З 1 чэрвеня сёлета для кіроўцаў, якія перасякаюць мяжу з краінамі Еўразвязу, паўстае праблема страхавання машыны. Звыклая і зручная страхоўка «Зялёная карта» для беларусаў перастане дзейнічаць. Аўтаўладальніку цяпер трэба будзе набываць страхоўку на мяжы.
Яшчэ летась Бюро аўтастрахавальнікаў Польшчы заявіла пра скасаванне двухбаковых пагадненняў з Беларуссю і Расеяй у справе прызнання сістэмы страхавання «Зялёная карта». З 31 траўня сёлета ад 23:59 паводле сярэднееўрапейскага часу дамовы будуць ануляваныя. Такім чынам краіны Захаду адрэагавалі на расейскую агрэсію ва Украіне і на саўдзел Беларусі ў гэтай вайне.
Пакуль што «Зялёная карта» для ўласнікаў легкавых аўтамабіляў ў Беларусі тэрмінам на 15 дзён дасяжная. Яе кошт складае 30 еўраў.
Пагадненне аб «Зялёнай карце» ў краінах Еўропы набыло моц 1 студзеня 1953 года. Паводле дамовы, страхоўка аўтамабіляў ёсць сапраўднай на тэрыторыі краін – удзельніц пагаднення. Цяпер у дамове супрацоўнічаюць 50 краінаў, але неўзабаве на дзве краіны стане менш.
«Зялёная карта» забяспечвае для кіроўцы ў выпадку ДТЗ кампенсаванне шкоды. Дзеля гэтага няма неабходнасці наведваць офісы замежных страхавых кампаніяў. Усе выплаты і справы адбываюцца ў роднай краіне пацярпелага кіроўцы. Адпаведна на граніцы памежнікі кантралююць наяўнасць актуальнай дамовы страхавання, якая абавязковая. У выпадку адсутнасці «Зялёнай карты» памежнікі могуць не пусціць кіроўцу на тэрыторыю сваёй краіны.
Летась, пасля таго, як стала вядома, што Беларусь больш не будзе краінай – сябрам дамовы аб «Зялёнай карце», не было зразумела, якім чынам будзе праходзіць перасячэнне мяжы і якія альтэрнатывы ствараюцца для кіроўцаў. Тады з боку беларускіх аўтаўласнікаў гучалі меркаванні, што пакуль рана непакоіцца пра гэта. Маўляў, з часам усё стане вядома. Некаторыя выказвалі меркаванне, што адбудзецца вяртанне ў мінулае.
Беларусь далучылася да сістэмы «Зялёнай карты» ў 2007 годзе. Да гэтага часу кіроўцы мусілі набываць страхаванне на машыну непасрэдна на мяжы. Вядома, гэта стварала дадатковыя складанасці, паколькі расла колькасць адміністратыўных працэдураў на памежным пераходзе. Неабходна чакаць на дакумент у дадатковым акенцы. Да таго ж у выпадку ДТЗ, каб атрымаць кампенсаванне шкоды, даводзілася заставацца некаторы час у краіне, дзе адбылася аварыя, трэба было чакаць і спадзявацца на атрыманне кампенсавання.
Цяпер жа ў пэўным сэнсе адбудзецца вяртанне ў мінулае.
«З 1 чэрвеня 2023 года кіроўцы транспартных сродкаў з польскімі рэгістрацыйнымі знакамі, якія перасякаюць мяжу з Беларуссю і Расеяй, павінны будуць набываць памежную страхоўку. І наадварот, кіроўцам з Расеі і Беларусі давядзецца набываць памежную страхоўку ў Польшчы», – распавёў кіраўнік Бюро аўтастрахавальнікаў Польшчы Мар’юш Віхтоўскі.
На памежных пераходах неўзабаве маюць зʼявіцца дадатковыя акенцы страхавых кампаніяў. Польскія медыі паведамляюць, што як правіла, пункты страхавання будуць працаваць 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень.
Акрамя гэтага, у Польшчы існуе магчымасць набыць страхоўку па тэлефоне. Можна вырашыць пытанне і ў інтэрнэце. Польскія страхоўкі каштуюць ад 60 злотых, і тэрмін дзеяння гэтага дакументу складае ад 30 дзён.
Для замежнікаў, якія прыедуць у Беларусь пасля 1 чэрвеня бягучага года, давядзецца набываць страхоўкі на мяжы тэрмінам ад 15 дзён. Кошт такога страхавання складае 17 еўраў. Калі ж набываць страхоўку на 30 дзён, то яна будзе каштаваць аўтаўладальніку машыны з замежнымі нумарамі 25 еўраў.
Беларускія кіроўцы кажуць, што сапраўды, змены прынясуць дадатковыя клопаты. Але, магчыма, адаб’юцца і на кішэні. Агулам польская страхоўка таннейшая, чым «Зялёная карта». Але аўтаўладальнікі выказваюць меркаванне, што і беларускі бок паспрабуе нейкім чынам кампенсаваць адсутнасць паступленняў пасля знікнення «Зялёнай карты». Чыноўнікі могуць прыдумаць дадатковую аплату для кіроўцаў.
Мікалай Каткоў belsat.eu