news
Аналітыка
«Паспрабаваць абскубці багацеяў». Для чаго і як у Беларусі зноў мяняюць Падатковы кодэкс
«У нас вельмі істотна змяняецца сама сутнасць нашай падатковай сістэмы».
18.10.202316:51

У Беларусі з 1 студзеня 2024 года зноў плануюць змяняць Падатковы кодэкс. Чакаць змяншэння падаткаў беларусам не даводзіцца. З якімі грашыма дадаткова давядзецца развітацца грамадзянам нашай краіны дзеля падтрымання чыноўнікаў і сілавікоў рэжыму і чаму так адбываецца, у нашым матэрыяле.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: court.gov.by

Законапраект пра змены ў Падатковы кодэкс быў апублікаваны на Pravo.by. Яго распрацоўкай займаўся Савет Міністраў. Дакумент ужо ўнесены ў Палату прадстаўнікоў. Якія ж падаткі вырастуць у выпадку яго прыняцця?

Падатковыя стаўкі растуць

Законапраект прапаноўвае ўзняць прыблізна на 7 % стаўкі адпрыбытковага падатку з фізічных асобаў, якія здаюць жылыя і нежылыя памяшканні. У Менску яны могуць вырасці з Br 43,90 да Br 47 за месяц, у абласных цэнтрах і Менскім раёне – з Br 41,20 да Br 44, а ў буйных райцэнтрах – з Br 27 да Br 29 (рост на 7,4 %). У рэшце гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу замест Br 19,80 трэба будзе плаціць Br 21. Для іншых паселішчаў стаўка вырасце з Br 14,20 да Br 15.

Прыкладна на 7,5 % у большасці выпадкаў плануецца павысіць стаўкі адзінага падатку. Гэтак, відэааператарам давядзецца заплаціць Br 565 (цяпер Br 526) за месяц, музыкам, акторам ці вясельным маршалкам – Br 557 (цяпер Br 518), а тым, хто прадае кацянятаў і шчанюкоў – Br 101 (цяпер Br 94). Для прадстаўнікоў б’юці-сферы падатак мае павялічыцца з Br 339 да Br 364.

Павышаецца і стаўкі збору з аграсядзібаў (з Br 37 да Br 40) і з рамеснікаў (з Br 6 да Br 6,5) – больш як на 8 %.

Багаты? Плаці больш

Асобныя сюрпрызы прапанаваныя для тых, хто шмат зарабляе. Іх будуць «раскулачваць» на падставе дыферэнцыяванай стаўкі адпрыбытковага падатку ў залежнасці ад памеру даходаў. Гэтак, індывідуальным прадпрымальнікам, калі ў падатковым перыядзе іх даходы перавысяць Br 500 тысяч, давядзецца заплаціць 30 % падатку, а не 20 %, як звычайна.

Калі ж сукупны памер даходаў і (або) валавой выручкі цягам каляндарнага года перавысіць Br 500 тысяч, ІП больш не зможа займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю без утварэння юрыдычнай асобы.

Таксама і фізічным асобам, калі сума іх даходаў у падатковым перыядзе будзе большай за Br 200 тысячаў, з сумы перавышэння трэба будзе заплаціць адпрыбытковы падатак паводле стаўкі 25 %, тады як звычайная яго стаўка – 13 %.

Чакаецца і павышэнне транспартавага падатку. У тым ліку для транспартавых сродкаў, «з выпуску якіх прайшло не больш за тры гады, уключаных у пералік транспартавых сродкаў павышанай камфортнасці, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, транспартны падатак, уключаючы авансавыя плацяжы, вылічаецца паводле ставак, павялічаных у дзесяць (!) разоў».

Для беларускіх арганізацыяў, у якіх у бягучым падатковым перыядзе падатковая база падатку на прыбытак перавысіла Br 25 мільёнаў, стаўка падатку на прыбытак замест цяперашніх 20 % усталйўваецца памерам 25 % цягам усяго падатковага перыяду.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Прыбытак ад рэалізацыі тавараў уласнай вытворчасці, уключаных у пералік высокатэхналагічных тавараў ад Саўміну, які абкладаўся раней падаткам 5 %, цяпер будзе абкладацца падаткам 10 %.

Што яшчэ новага

Спрошчаная сістэма падаткаабкладання не зведала сурʼёзных зменаў, але павялічыліся крытэры яе ўжывання і пераходу. Апроч таго, у законапраекце прапісанае новае паняцце – адзіны маёмасны плацеж, што ўключае агульную суму падатку на нерухомасць, зямельнага падатку і транспартавага падатку для фізічных асобаў.

Уносяцца змяненні і ў падатковыя вылікі, што дазваляюць зменшыць сумы падаткаў. Гэтак, калі заробак на поўную стаўку не перавышае Br 1054, то Br 174 з яго не будуць абкладацца падаткам. Цяпер гэта Br 944 і Br 156 адпаведна. А стандартны падатковы вылік на дзіця да 18 гадоў і ўтрыманцаў складзе Br 51 у месяц замест цяперашніх Br 46.

Дадаткова плануецца ўвесці падатковы вылік для маладых спецыялістаў памерам Br 620 у месяц. Яго будуць надаваць у час размеркавання, але не больш як на сем гадоў з даты працаўладкавання. Таксама павялічацца памеры гадавых межаў для даходаў фізічных асобаў, што вызваляюцца ад падаткаабкладання (прызоў, падарункаў, спонсарскай дапамогі ды іншага). Цікава, што да пераліку такіх даходаў прапануецца дадаць даходы, атрыманыя ад перадачы арэнднага жылля на бязвыплатнай аснове вайскоўцам і іншым сілавікам, акрамя курсантаў і тых, хто праходзіць тэрміновую службу.

Пры гэтым прыпыняецца да 1 студзеня 2027 года льгота на зямельны падатак на зямельныя надзелы, дзе з аднаўляльных крыніцаў вырабляецца або акумулюецца электраэнергія, або дзе плануецца будаўніцтва ці рэканструкцыя такіх абʼектаў.

Акрамя таго, падатковыя органы змогуць блакаваць маркетплэйсы, калі выявіцца іх запазычанасць перад бюджэтам.

Змяняецца сама сутнасць падатковай сістэмы

Блогер і прадпрымальнік, вядоўца праграмы «Атмасфера» Аляксандр Кныровіч у каментары «Белсату» вылучыў у новых зменах Падатковага кодэксу дзве з’явы. Першая – гэта змены, выкліканыя выключна інфляцыяй і датычныя простага павышэння ставак у рублях.

«Гэта змены, якія ўкладаюцца ў 6 % – 10 %. Гэта толькі рэакцыя на сапраўдную інфляцыю, а не на тыя 3 %, пра якія піша Белстат. У гэтым няма ніякай іншай мэты», – адзначыў прадпрымальнік.

Тым часам, кажа Кныровіч, сур’ёзныя змены рыхтуюцца адносна «падаткаў на багатых»:

«У нас вельмі істотна змяняецца сама сутнасць нашай падатковай сістэмы. Раней мы жылі ў вельмі камфортных умовах, якія былі цалкам зразумелымі для нашай эканомікі. Гэта плоская шкала падаткаў, калі для ўсіх падатак на прыбытак быў 13 %, а для юрасобаў – 20 %. Гэта якраз тое, што патрэбнае для эканомікі, якая застаецца на такім нізкім узроўні развіцця і якой трэба стымуляваць эканамічны рост», – заявіў Кныровіч.

Ён дадаў, што ў Беларусі няма шмат асобаў, якія б атрымоўвалі больш як Br 200 тысячаў за год – «не ведаю, з якой лупай трэба пашукаць тых, хто атрымоўвае гэтыя грошы». Сам пераход на градацыю ставак паводле ўзроўню даходаў суразмоўца лічыць істотным змяненнем падатковай сістэмы.

«Гэта змена ў мысленні нашых падатковых чыноўнікаў», – заявіў Кныровіч, нагадаўшы, што гэта закранае як фізічных асобаў, гэтак і ІП, самазанятых і юрыдычных асобаў.

Саму ж ідэю забіраць 30 % даходаў, калі яны перавышаюць Br 500 тысячаў, назваў «не інакш як разбоем». Гэта, на яго думку, для прадпрымальнікаў значыць проста закрэсліць сваю дзейнасць, «бо хто ж будзе плаціць гэтыя падаткі».

Каментар
«Прагнозы пераходзяць у праграмы, праграмы – у планы». Эканаміст пра тое, як рэжым будзе нарошчваць ВУП
2023.10.09 08:00

Што датычыць зменаў у падаткаабкладанні юрасобаў (25 % падатку пры даходах больш як Br 25 мільёнаў), то раней гэта ўжо было апрабаванае на мабільных аператарах.

«Дзяржава вырашыла, што так можна з усімі», – мяркуе прадпрымальнік.

На ягоную думку, такіх прыватных кампаніяў у Беларусі, чые даходы перавышаюць Br 25 мільёнаў, некалькі дзясяткаў. Дзяржаўныя ж прадпрыемствы «заўсёды жывуць у асаблівым асяроддзі», і калі з іх будуць забіраць 25 % падатку, то яны ўсё адно ў адказ атрымаюць ад дзяржавы дадатковыя бонусы.

«А вось для прыватных кампаніяў гэта мае значэнне», – сказаў Кныровіч.

Навошта гэта і што яно дасць

Прычыны гэтых новаўвядзенняў суразмоўца бачыць у адсутнасці грошай у бюджэце і ў «вельмі сумнеўных» планах уладаў на 2024 год.

«Яны бачаць, што бюджэт на наступны год цалкам нерэалістычны. Таму гэта спробы хоць нешта з іншых крыніц атрымаць», – адзначыў прадпрымальнік.

На ягоную думку, у падатковым ведамстве мусілі прапаноўваць узняць падаткі для ўсіх катэгорыяў платнікаў на 1 % – 2 %, але вырашана было гэтага не рабіць, «каб не атрымаць сацыяльнага выбуху перад наступнымі быццам выбарамі». Таму запланавалі «паспрабаваць абскубці багацеяў».

Паколькі ж «багацеяў» у Беларусі не вельмі шмат, Кныровіч не чакае добрага эфекту ад гэтых захадаў. Але, на яго думку, чыноўнікі змогуць «адчытацца», што нешта зрабілі. І хоць яны проста ствараюць «ілюзію нейкай працы», некаторым фізічным і юрыдычным асобам стане яшчэ больш нязручна жыць і працаваць у Беларусі, падсумаваў Кныровіч.

Аналітыка
Прапаганда раіць ІП не рвацца па прыбытак. Якія змены чакаюць прадпрымальнікаў у Беларусі
2023.09.29 10:00

Макар Мыш belsat.eu