На гадавіну са дня заснавання страйкаму «Беларуськалію» быў затрыманы Алег Кудзёлка, які ў верасні мінулага года адмовіўся падымацца на паверхню з шахты на знак пратэсту, паведамляе «Новы Час».
17 жніўня Кудзёлка прыйшоў у ДАІ, каб памяняць пасведчанне кіроўцы, дзе яго і затрымалі. Родныя Алега спрабуюць атрымаць інфармацыю, але міліцыянты не называюць канкрэтнай прычыны затрымання.
Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманне звязанае з адміністратыўнай справай.
Нагадаем, што ў верасні мінулага года пасля начной змены ў шахце чацвёртага рудаўпраўлення работнік «Беларуськалію» Алег Кудзёлка не выйшаў на паверхню на знак пратэсту і абвесціў бестэрміновы страйк. Тады да шахцёра спусцілася адміністрацыя і горнаратаўнікі. Алег пабаяўся прымянення фізічнай сілы, таму самастойна выйшаў на паверхню.
АД, belsat.eu