Што чытаюць вязні ў беларускіх турмах?


Пракуроры перадаюць у беларускія турмы творы Дастаеўскага і «Кіраўніцтва для рамонту тэлевізараў» з уласных архіваў – каб асуджаныя перавыхоўваліся і адукоўваліся. А вось незалежная прэса ці гістарычная літаратура на беларускай мове да вязняў не даходзіць.

«Пракуроры перадалі толькі тыя кнігі, што пазітыўна ўплываюць»

Гарадзенская абласная пракуратура і Камбінат будаўнічых матэрыялаў зладзілі акцыю перадачы ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу кніг з уласных архіваў. Прыкладна на 200 тамоў папоўніліся фонды бібліятэкаў у пяці з дзевяці выпраўленчых установаў Гарадзенскай вобласці.

«Кнігі перадалі добрыя, бо пракуроры, зразумела, маюць пэўны адукацыйны ўзровень, і ў іхным асабістым архіве не будзе нейкай нізкапробнай літаратуры – толькі тое, што пазітыўна ўплывае», – пераконвае начальнік аддзелу нагляду за законнасцю выканання крымінальных прысудаў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Юрый Гарошка.

Пераважае сярод перададзеных кніг, паводле спадара Гарошкі, сусветная класіка. Таксама было шмат савецкай літаратуры, замежныя дэтэктывы, фантастыка, падручнікі па рамонце тэлевізараў. Ахвяраваць кнігі турэмнай бібліятэцы, як і перадаць нешта пачытаць вязню, можа любы ахвотны, зазначыў Юрый Гарошка. «Забаронаў ці абмежаванняў нейкіх па літаратуры ў нас няма, зразумела, калі гэта не кіраўніцтва, як вырабіць выбухоўку. Літаратура мусіць выхоўваць, бо калі людзей не навучылі быць добрымі, то хоць недзе гэта мусяць зрабіць».

Бібліятэка ў жаночай калоніі. Фота bigpicture.ru Бібліятэка ў жаночай калоніі. Фота bigpicture.ru А вось газеты, паводле начальніка аддзелу нагляду за законнасцю выканання прысудаў, можна выпісваць толькі з зацверджанага пераліку.

У некаторых выпраўленчых установах нават не чулі пра акцыю

«Мы прымаем розную літаратуру, толькі пра злодзеяў у законе – катэгарычна не», – адзначыў старэйшы інспектар групы арганізацыі выпраўленчага працэсу Упраўлення аддзелу выканання прысудаў у Гарадзенскай вобласці Ігар Гаеўскі.

Службовец сцвярджае, што сабраныя кнігі падзялілі пароўну і перадалі на мінулым тыдні ў пяць выпраўленчых установаў вобласці, у якія – не ўдакладніў. У той жа час у выпраўленчай установе № 24, што ў Горадні, кажуць, што нічога не чулі пра гэтую акцыю і кніг ім не прывозілі.

Бабуля Яўгена Васьковіча: Кнігі, што адсылаем, вяртаюцца назад

Але не ўсім вязням у беларускіх турмах шанцуе пачытаць тое, што хочацца. Палітвязень Яўген Васьковіч, які адбывае 7-гадовае пакаранне ў Магілёўскай турме № 4, не атрымлівае тых кніг і газетаў, што яму перадаюць блізкія.

«Жэня заўсёды прасіў любыя кнігі на беларускай мове, але ў асноўным ён любіць нешта гістарычнае пачытаць, – распавяла бабуля палітвязня Тамара Васьковіч. – Мы высылалі яму кнігі, але ён іх ніколі не атрымліваў. Восем газет выпісвалі, але ён ніводнай з іх не атрымаў. Было, што нам назад вярталіся кнігі. Гады два таму «Народную волю» яму выпісвалі – не атрымліваў, тады перасталі выпісваць».

Андрэй Бандарэнка: Літаратура ў турэмных бібліятэках – састарэлая

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа», якая, сярод іншага, займаецца абаронаю правоў вязняў, Андрэй Бандарэнка лічыць акцыю гарадзенскай пракуратуры для перадачы кніг паказною. Праваабаронца і ягоныя калегі некалькі раз на год робяць такія перадачы літаратуры ў турмы, але сутыкаюцца з праблемамі. «Адміністрацыя калоніі ці турмы павінная правяраць любую літаратуру, што ім перадаюць, каб там не было экстрэмісцкага зместу, як гэта ў нас цяпер папулярна ў Беларусі. Хоць нас у экстрэмізме не абвінавачвалі, але мы ўжо не аднойчы атрымлівалі адмову ад нашых пенітэнцыярных установаў узяць у нас кнігі».

Апроч таго, асноўная праблема турэмных бібліятэк, паводле Андрэя Бандарэнкі, у тым, што літаратура там – састарэлая, яшчэ з савецкіх часоў, а сучаснай адукацыйнай літаратуры ў турэмных бібліятэках – не стае.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары