Zerkalo.io: у Івацэвічах затрымалі п'янага расейскага вайскоўца


Журналісты высветлілі новыя падрабязнасці інцыдэнту ў Івацэвічах, дзе затрымалі двух мужчынаў, якія падарожнічалі на аўтамабілі з расейскімі нумарамі і Z-налепкай.

Адзін з затрыманых расейцаў назваўся Аляксандрам Леанідавічам Быкавым. Выданне Zerkalo.io знайшло ў сацыяльных сетках вельмі падобнага чалавека з такім імем, прозвішчам і імем па бацьку. Яму 41 год, ён з Санкт-Пецярбурга.

28 красавіка 2023 года Аляксандр Быкаў падпісаў кантракт з расейскім Міністэрства абароны аб праходжанні вайсковай службы тэрмінам на 2 гады. Пасля гэтага Быкава залічылі ў 283-ці полк 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі. Гэтае злучэнне ўваходзіць у склад 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Заходняй вайсковай акругі.

20-я армія таксама ўваходзіць у склад рэгіянальнай беларуска-расійскай групоўкі войскаў. Імаверна, падраздзяленне Аляксандра Быкава знаходзіцца непадалёк ад Івацэвічаў, на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне. Там праходзяць навучанне расейскія вайскоўцы, якіх потым накіроўваюць на фронт ва Украіну.

Аналітыка
Чаму расейскія вайскоўцы ездзяць паміж Беларуссю і РФ?
2023.01.13 18:00

Нагадаем, інцыдэнт з затрыманнем двух мужчынаў, якія падарожнічалі на аўтамабілі з расейскімі нумарамі і Z-налепкай, здарыўся 17 чэрвеня вечарам ля крамы «Санта» на Дэпутацкай вуліцы ў Івацэвічах. Адзін з іх крычаў: «Мяне казлом абазвалі беларусы! А я расеец б…!» Што сталася прычынаю затрымання, пакуль не вядома. Міліцыя сітуацыю не каментавала.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў