Святлана Ціханоўская: Нашая мэта – сяброўства ў Радзе Еўропы


Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у саміце Рады Еўропы, які праходзіў 16–17 траўня ў сталіцы Ісландыі Рэйк’явіку. Адтуль яна звярнулася да беларусаў, каб расказаць аб выніках свайго візіту.

Святлана Ціханоўская на саміце Рады Еўропы. 16 траўня 2023 года, Рэйк’явік, Ісландыя
Фота: tsikhanouskaya.org

«Вялікі гонар прадстаўляць Беларусь і беларусаў на саміце Рады Еўропы тут, у Рэйк’явіку, – такімі словамі пачала свой зварот Святлана Ціханоўская. – Гэта сапраўды гістарычная падзея для нашага кантыненту. Упершыню тут, у Радзе Еўропы, Беларусь мае свой голас».

Дэмакратычная лідарка падкрэсліла, што «тут і цяпер» Беларусь пачынае свой шлях да ўступлення ў Раду Еўропы. На яе думку, гэта зойме шмат часу. Але каб атрымаць паўнацэннае сяброўства, трэба «вярнуць у Беларусь дэмакратыю, адмяніць смяротнае пакаранне, правесці рэформу заканадаўства».

«Мы гэта ўсё зробім. Нашая мэта – сяброўства ў Радзе Еўропы», – сцвярджае Святлана Ціханоўская.

Паводле яе словаў, гэта дасць беларусам доступ да міжнародных прававых механізмаў, дзякуючы гэтаму беларусы змогуць абараніць свае правы ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека, карыстацца ведамі найлепшых еўрапейскіх экспертаў, унікальным досведам Венецыянскай Камісіі.

Святлана Ціханоўская таксама паведаміла пра запуск працы кантактнай групы паміж Радай Еўропы і дэмакратычнай супольнасцю Беларусі. Праца кантактнай групы ўжо дае магчымасць рэалізоўваць канкрэтныя праекты па дапамозе беларускім журналістам, праваабаронцам, моладзі, падрыхтоўцы рэформаў для новай Беларусі.

«У выніку гэтага Саміту быў прыняты гістарычны дакумент, які вызначыць стратэгію Рады Еўропы на наступныя гады, – адзначае Святлана Ціханоўская. – У выніковай рэзалюцыі згаданая і Беларусь, і нашая супраца ў межах кантактнай групы. У выніковых дакументах згаданая і злачынная роля рэжыму Лукашэнкі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і вайне супраць Украіны. Гэта дазволіць нам прыцягнуць Лукашэнку і ўсіх яго памагатых да адказнасці».

Таксама дэмакратычная лідарка адзначыла, што правяла шэраг сустрэчаў з кіраўніцтвам Еўрапейскага Саюзу, сустрэлася з лідарамі Польшчы, Чэхіі, Нідэрландаў, Партугаліі і многіх іншых краінаў. Падчас гэтых сустрэч яна змагла расказаць «пра драматычную сітуацыю з палітвязнямі, пра недапушчальнасць размяшчэння ядравай зброі, прыцягненне вінаватых да адказнасці.

«Я гаварыла пра тое, што незалежнасць Беларусі пад пагрозай, і нам патрэбная дапамога Рады Еўропы, каб не дапусціць яе паглынання Расеяй. Беларусь – гэта Еўропа, і наша месца – у Радзе Еўропы», – такімі словамі завершыла свой зварот Святлана Ціханоўская.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў