Прэзідэнт Турцыі: Зерневая ўгода працягнутая на два месяцы


Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган паведаміў у сваім «Твітары» аб тым, што зерневая ўгода будзе працягнута яшчэ на два месяцы.

Фота мае ілюстрацыйны характар
Фота: Сельхуда / Белсат

У сваім паведамленні прэзідэнт Турцыі выказаў падзяку прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі і Украіны: Уладзіміру Пуціну за «шчырую падтрымку нашых намаганняў у гэтым працэсе», а Уладзіміру Зяленскаму – «за канструктыўнае супрацоўніцтва».

«Мы працягнем нашы намаганні, каб усе ўмовы пагаднення выконваліся і працягваліся ў наступным перыядзе. Акрамя таго, нашы расейскія сябры заявілі, што не будуць чыніць перашкод выхаду турэцкіх суднаў з партоў Мікалаева і Ольвія. Мы ўдзячныя ім за гэта», – адзначыў Рэджэп Эрдаган.

Таксама прэзідэнт Турцыі выказаў пажаданне, каб гэтае рашэнне, «якое мае жыццёва важнае значэнне для бесперапыннай працы глабальных ланцужкоў паставак прадуктаў харчавання», было карысным для ўсіх бакоў.

Працяг угоды пацвердзілі ў Кіеве. У сваім акаўнце ў Facebook пра гэта напісаў міністр развіцця абшчын, тэрыторый і інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў. Ён адзначыў, што свет працягне атрымліваць украінскую прадукцыю, «дзякуючы намаганням нашых партнёраў па дамове – Турцыі і ААН».

«Мы ўдзячныя партнёрам за іх непахісную і мэтанакіраваную пазіцыю, каб пагадненне працягвала працаваць і на тых умовах, якія падпісалі ўсе бакі. Адзначу, што ініцыятыва «Збожжа» дзейнічала і дзейнічае, бо ў сакавіку яна была прадоўжана на 120 дзён – да 18 ліпеня», – напісаў Кубракоў.

Міністэрства замежных справаў Расейскай Федэрацыі таксама пацвердзіла інфармацыю аб працягненні ўгоды. Пры гэтым прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава заклікала максімальна хутка выправіць «перакосы» ў выкананні мемарандуму Расея – ААН па вывазе расейскага харчавання і ўгнаенняў.

Для працягнення ўгоды расейскі бок называў некалькі ўмоваў: перападключэнне да сістэмы SWIFT Расейскага сельскагаспадарчага банка, узнаўленне паставак сельскагаспадарчай тэхнікі ў Расею, разблакаванне замежных актываў расейскіх кампаній, звязаных з вытворчасцю, адмена абмежаванняў на страхаванне і перастрахаванне, а таксама ўзнаўленне працы аміякаправода «Тальяці – Адэса». На дадзены момант аб выкананні гэтых умоваў нічога невядома.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў