Віктар Януковіч у сакавіку знаходзіўся ў Беларусі і рыхтаваўся вярнуцца ва Украіну пасля акупацыі Кіева


Амерыканскае выданне The Washington Post піша, што ў пачатку сакавіка 2022 году былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч знаходзіўся ў Беларусі і чакаў магчымасці вярнуцца ў Кіеў пасля захопу гораду расейскімі войскамі. Гэтую інфармацыю The WP сабрала ў часе свайго расследавання, якое ішло некалькі месяцаў.

Віктар Януковіч.
Фота: dpa

Журналісты вывучылі мноства канфідэнцыйных матэрыялаў, у тым ліку перахопленых выведкай, і правялі інтэрв’ю з чыноўнікамі з Украіны, ЗША і Еўропы.

Паводле The Wasington Post, Расея перад уварваннем ва Украіну стварыла дзве групы прарасейскага ўраду. Цэнтральнай фігурай быў Януковіч, які разам са сваёй групай у Беларусі чакаў магчымасці вярнуць сабе ўладу. Таксама ў прарасейскім урадзе мусіў быць і Віктар Медвядчук, якога СБУ затрымала ў красавіку.

Амерыканскае выданне таксама паведамляе, што ФСБ Расеі цягам некалькіх гадоў павялічвала колькасць свайго дэпартаменту, які адказваў за Украіну – у 2019 годзе ў ім было 30 афіцэраў, а напярэдадні ўварвання ва Украіну – 160.

Перад уварваннем Расеі, афіцэры ФСБ ужо знаходзіліся на тэрыторыі Украіны і арандавалі кватэры ў бяспечных раёнах Кіева, якія расейскія войскі не планавалі абстрэльваць. За некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага нападу ФСБ загадала гэтым афіцэрам выехаць са сталіцы і пакінуць ключы ад кватэраў для расейскіх аператыўнікаў.

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» зазначае, што 7 сакавіка ў Беларусі быў заўважаны самалёт Віктара Януковіча з рэгістрацыйным нумарам RA-09617. Аднак, паводле інфармацыі «Беларускага Гаюна» у той дзень на гэтым самалёце ў Беларусь прылятаў Міхаіл Гуцэрыеў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў