На «Еўрабачанні» Украіну рэпрэзентуе гурт «Tvorchi» са спеваком з Нігерыі


На песенным конкурсе «Еўрабачанне», які пройдзе налета ў Лівэрпуле, Украіну рэпрэзентуе гурт «Tvorchi» з песняю «Heart of Steal» («Сталёвае сэрца»).

Фінал украінскага нацыянальнага адбору прайшоў у суботу, 17 снежня, у кіеўскім метро – дзеля бяспекі прысутных у выпадку паветранай трывогі, а таксама трансляваўся ў жывым эфіры ўкраінскага тэлебачання. Пераможцу вызначылі журы і гледачы, якія галасавалі ў дадатку. «Я хачу сказаць: дзякуй, Украіна!» – звярнуўся вакаліст Джэфры Кэні да тых, хто галасаваў за гурт.

Паводле музыкаў, песня «Heart of Steel» – пра сталёвае сэрца ў грудзях, загартаванае выпрабаваннямі.

«Не важна, што вы кажаце, не важна, што вы адчуваеце. Прэч з маёй дарогі, бо маё сэрца са сталі», – спяваецца ў прыпеве.

У 2020 годзе гурт ужо браў удзел у нацыянальным адборы на «Еўрабачанне», прайшоў у фінал, але не перамог.

Гурт «Tvorchi» грае электронную музыку і ўжо выдаў чатыры альбомы. Музычны калектыў складаецца з саўнд-прадзюсара Андрэя Гуцуляка і вакаліста Джэфры Кэні. Апошні нарадзіўся ў Нігерыі ды прыехаў ва Украіну як студэнт Тэрнопальскага медычнага ўніверсітэту. Заснавалі яны групу ў 2018 годзе ў Тэрнопалі, калі нігерыец і ўкраінец удваіх паступілі ў ВНУ на фармацэўтычны факультэт, але абодва выбралі асноўным напрамкам музыку.

Гурт «Tvorchi». 
Фота: tvorchi_official/ Instagram

Конкурс «Еўрабачанне-2023» павінен быў прайсці ва Украіне, бо летась перамог украінскі гурт «Kalush Orchestra» з песняй «Стэфанія». Аднак праз ваенны канфлікт конкурс пройдзе ў Лівэрпуле.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў