме пытанне «неадпаведнасці спадарыні Доўгань статусу мандату спецдакладчыка ААН».
20.09.202307:10

Адмысловая спавяшчальніца ААН у пытаннях негатыўнага ўплыву аднабаковых прымусовых захадаў на правы чалавека перыядычна трапляе ў скандалы і пад абвінавачванні за спробы дапамагчы дыктатарскім рэжымам выйсці з-пад санкцыяў. І апошнія тры гады гэтую пасаду займае Алена Доўгань – грамадзянка Беларусі і прафесарка БДУ.

Алена Доўгань і прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа.
Фота: thezimbabwean.co

17 верасня прадстаўнікі лукашэнкаўскай Беларусі, Балівіі, Венесуэлы, Зімбабвэ, Ірану, КНДР, Кубы, Нікарагуа, Расеі, Сірыі і Эрытрэі даслалі ліст кіраўніцтву ААН з просьбаю залучыць крытыку ўведзеных супраць іх санкцыяў у фінальны дакумент пра мэты ўстойлівага развіцця ААН да 2030 года, прыняты падчас 78-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Яны заявілі, што пытанне негатыўнага ўздзеяння санкцыяў «экзістэнцыйнае для нашых народаў». І дадалі: на іхным – баку 135 краінаў, у тым ліку Кітай.

«Найлепшая абарона – гэта атака. Таму Лукашэнка і астатнія проста ідуць у контрнаступ. Яны хочуць рабіць удома тое, што хочуць. І спроба мабілізавацца на Генасамблеі – гэта такі інтэрнацыянальны рух для забароны санкцыяў. Яны хочуць паказаць, што не задаволеных палітыкаю Захаду вельмі шмат і што надышоў час мяняць міжнародныя правілы. Лукашэнка разлічвае, што больш краінаў далучыцца проста таму, што баяцца, што санкцыі будуць уведзеныя і супраць іх у будучыні», – заявіла ў каментары «Белсату» дырэктарка даследчага цэнтру «Globsec» Алена Кудзько.

На думку эксперткі, гэтая ініцыятыва стварае дадатковы публічны ціск на краіны Захаду і на меркаванні насельніцтва ў іншых краінах, «і таму Лукашэнка разлічвае, што ў больш доўгатэрміновай перспектыве ў яго нешта атрымаецца».

У сваім лісце прадстаўнікі дыктатураў таксама заявілі, што іх падтрымліваюць «крыніцы ў ААН». Джымі Кўін з «National Review» мяркуе, што мелася на ўвазе Алена Доўгань – беларуская юрыстка, «якая займае пасаду эксперта ААН і рэгулярна адмывае скаргі дыктатураў на санкцыі». Разгледзім ейную асобу больш пільна.

Моцны, але стрыманы прафесіянал

Алена Доўгань нарадзілася ў 1979 годзе ў Магілёве. Як паведамілі «Белсату» кіберпартызаны, ейны бацька – былы першы прарэктар Беларуска-расейскага ўніверсітэту, прафесар Фёдар Лаўшэнка, муж Аляксандр Доўгань – галоўны дарадца Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД). Брат мужа Андрэй – падпалкоўнік міліцыі і былы галоўны эксперт у Дзяржаўным экспертна-крыміналістычным цэнтры.

Згодна з афіцыйнай біяграфіяй, Доўгань у 2001 годзе скончыла факультэт міжнародных стасункаў (ФМС) БДУ, яна доктар юрыдычных навук (спецыяльнасць «Міжнароднае права. Еўрапейскае права»), прафесар. Брала ўдзел у шмат якіх замежных стажыяваннях у Нідэрландах, Нямеччыне, ЗША. Лаўрэатка прэзідэнцкіх стыпендыяў таленавітым маладым навукоўцам за 2013 і 2019 гады. Дарэчы, менавіта з 2013-га яна выступае ў якасці эксперта на розных панэльных дыскусіях пра негатыўнае ўздзеянне санкцыяў.

Доўгань выкладала ў БНТУ (2001–2003) і БДУ (з 2004-га), працавала ў прадстаўніцтве ААН у Менску (2001–2005) і ў Эканамічным судзе СНД (2006–2008). У 2016–2019 гадах – прарэктарка Міжнароднага ўніверсітэту МІПСА. Апошнія пасады – прафесар кафедры міжнароднага права ФМС БДУ і галоўная навуковая працаўніца НЦЗПД, дзе працуе ейны муж. Таксама ўваходзіла ў групу экспертаў пры адміністрацыі Лукашэнкі (з 2017-га) і Міністэрстве замежных справаў (з 2018-га), узначальвала працоўную групу ў пытаннях міжнароднай і інфармацыйнай бяспекі экспертнай рады пры Савеце бяспекі Беларусі.

У размове з «Белсатам» былыя студэнты МІПСА ахарактарызавалі Доўгань станоўча. Яе назвалі «вельмі добраю», «моцным прафесіяналам», «досыць справядлівай і строгай, але з гумарам». Яе «лічылі найлепшым выкладчыкам», і яна «не выклікала негатыву».

Алена Доўгань з калегамі падчас падпісання дамовы пра супрацу паміж МІПСА і Упраўленнем Следчага камітэту ў Гомельскай вобласці.
Фота: estu-gomel.by

У МІПСА яна з’явілася падчас «нармалізацыі» ўніверсітэту. Да таго першы прарэктар і старшыня кафедры міжнароднага права Андрэй Козік (сын былога старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Леаніда Козіка) «спрабаваў на нашай кафедры ладзіць эксперыменты ў еўрапейскай адукацыі». Але пасля ягонага сыходу «шмат што памянялася»: «універ зрабіўся больш закрытым ува ўсіх сэнсах», прыйшло шмат выкладчыкаў з сілавых структураў, у тым ліку падазраваны ў датычнасці да палітычных забойстваў экс-міністр унутраных справаў Юрый Сівакоў. Менавіта Козіка і замяніла Доўгань.

І хоць сам «універ стаўся вельмі праўладным з закосам на савок, Доўгань трымала нашую кафедру ад гэтага (так здавалася)». Аднак у выказваннях пра палітыку ды актуальныя падзеі яна была «стрыманая», асабліва ў параўнанні са сваім папярэднікам, які ў 2014 годзе тлумачыў студэнтам, «чаму Крым не наш».

Рэжымы не вінаватыя, вінаватыя – санкцыі

Мандат спецдакладчыка ў пытанні негатыўнага ўздзеяння аднабаковых прымусовых захадаў на ажыццяўленне правоў чалавека Рада правоў чалавека ААН заснавала 26 верасня 2014 года. Як піша «National Review», аўтарам адмысловай рэзалюцыі быў Іран, а прасоўваць яе дапамагалі Кітай, Венесуэла, Куба, Расея ды іншыя. Першым адмысловым спавяшчальнікам стаўся алжырскі дыпламат Ідрыс Джазайры, які, паводле няўрадавай арганізацыі «UN Watch», раней «асабіста ўзначальваў буйную кампанію затыкання рота назіральнікам Рады правоў чалавека».

«З моманту стварэння офіс выконваў ролю баявога сабакі, які дзеіць ад імя гэтых рэжымаў, каб унесці перакручанае разуменне санкцыяў і правоў чалавека ў міжнародна-прававы лексікон», – піша Джымі Кўін.

Увесну 2020 года алжырца Джазайры замяніла беларуска Доўгань. На ейную думку, менавіта санкцыі, а не палітыка дыктатарскіх рэжымаў ускладняюць на падначаленых ім тэрыторыях барацьбу з хваробамі, перашкаджаюць дастаўляць гуманітарную дапамогу ды агулам негатыўна ўплываюць на здароўе. Заступаецца яна і за тых, хто беспасярэдне трапляе пад санкцыі – сілавікоў, прапагандыстаў ды іншых прадстаўнікоў рэжымаў, бо яны нібыта пазбаўленыя доступу да правасуддзя.

«Яны [санкцыі. – Заўвага рэд. belsat.eu] вельмі негатыўна ўплываюць на эканоміку дзяржаваў пад санкцыямі, роўна як і на правы асобаў, якіх яны закранаюць. Пры гэтым трэба адзначыць, што санкцыі ўплываюць на ўвесь спектр правоў чалавека, пачынаючы з права на жыццё, заканчваючы эканамічнымі і сацыяльнымі правамі… Разам з тым іх статус у міжнародным праве зусім не адназначны», – распавядала Доўгань у 2020 годзе ў інтэрв’ю Расейскаму савету міжнародных справаў.

Справаздачы Доўгань пра санкцыі «ўтрымліваюць шмат крытыкі на адрас заходніх урадаў і ніякай крытыкі на адрас аўтарытарных рэжымаў, ад імя якіх яна кажа», адзначае Кўін. Дый агулам ейныя заявы «надзіва падобныя» да заяваў лукашэнкаўскага рэжыму.

Менавіта на пазіцыю Доўгань спасылаўся старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда 12 чэрвеня 2023 года на 111-й канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), калі галасавалі за рэзалюцыю, што прадугледжвае санкцыі супраць Менску за парушэнне правоў рабочых. Дый сама дакладчыца пісала ліст у МАП пра тое, што іх увядзенне парушыць Статут ААН. На іншай жа канферэнцыі з ейным удзелам ФПБ ажно збіралася патрабаваць ад Еўразвязу грошай за санкцыі.

Не Беларуссю адзінай

Рэжым Лукашэнкі, вядома, не адзіны, за каго заступаецца Доўгань. Яшчэ ў лістападзе 2020 года яна заклікала зняць санкцыі з Катару і прасіла скасаваць абмежаванні супраць рэжыму Башара аль-Асада ў Сірыі, бо яны «могуць перашкодзіць аднаўленню цывільнай інфраструктуры», «парушыць правы чалавека сірыйскага народу» і агулам маюць вялікі негатыўны эфект «ува ўсіх сферах жыцця краіны». У адказ адмысловы спавяшчальнік ЗША ў Сірыі Джоўэл Рэйбэрн падкрэсліў: віна за трагедыю ў Сірыі ляжыць на мясцовым урадзе, які разам з замежнымі хаўруснікамі «скідваў бомбы на шпіталі, школы, рынкі і дамы».

Што цікава, спецдакладчыца ААН, хоць і ўваходзіць у структуру вярхоўнага камісара ў пытаннях правоў чалавека, падчас сваіх візітаў сустракаецца толькі з прадстаўнікамі рэжымаў ды ігнаруе прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў. Прынамсі гэтак было ў Венесуэле і Зімбабвэ ў 2021 годзе ды ў Іране ў 2022-м.

Пасля візіту ў Венесуэлу Доўгань заявіла, што менавіта амерыканскія санкцыі пагоршылі эканамічны і гуманітарны крызіс у краіне. Урад Венесуэлы вітаў гэты даклад, але апазіцыя абвінаваціла яе ў гульні «на руку рэжыму» Нікаляса Мадура.

«Мы шкадуем, што дакладчыца ААН паддаецца прапагандзе і аповедам, якія вызваляюць рэжым ад яго адказнасці ў надзвычайнай гуманітарнай сітуацыі і парушэнні правоў чалавека ў краіне», – заявіў былы венесуэльскі парламентар Мігель Пісара.

«Гэтак званая спецдакладчыца з Беларусі, аднаго з найбуйнейшых у свеце парушальнікаў правоў чалавека, які таксама сутыкаецца з санкцыямі, наўрад ці ёсць сумленнаю пасярэдніцаю. Ейны маршрут – нахабна аднабокі – відавочны індыкатарам таго, што сцэнар ужо напісаны загадзя», – адзначаў брытанскі акадэмік з Зімбабвэ Алекс Магайса.

І быў недалёкі ад праўды: як паказаў журналіст-расследавальнік Гоўпўэл Чын’она, Доўгань проста скапіявала частку свайго дакладу адносна Венесуэлы і ўставіла ў даклад пра Зімбабвэ.

Які прэйскурант?

Статус спецдакладчыка не перашкаджае Доўгань атрымліваць сродкі ад тых рэжымаў, якія яна абараняе ад санкцыяў. Гэтак, у 2021 годзе ёй перавялі ад Кітаю $ 200 тысячаў, а таксама $ 150 тысячаў ад Расеі і $ 25 тысячаў ад Катару. Арганізацыя «UN Watch» звязвае выплату кітайскіх грошай з удзелам беларускі ў форуме, што мусіў зняпраўдзіць «паклёп» Захаду адносна парушэнняў Пекінам правоў уйгураў.

«Яны хочуць, каб ейны тытул у ААН узаконіў ілжывыя і абсурдныя аповеды дыктатараў пра тое, што санкцыі супраць жорсткіх рэжымаў уяўляюць сабою парушэнне правоў чалавека», – заявіў выканаўчы дырэктар «UN Watch» Гілэл Ноер.

Ён параўнаў атрыманне Доўгань грошай з Кітаю з тым, як бы дэпартамент паліцыі Чыкага атрымліваў субсідыі ад Аль Капонэ.

«Дзякуючы працы Доўгань ды іншых аўтарытарныя рэжымы здолелі выкарыстаць працу ААН у галіне правоў чалавека ў сваіх інтарэсах, ствараючы легітымнасць свайго кіравання ў краіне. Сумна, што гэта падрывае працу, якую праводзяць іншыя эксперты ААН у пытаннях правоў чалавека для выкрыцця зверстваў у Паўночнай Карэі, Венесуэле і, так, у Беларусі», – пісаў Кўін.

На ягоную думку, «прызначэнне чыноўнікаў з аўтарытарнымі сімпатыямі і схільнасцю да ўзаемадзеяння з медыямі» сведчыць пра небяспеку таго, што гэтыя дыктатуры будуць мець яшчэ большы ўплыў у ААН.

Дэмакратычныя сілы супраць мандату Доўгань

Павел Латушка, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) у пытаннях транзіту ўлады, у каментары «Белсату» заявіў, што Доўгань не проста «асоба ангажаваная з рэжымам Лукашэнкі», а «дэ-факта служыць рэжыму Лукашэнкі».

«Цяпер ейная дзейнасць на пасадзе спецдакладчыка ААН выйшла на новы ўзровень, а менавіта – арганізацыю цэлага «інтэрнацыяналу» самых людаедскіх рэжымаў у іх барацьбе супраць абмежавальных захадаў, якія ўжываюць супраць гэтых дзяржаваў за шматлікія парушэнні міжнароднага права і правоў чалавека», – адзначыў палітык.

Тым не менш, паводле палітыка, стварэнне такога «інтэрнацыялу» пацвярджае эфектыўнасць санкцыяў, што яны «працуюць».

Латушка падкрэсліў, што «ангажаваная з рэжымам Лукашэнкі асоба не можа выступаць у ролі спецдакладчыка ААН, гэта значыць асобы, якая павінна быць незалежнай ад якога-кольвек ураду ці арганізацыі». Такія асобы, як Доўгань, замест таго каб стаяць на варце абароны правоў чалавека, «дапамагаюць рознага кшталту антыдэмакратычным рэжымам іх парушаць і дыскрэдытуюць інстытут спецдакладчыка ААН».

Прадстаўнік АПК паабяцаў уздымаць пытанне «неадпаведнасці спадарыні Доўгань статусу мандату спецдакладчыка ААН».

Меркаванні
Ці працуюць санкцыі Захаду, навошта яны патрэбныя і якога эфекту мы чакаем?
2021.10.10 14:12

Макар Мыш belsat.eu