БАЖ: Сайт выдання «Прессбол» заблакавалі за фота футбаліста з «чорнага спісу»


Сайт дзяржаўнай спартовай газеты «Прессбол» маглі заблакаваць праз архіўнае фота футбаліста з «чорнага спісу», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Сайт  выдання «Прессбол». Крыніца: pressball.by

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, прычынай блакавання стаў «палітычны» недагляд кагосьці з тэхнічных працаўнікоў рэдакцыі, у выніку чаго Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да інтэрнэт-рэсурсу pressball.by.

У прыватнасці, у навіне пра пляжны футбол быў размешчаны архіўны фотаздымак удзельнікаў нацыянальнай зборнай, сярод якіх фігураваў гулец з «чорнага спісу» Міністэрства спорту. Менавіта «тыражаванне» нелаяльнага футбаліста і паслужыла нагодай для таго, каб заблакаваць увесь рэсурс, лічыць БАЖ.

Нагадаем, 16 чэрвеня Міністэрства інфармацыі распаўсюдзіла заяву, што на падставе ведамаснага маніторынгу на прадмет «выканання нацыянальнага заканадаўства аб СМІ» быў заблакаваны сайт спартовага выдання «Прессбол», але прычыны такой пастановы не называліся. За тыдзень да гэтага сайт узламалі «Кіберпартызаны», якія замянілі на старонцы ўсе фотаздымкі.

Hавiны
Кіберпартызаны ўзламалі сайт газеты «Прессбол»
2023.06.09 19:45

«Прессбол» выдаецца з 1991 года. Гэта найбуйнейшая беларуская спартовая газета. У 2020 годзе «Прессбол» пакінуў галоўны рэдактар Сяргей Кайко. Замест яго прызначылі аўтара выдання і каментатара «Беларусь-5» Дзмітрыя Герчыкава. Пры ім газета не маўчала пра жнівеньскія падзеі 2020 года і арышты спартоўцаў. Аднак у лістападзе праз цэнзуру пайшоў з выдання і ён.

У снежні новым галоўным рэдактарам паставілі былога працаўніка ОНТ і выдання «Спортивная панарама» Сяргея Лісічкіна. Ягоную кандыдатуру прасоўвала Беларуская федэрацыя футболу, што валодае паловай акцыяў газеты «Прессбол». Пасля гэтага з выдання пачалі звальняцца рэдактары, журналісты, фатографы і тэхнічныя працаўнікі. Агулам адтуль пайшлі прынамсі 12 асобаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў