Справу Ціханоўскай перадалі ў суд, спіс палітвязняў павялічваецца. Хроніка пераследу за 16 снежня


Рэжым Лукашэнкі не спыняе рэпрэсіі супраць беларусаў, якія хочуць жыць у вольнай краіне. Інфармацыя пра суды, затрыманні і здзекі над палітзняволенымі з’яўляецца штодзень. «Белсат» згадвае, што здарылася ў пятніцу 16 снежня.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

Беларускія праваабаронцы даведаліся, што крымінальную справу, распачатую супраць абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай і сябраў Каардынацыйнай рады, перадалі ў суд. Яна будзе разглядацца ў межах так званага «спецыяльнага судаводства». Суд будзе завочным. Фігурантамі справы таксама зʼяўляюцца Марыя Мароз, Павел Латушка, Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі.

«Пасяджэнні робяць закрытымі, ніякай адкрытасці працэсу няма. Таму нельга ставіцца да гэтага як да суду – гэта чарговае злачынства супраць народу Беларусі, якое чыніцца рэжымам», – выказалася сёння Святлана Ціханоўская пра завочныя суды.

Між тым, МУС Беларусі абнавіла 16 снежня «спіс экстрэмістаў». Ён павялічыўся на 18 чалавек. У ім цяпер 2181 асоба. У гэты спіс трапіла і журналістка польскага тэлеканалу TVP Ірына Слаўнікава.

У Беларусі – 1443 палітвязні

Сёння стала вядома, што 14 снежня на выхадзе з Менскага архітэктурна-будаўнічага каледжа быў затрыманы выкладчык гісторыі Віталь Магучаў. З якой прычыны яго затрымалі і дзе ён зараз знаходзіцца, пакуль невядома.

За каментар у сацсетцы на 2 гады «хатняй хіміі» асудзілі жыхара Бярозаўскага раёну Алега Бязбабіча (арт. 369 КК). Больш за год таму мужчына рэзка пракаментаваў вынікі суду над жанчынай, якую судзілі за абразу прадстаўніка ўлады. І быў затрыманы з выстаўленнем такога самага абвінавачання («пакрыўдзіў мясцовага інспектара ў справах няпоўнагадовых).

Праваабарончая супольнасць Беларусі 16 снежня зрабіла чарговую заяву аб прызнанні палітычнымі зняволенымі яшчэ 11 чалавек. Сярод іх – былая гомельская журналістка Ларыса Шчыракова. Палітвязнямі прызналі таксама Алісу Раманаву, Віктара Пільжыса, Міхаіла Тарасевіча, Аляксея Міхнюка, Сяргея Ляліна, Вадзіма Калініна, Дзмітрыя Варановіча, Віталя Корсака, Максіма Дарковіча, Паўла Шалейнікава. Восем з іх – асуджаныя за абразу Аляксандра Лукашэнкі.

На 16 снежня ў Беларусі палітычнымі вязнямі прызнаныя 1443 чалавекі.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў