Перапродаж рэчаў з мас-маркету і аб'юз: свецкая хроніка, якую мы заслужылі (не)

Часам я праглядаю розныя эмігранцкія супольнасці ў сацсетках – і для граматыкі жыцця карысна, і пасмяяцца ёсць магчымасць ад душы. Так, напрыклад, адна асоба нядаўна знервавалася праз тое, што пасля паходу ў ветэрынарную клініку ёй не аддалі яечкі яе ката, і пыталася юрыдычнай парады з гэтай нагоды – на каго скардзіцца і на які пункт закону спасылацца, бо кот – яе, а значыць, адрэзаныя яечкі – таксама яе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калаж з фота: 10motifs / Instagram

Так, пасярод аб’яў пра яечкі ката ды іншыя цікавыя рэчы я ўбачыла тэкст ад нейкага мужчыны, які скардзіўся: яго падманула былая партнёрка, «адціснула» ягоны бізнес і таму цяпер ён просіць дыяспару ў Нямеччыне набыць ледзь не за сотню еўра яго брэндавую цяльняшку з сэрцайкам, каб ён змог купіць ежы і аплаціць жыллё. Я не звярнула асаблівай увагі на гэты пост і чытала яго праз радок – было занадта брыдка. Ну не склаўся ў цябе бізнес – ідзі і рабі новы, а не палівай брудам сваю былую дзяўчыну і не капіюй яе ідэю з гэтым дурнаватым сэрцайкам. Было незразумела, чаму гэты мужчына ў посце апеляваў да пратэстаў і чаму людзі павінны падтрымліваць ягоны бізнес, а не, напрыклад, данат наўпрост на палітвязняў або падтрымліваць арыгінальныя, складаныя дызайнерскія працы. Ды добра, эстэтыку сэрцайка пакінем у баку, пра густы не спрачаюцца (але пра падобны густа я была б цалкам гатовая).

Праз некалькі месяцаў я выяўляю матэрыял на «Нашай Ніве», які, быццам бы, ставіць мэтай праліць святло на тое, што адбываецца, але насамрэч яшчэ больш усё заблытвае.

Сутнасць гісторыі – узаемныя абвінавачванні саўладальнікаў брэнда адзення 10 motifs. Заснавальніца маркі Аляксандра Жук заявіла аб абʼюзіўных адносінах з былым партнёрам Паўлам Філіповічам. Ён у сваю чаргу, у адплату, расказаў у сацыяльных сетках дэталі аб бізнесе, якія негатыўна адбіліся на рэпутацыі брэнда.

Вядома ж, па-журналісцку гэта так і трэба: намагацца заставацца ў баку, даваць магчымасць выказацца абодвум і дазволіць чытачу па іншы бок манітора знайсці сваю праўду дзесьці пасярэдзіне. Але ці дакладна гэта этычна? Бо выданне, па сутнасці, прадставіла сваю пляцоўку для выказванняў абʼюзера, дзе ён спрытна спрабуе прадставіць аргументы, чаму кантраляваць банкаўскія рахункі сваёй былой партнёркі, пераследаваць яе ці запісваць іх размовы на дыктафон, а пасля дэманстраваць староннім людзям – гэта нібыта «окай». Напэўна, «Наша Ніва» вырашыла, што складаныя і падобныя адна да адной навіны пра вайну і турму варта прарадзіць свецкай хронікай. А на бязрыбʼі, як той казаў, і сэрцайка…

Мне вельмі шкада, што два чалавекі, якія сустрэліся калісьці ля муроў СІЗА падчас валанцёрства, цяпер увязаныя ў скандалы і з пераменным поспехам спрабуюць наладзіць свой бізнес ды захаваць рэпутацыю. Я не ведаю, як шмат рэчаў абодвух гэтых брэндаў на самай справе былі набытыя ў мас-маркеце, а пасля на іх прыляпілі хэнд-мэйд сэрцайка і перапрадалі за адносна вялікія грошы, але цалкам дапускаю, што шмат. Усё гэта ўсё роўна. Самае істотнае, на мой погляд, што мы можам вынесці з гэтай гісторыі – гэта нагадаць сабе і сваім родным, што сітуацыя хатняга абʼюзу або гвалту – гэта ненармальна. Хатні гвалт, паводле вызначэння ААН, гэта шаблон паводзінаў у адносінах, які ўжываецца, каб атрымаць або ўтрымаць кантроль і ўладу над інтымным партнёрам або партнёркай. Абʼюз здараецца фізічны, сексуальны, эмацыйны, эканамічны або псіхалагічны. Да яго адносяцца любыя паводзіны, накіраваныя, каб запалохаць, маніпуляваць, прычыніць боль, зняважыць, абвінаваціць або траўмаваць каго-небудзь. Аб’юз можа адбывацца ў межах розных адносінаў, у тым ліку ў парах, якія знаходзяцца ў шлюбе, жывуць разам ці сустракаюцца.

Калі вы апынуліся ў становішчы хатняга гвалту – ведайце, што вы не адна і вы не адзін, ёсць людзі і арганізацыі, гатовыя бескаштоўна дапамагчы вам псіхалагічнай альбо юрыдычнай кансультацыяй, каб прыняць правільнае рашэнне, напрыклад, «Оливия», «Яна/ёй» ці «Справка».

Віка Біран / Авер belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў