Генерал ЗША: Лукашэнка робіць усё, каб пазбегнуць пераходу Беларусі пад кантроль Расеі


Аляксандр Лукашэнка імкнецца пазбегнуць поўнага адыходу Беларусі пад кантроль Расеі, так нечакана лічыць Бэн Годжэз, генерал-лейтэнант арміі ЗША ў адстаўцы. Амерыканскі трохзоркавы генерал гаворыць, што ў Беларусі ніколі не было варожасці да Украіны. Былы вайсковец агучвае ўласнае меркаванне наконт таго, ці падтрымае Захад беларусаў ва ўзброеным вызваленні ад рэжыму Лукашэнкі. Падрабязнасці ў інтэрв’ю з былым камандуючым сіламі ЗША ў Еўропе, якое запісаў Сяргей Пеляса.

Сяргей Пеляс: Пра Беларусь не так шмат навінаў апошнія тыдні ў заходніх медыях. У Беларусі амаль не засталося вагнэраўцаў. Мы не маем пэўнасці адносна ядравых боегаловак у Беларусі, насуперак таму, што пра тое кажа Лукашэнка. Гэта добра ці дрэнна, што больш няма размоваў пра новы наступ на Украіну з тэрыторыі Беларусі? Што вы пра гэта думаеце?

Бэн Годжэз: Нядобра для беларускага народу, што працягваецца ціск на ўрад Лукашэнкі, але я заўсёды думаў, што Беларусь ніколі насамрэч не збіралася далучыцца да гэтага канфлікту актыўна. Мы размаўлялі пра гэта некалькі разоў, і я не магу гэтага ведаць, але мне здаецца, што Лукашэнка робіць усё, каб пазбегнуць поўнага пераходу Беларусі пад кантроль Расеі.

У Беларусі ніколі не было традыцыйнай варожасці да Украіны. Вы ведаеце, што беларускае войска зазнала б вялізарныя страты, каб яму давялося ваяваць. Таму я не ўпэўнены, што яны насамрэч хочуць ваяваць. Калі выказвацца больш сцісла, я думаю, што гэта добра: што ёсць, як ёсць, і няма дадатковага ціску на Украіну.

Інтэрв’ю
Майкл Козак: Беларусы маюць вельмі моцную нацыянальную ідэнтычнасць
2023.10.16 21:31

З гледзішча амерыканскага генерала, ці варта нам рыхтавацца да доўгай барацьбы, я маю на ўвазе дарогу, якую трэба прайсці, каб вызваліць Беларусь у наступныя гады? А, можа, нашая сітуацыя цалкам залежыць ад патэнцыйнай расейскай паразы ў вайне ў бліжэйшыя гады?

Безумоўна, апазіцыя ў Беларусі і па-за яе межамі павінна вырашыць, калі для іх будзе адпаведны момант, каб паспрабаваць узяць уладу ва ўласнай краіне. Гэта рашэнне, якое могуць прыняць толькі яны. Можна сабе ўявіць, што калі Украіна пераможа Расею ў вайне, патэнцыйна гэта выкліча калапс пуцінскага рэжыму. Я гэтага не ведаю, але думаю, што ён будзе даволі крохкім, – гэта будзе адпаведны момант, каб увайсці ў Беларусь, бо Расеі будзе не да таго. Калі паглядзець на гэта з іншага боку, каб гэта адбылося цяпер, Крэмль паўстаў бы перад складанай дылемай. Але гэта выглядала б так, што гэта ўкраінская правакацыя, што дало б Лукашэнку падставы і матывацыю актыўна ўключыцца ў вайну. Таму я не ведаю адказу, проста спрабую разгледзець розныя варыянты. Урэшце, гэта справа апазіцыі і яе лідараў, якія цяпер у Беларусі і па-за яе межамі, – які час абраць. Але я не магу ўявіць, каб гэта запатрабавала доўгіх гадоў. Беларусь усё болей і болей адстае ад Захаду, пакуль гэта ўсё працягваецца.

Два апошнія пытанні пра Беларусь. Мы, беларусы, разумеем, што ЗША і іх хаўруснікі імкнуцца ўтрымаць гэты канфлікт у межах Украіны, каб ён не распаўсюдзіўся на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Румыніі ды іншых. Калі гэта так, ці павінны мы разлічваць выключна на ўласныя сілы? Я маю на ўвазе, што сотні беларусаў змагаюцца ва Украіне супраць расейскай агрэсіі, сотні трэнуюцца ў шэрагах парамілітарных арганізацыяў у розных краінах Еўразвязу. І калі б мы вырашылі сілай зрынуць гэты незаконны рэжым у будучыні, пасля расейскай паразы, ці маглі б мы разлічваць на падтрыманне заходніх партнёраў? Я не маю на ўвазе вайсковае падтрыманне – хутчэй, палітычнае. Яны маглі б заявіць: так, гэта ок. Або – не. Ці нам не разліваць на падтрыманне, а выключна на ўласныя сілы, бо Захад будзе імкнуцца любым коштам не дапусціць распаўсюджвання канфлікту?

 Я не думаю, што нейкая іншая дзяржава ў гэта ўмяшаецца і дапаможа. Зразумела, ёсць прылеглыя краіны, але ў іх будуць зусім іншыя інтарэсы, і яны будуць занепакоеныя іншымі рэчамі – напрыклад, уцекачамі, усімі магчымымі відамі пашкоджанняў. Я думаю, што цяпер усе занятыя Украінай. Але я думаю таксама, што найбліжэйшыя краіны будуць турбавацца, напрыклад, за Астравецкую АЭС, за яе бяспеку.

Hавiны
Расея задумала ўзарваць ядравую бомбу? Разглядае адмову ад забароны на ядравыя выпрабаванні
2023.10.17 15:54

Гэта бомба запаволенага дзеяння. Апошняе пытанне: ці гэта тэхнічна магчыма, пакрыёма завезці ў Беларусь тактычныя ядравыя боегалоўкі? Альбо амерыканская выведка ў стане заўважць іх – напрыклад, з космасу?

Я б моцна здзівіўся, каб Расея здолела перадыслакаваць у Беларусь тактычную ядравую зброю разам з усім, што на гэта патрэбна. Я не скажу, што такога ў прынцыпе не можа здарыцца, але я спадзяюся і чакаю, што нашыя службы выведкі ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Польшчы, Украіне пільна за гэтым назіраюць. Я не сцвярджаю, што гэта немагчыма, але скажу, што гэта малаімаверна.

Фота: Andrej Klizan / Zuma Press / Forum

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 12.10.2023

belsat.eu

Стужка навінаў