Прэзідэнт Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны прыехаў на перамовы да Лукашэнкі


Кіраўнік Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны Міларад Додык сустракаецца з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску 19 лютага. «Ужо адбыліся перамовы на прамысловых прадпрыемствах, канкрэтныя крокі ў супрацы намечаныя па лініі аховы здароўя», – піша прэс-служба Лукашэнкі.

Міларад Додык сустракаецца з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску 19 лютага.
Фота: president.gov.by

«Вы мусіце ведаць галоўнае: калі вам падыходзіць нешта ў Беларусі ў плане тэхналогіяў і іншых пытанняў у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, ахове здароўя – мы заўсёды радыя надаць вам дапамогу і падтрыманне», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама палітыкі абмяняліся запэўненнямі ў дружбе. Додык падкрэсліў, што стараўся, каб Боснія і Герцагавіна не далучылася да санкцыяў супраць Беларусі. Лукашэнка не забыўся згадаць цяжкія часы.

«Маё стаўленне вы добра ведаеце. Да ўсіх выпадкаў і пытанняў, якія існуюць, і да тых падзеяў, якія адбыліся ў сяброўскай нам Югаславіі. Калі яе проста расчлянілі на часткі. Ведаеце маю пазіцыю, стаўленне да вас у самыя складаныя часы. Я маю на ўвазе Сербію, калі яна падвяргалася бамбаванням. Ведаем, што вам там часам няпроста, але вы мужна змагаецеся. Мы гэта вітаем. Толькі мужнасць, і стойкасць, і сіла сёння, на жаль, могуць вызначыць будучыню той ці іншай краіны, вобласці, раёну, тэрыторыі. Думаю, што вы стойка трымайцеся там, прадстаўляючы інтарэсы праваслаўных людзей і людзей, якія давяраюць і вераць вам. Мы ў гэтым плане на вашым баку. І вы на нас можаце разлічваць. Словам, вы прыехалі да сваіх сяброў», – сказаў Лукашэнка.

Міларад Додык знаходзіцца з візітам у Беларусі 17–19 лютага.

Рэспубліка Сербская – частка Босніі і Герцагавіны. У 1992 годзе яна з’явілася як самаабвешчаная дзяржава, аднак у 1995 годзе ўвайшла ў склад Босніі і Герцагавіны.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў