Праект Gulagu.net апублікаваў інтэрв’ю з двума былымі зняволенымі, якіх завербавалі з калоніяў у ПВК Вагнэра. Яны на працягу тыдня давалі паказанні заснавальніку праекту Уладзіміру Асечкіну і раскрылі жудасныя падрабязнасці расстрэлу больш як 20 украінскіх дзяцей і падлеткаў, паведамілі пра «зачысткі» жылых дамоў з забойствам усіх, у тым ліку дзяцей, і падрыў ямы з больш як 50 параненымі палоннымі і «500-мі» (тыя, хто вырашыў пакінуць вайну і адмовіўся выконваць загады забіваць украінцаў).
Паказанні далі былы асуджаны з ВК-13 УФСВП Расеі ў Саратаўскай вобласці Азамат Улдараў і былы асуджаны з ВК-1 УФСВП Расеі ў Варонежскай вобласці Аляксей Савічаў, якіх завербаваў у ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын і памілаванне якім падпісаў асабіста Уладзімір Пуцін на пачатку верасня 2022 года. Цяпер абодва вайскоўцы ў Расеі.
«Яшчэ раз – без саўдзелу Пуціна і Прыгожына гэтыя асобы адбывалі б тэрмін пазбаўлення волі ў калоніях ФСВП, але замест гэтага расейскія ўлады адправілі іх на вайну, папярэдне навучыўшы забіваць іншых людзей», – адзначаюць у праекце Gulagu.net.
Гэтыя людзі расказалі пра канкрэтныя месцы і спосабы забойства, імёны і пазыўныя тых, хто аддаваў загады расстрэльваць і чыніць іншыя ваенныч злачынствы, у тым ліку ў дачыненні расейскіх вайскоўцаў.
У інтэрв’ю Аляксей Савічаў згадаў адзін з выпадкаў масавага знішчэння людзей у Бахмуце, уключаючы таварышаў са службы:
«У рове чалавек шэсцьдзесят дакладна было. Людзі дыхалі, крыкаў не было. Мне быў загад: прыйсці, падарваць і падпаліць. Я ж не буду глядзець, колькі там чалавек дыхала, колькі было жывых. Я проста пабачыў там сваіх, даклаў камандзіру, ён мне сказаў, што гэта ўжо не нашыя. Я проста выканаў загад. Гэта было 19–20 студзеня, таму што 23 студзеня мяне ўжо параніла».
Для гэтага ён выкарыстаў каля 30 гранатаў. Затым целы былі спаленыя.
Таксама ён распавёў, як пасля лютаўскага абмену палоннымі расейскія вайскоўцы загадалі «ўсіх, каму 15 гадоў і больш, – расстрэльваць без словаў». З 15-гадовых палонных было расстраляна каля 20 чалавек, распавёў Савічаў.
З ягоных словаў, за невыкананне загадаў, у тым ліку расстрэлу мірных жыхароў, расейскіх вайскоўцаў каралі такім жа расстрэлам. Ён дадаў, што праз гэта пры ім былі расстраляныя 70 былых зняволеных, з якіх ён ведаў васьмярых і назваў іхныя пазыўныя. Гэта адбылося ў снежні 2022 года ў Салядары. Таксама каралі і за сувязі з журналістамі. Савічаў дадаў, што ПВК Вагнэра палонных не бяруць.
Іншы вайсковец Азамат Улдараў распавёў, што яму і ягоным атрадам давалі загад «зачысціць і знішчыць усіх» у Салядары. У раёне гэтага гораду высадзіліся каля 150 наймітаў.
«Мы ішлі і забівалі ўсіх. Былі жанчыны, мужчыны, пенсіянеры, дзеці. Ты разумееш, што цяпер на гэтых руках? Яна віскоча, яна маленькае дзіця, разумееш. Ёй пяць-шэсць гадоў, а я стрэліў, ты разумееш, кантрольны. Была каманда зачысціць усіх», – згадвае Улдараў.
«Калі я зайшоў у падвал, там былі дзеці, і мне была каманда не выпусціць нікога. Я выканаў каманду. Я паклаў там усіх са сваёй групай, мы ўсіх пакінулі там. Дзяцей было каля 40, агулам чалавек 300–400. Я даў каманду на знішчэнне ўсіх. Гэта быў вялікі дом, дзевяціпавярхоўка і цэлы падвал, а таксама першы і другі паверхі былі забітыя людзьмі і замінаваныя. Я даў каманду: абнуліць усіх», – распавядае Улдараў. Паводле ягоных словаў, гэта адбылося 18 сакавіка ў Бахмуце.
Таксама ён распавёў пра мноства пакаранняў смерцю, якія адбываліся з дапамогай нажа і кувалды – са словаў Улдарава, гэта любімыя інструменты Яўгена Прыгожына, і ён дадаў, што загад «знішчыць усіх» аддаваў у тым ліку Прыгожын. «Мы пуцінская каманда», – адзначыў вайсковец.
Улдараў прыгадаў, што так пры ім было пакарана смерцю больш за 20 чалавек, большасць з якіх «чвкшнікі». Ён таксама адзначыў, што забойства Яўгена Нужына, які ўцёк, – праўда, але яго пакаралі смерцю да ўдзелу Улдарава ў баявых дзеяннях.
Баец распавёў, што падчас ягонай службы целаў загінулых расейскіх вайскоўцаў не маглі вызначыць і вывозілі пустыя труны, а затым перадавалі маці, хаця ў трунах нікога не было.
Цяпер Улдараў дома ў Саратаве, ён жадае вярнуцца на вайну, але ўжо ад Міністэрства абароны РФ: «Так, я хачу туды з’ехаць».
Алена Рувіна belsat.eu