У Беларусі гатоўкі ў абарачэнні паболела за 15 месяцаў на 59 %


Нацбанк абнавіў статыстыку шырокай грашовай масы. З гэтай інфармацыі вынікае, што колькасць гатоўкі ў абарачэнні расце ўжо 15 месяцаў запар. Толькі за сакавік яе паболела на 238 млн рублёў (на 3 %). На руках цяпер – амаль 7 млрд 521 млн рублёў.

Беларусбанк, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Мужчына здымае наяўныя грошы ў банкамаце. Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

У студзені 2022 года наяўных грошай у абарачэнні было 4 млрд 720 млн рублёў. Паводле звестак на 1 красавіка сёлета – ужо 7 млрд 521 млн рублёў. Атрымліваецца, што за 15 месяцаў гатоўкі на руках паболела на 2 млрд 801 млн рублёў (плюс 59 %).

Агулам шырокая грашовая маса вырасла да 63 млрд 88 млн рублёў. Гэты паказнік улічвае гатоўку ў абарачэнні, а таксама грошы грамадзянаў і прадпрыемстваў на рахунках у банках. За месяц шырокая грашовая маса павялічылася на 1 млрд 885 млн рублёў (на 3 %), а ў параўнанні з леташнім студзенем – на 8 млрд 737 млн (16 %).

Раней старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук рост гатоўкі ў абарачэнні тлумачыў «Белсату» інфляцыяй, зніжэннем даверу да банкаў і  адтокам валютных дэпазітаў: частку долараў і еўраў, што забіраюць з рахункаў, пераводзяць у рублі на нейкія пабежныя расходы.

«Для таго, каб весці свае штодзённыя трансакцыі, людзям трэба проста больш грошай у наяўным выглядзе. І менш даверу банкам, значная частка людзей аддае перавагу таму, каб трымаць грошы ў наяўным выглядзе», – казаў Крук.

Каментар
«Менш даверу банкам». Наяўныя грошы ў абароце павялічваюцца ў Беларусі 14 месяцаў запар
2023.03.14 21:55

Між тым сітуацыя з дэпазітамі фізічных асобаў – без пераломных зменаў: валютныя скарачаюцца, рублёвыя павялічваюцца.

Валюту беларусы выносяць з банкаў чатыры месяцы запар – мінус 135 млн долараў за гэты час (падзенне – амаль 4 %). Цяпер на ўкладах – 3 млрд 479 млн долараў. Для параўнання: у леташнім студзені было амаль на 12 % болей: 3 млрд 965 млн долараў.

Рублёвыя дэпазіты, наадварот, павялічваюцца, прычым няспынна з ліпеня 2021 года. Цяпер, паводле звестак на 1 красавіка, беларусы трымаюць у банках 6 млрд 763 млн рублёў. За месяц уклады выраслі на 126 млн рублёў (амаль 2 %), з пачатку года – амаль на 388 млн (6 %), а з пазалеташняга ліпеня, з якога пачаўся сталы пад’ём, – на 2 млрд 157 млн рублёў (213 %).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна  растлумачыла «Белсату», што лік валютных дэпазітаў змяншаецца праз нявыгаднасць:

«Калі раней, некалькі гадоў таму, інфляцыя, напрыклад, у ЗША была даволі нізкая, то цяпер – блізу 8 %, а стаўкі валютных дэпазітаў у нас – каля 2 %. Гэта нават не перакрывае доларавай інфляцыі».

Да таго ж, імаверна, на статыстыцы адбіваецца рэлакацыя айцішнікаў: яны забіраюць свае валютныя запасы і з’язджаюць.

Што да рублёвых дэпазітаў, то, па-першае, яны дазваляюць сапраўды прымножыць ашчаджэнні, а па-другое, іншых варыянтаў выгадна ўкласці грошы папросту няма.

«Цяпер стаўка рублёвых дэпазітаў – каля 13,5 %. Гэта вышэй за інфляцыю. Ёсць маржа», – адзначыла эканамістка.

Суразмоўца «Белсату» звярнула ўвагу: вясёлкавая статыстыка Нацбанку пра рост рублёвых дэпазітаў улічвае не толькі адкрыццё новых рахункаў, але і налічаны прыбытак.

«Трэба разумець, што, акрамя таго, што людзі нясуць грошы, на ўклады паступаюць адсоткі. Каля паловы прыросту – менавіта налічэнне адсоткаў. За сакавік дэпазіты фізічных асобаў выраслі на 1,8 %. Атрымліваецца, што блізу 1 % – налічаныя адсоткі, якія засталіся на рахунках», – сказала Лузгіна.

Цяперашнюю сітуацыю з рублёвымі дэпазітамі яна назвала млявай: беларусы і не закрываюць масава рахункаў, аднак і не нясуць актыўна грошай у банкі.

Аналітыка
Як беларусы распараджаліся банкаўскімі ўкладамі на фоне пандэміі, пратэстаў і вайны
2023.02.03 07:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў