Беларускія эксперты распавялі пра асноўныя трэнды ў краіне


Беларускія даследчыкі прадставілі чарговую штоквартальную справаздачу «Беларускі трэкер пераменаў». Эканамісты, сацыёлагі, палітычныя аглядальнікі распавялі, якія галоўныя тэндэнцыі назіраюцца цяпер у нашай краіне. «Белсат» сабраў галоўныя моманты гэта справаздачы.

Людзі ідуць уздоўж набярэжнай Свіслачы. Менск, Беларусь. 27 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Бягучы год у Беларусі і ў бліжэйшых суседзяў перанасычаны на падзеі. Гэта вайна ва Украіне, палітычны крызіс, які так і не завяршыўся ў 2020 годзе. У сувязі з гэтым Фонд імя Фрыдрыха Эберта ў супрацы з Прэс-клубам прапануе штоквартальную справаздачу «Беларускі трэкер пераменаў», у межах якой 6 беларускіх экспертаў рыхтуюць супольны аналітычны даклад пра галоўныя трэнды ў краіне.

Усё больш шчыльныя стасункі з Расеяй і меней кантактаў з Захадам

Павал Слюнькін, асацыяваны аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах звяртае ўвагу, што раней прыбыццё расейскіх вайскоўцаў у Беларусь было абумоўлена супольнымі вайсковымі вучэннямі. Цяпер адбываецца чарговае прыбыццё расейскай арміі ў нашую краіну без сумесных вучэнняў. Прычынай гэтага зараз называюць разгортванне групоўкі. Беларусь і Расея падпісалі пратакол, які змяняе пагадненні, што існавалі паміж нашымі краінамі з 1997 году. Калі раней у дакуменце гучала толькі пра разгортванне супольных груповак войск, то цяпер да разгортвання дадаецца размяшчэнне. Гэта можа сведчыць пра планы на доўгатэрміновае знаходжанне расейскіх войск у Беларусі.

Паглыбляецца ступень уцягнутасці Беларусі ў вайну. Эксперт адзначае ў якасці доказу гэтага сцверджання, што цяпер пашыраецца ў беларускіх шпіталях медычнае абслугоўванне вайскоўцаў. У справе рэзалюцыі аб прызнанні рэпарацыяў для Расеі праз агрэсію ва Украіне ў ААН беларуская дэлегацыя галасавала супраць, працягваецца перадача вайсковай тэхнікі.

Пагрузка ваеннай тэхнікі ў межах раптоўнага правярання сіл рэагавання ў Беларусі. Крыніца фота: Telegram / Министерство обороны Республики Беларусь

Акрамя таго не скончыўся міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЕЗ. Лічбы не такія, як былі раней, але даволі значныя. Увогуле аналітык звяртае ўвагу на паглыбленне расколу паміж Беларуссю і Еўразвязам.

З іншага боку інстытуцыяналізуецца дзейнасць дэмакратычных сілаў. Ствараюцца альтэрнатыўныя народныя амбасады, беларускую дэмакратычную дэлегацыю усё часцей запрашаюць на міжнародныя сустрэчы.

Дрэйф Беларусі ў бок антыдэмакратыі

Палітолаг Арцём Шрайбман, заснавальнік агенцтва «Sense Analytics», акцэнтуе ўвагу на ўнутрыпалітычных аспектах у Беларусі. Аналітык кажа, што за апошнія некалькі месяцаў назіраецца істотны дрэйф у бок антыдэмакратычнай сітуацыі. Гэта адлюстроўваецца ў папраўках у выбарчы кодэкс, зменах, якія прапаноўваюць у справе Усебеларускага народнага сходу (УНС). Беларусь заканадаўча становіцца недэмакратычнай краінай. Эксперт звяртае ўвагу, што Лукашэнка адрэагаваў на крытыку з боку праўладных палітыкаў у справе УНС. Дэлегатаў для гэтай структуры прапаноўваюць не выбіраць а прызначаць, што выклікала непаразуменне нават у праўладных экспертаў. Але Лукашэнка на гэта сказаў, што для выбараў існуе парламент, а нібы ва УНС маюць працаваць прафесіяналы. УНС можа адмяняць вынікі прэзідэнцкіх выбараў, на працягу 5 дзён з моманту агучвання вынікаў. Для прадстаўнікоў выбаркамаў абмяжоўваюць стрэсавыя сітуцыі. Выключаецца магчымасць галасавання за мяжой.

12 лютага 2021. Палац Рэспублікі.
Фота: ТК / Белсат

Наступны трэнд – гэта ўжо атрыбут, а менавіта – уцягванне прапагандыстаў і актывістаў у рэпрэсіі, кажа Арцём Шрайбман. Закрыццё выставаў, ціск на дыпламатаў адбываецца праз так званых «ідэалагічных» інспектараў.

Адбываецца палітызацыя вайсковых структураў. Тут вядзецца пра Полк Каліноўскага і адбываецца мілітарызацыя палітычных структур дэмакратычных сіл. Гэта падштурхнула мілітарызацыю беларускага рэжыму.

Апошні трэнд – кансалідацыя дэмсілаў спынілася і вярнулася дэфрагментацыя. Бачым канкурэнцыю паміж Офісам і Палком Каліноўскага. Кіберпартызаны далучыліся да Палка і стварылі кааліцыю.

Дыверсіфікацыя экспарту і імпартазамяшчэнне праваліліся

Кацярына Барнукова акадэмічная дырэктарка BEROC і запрошаны прафесар Універсітэту Карласа III у Мадрыдзе распавяла пра вонкаваэканамічныя аспекты, якія назіраюцца цяпер у Беларусі. Галоўным трэндам тут з’яўляецца скарачэнне эканамічных стасункаў з Захадам. Пры гэтым новых санкцыяў на працягу восені не было, але экспарт працягвае скарачацца. У верасні беларускі экспарт на Захад скараціўся на 60 %, хоць некаторыя пазіцыі і растуць.

Кацярына Барнукова кажа, што гэты рост датычыцца паставак электрычнасці. Асноўны спажывец – Літва.  Экспарт можа расці, паколькі першы блок АЭС увялі цяпер у эксплуатацыю.

Беларусь спрабуе выкарыстоўваць іншыя краіны Еўразійскай эканамічнай супольнасці каб абысці санкцыі. Гэта добра бачна на дрэваапрацоўцы. На працягу апошняга часу адразу ж на 15 млн еўраў вырас экспарт дрэваапрацоўкі ў Казахстан.

Вагоны таварнага цягніка загружаныя дрэвам. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Пры скарачэнні экспарту на Захад расце экспарт у РФ, які складае каля $ 4 млрд. Доля гандлю з Расеяй дасягнула 70 %.

Экспертка кажа, што нягледзячы на аптымізм чыноўнікаў, імпартазамяшчэнне так і не працуе. Няма перанакіравання санкцыйных тавараў у Расею, пашыраюць толькі тое, што экспартавалі і раней.

Што да супрацы з Расеяй, то важным стала падпісанне пагаднення супрацы па ўскосных падатках. Гэта адзіная галіна, дзе дамоўленасць у супрацы прадугледжвае стварэнне наднацыянальнага органу і стварае выхад прадуктаў нафтаперапрацоўкі на расейскі рынак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: skorchanov / pixabay.com

Выглядае, што паглыбленне супрацы з Расеяй ідзе на карысць беларускай эканоміцы. Але ўсе разумеюць, што гэты рост залежнасці даволі небяспечны. Улады спрабуюць дыверсіфікаваць гандаль, глядзяць на Кітай. Экспарт у Паднябесную сапраўды расце. У асноўным рост назіраецца за кошт калійных угнаенняў. Але кітайскія інвестыцыі істотна скараціліся ў Беларусь у 2020 годзе. І да гэтага часу так і не растуць. Таму перспектыва даволі празрыстая. Да таго ж экспарт у Кітай у 15 разоў меншы, чым у Расею.

Рэцэсія і падзенне прыбыткаў беларусаў

Леў Львоўскі, старшы навуковы супрацоўнік BEROC, распавёў пра эканамічныя трэнды ў самой Беларусі. На думку эксперта, самым галоўным трэндам застаецца тое, што Беларусь у рэцэсіі. На 4,7 % назіраецца падзенне ВУП. Заробкі скараціліся на 4,5 %. Гэтыя лічбы найбольш яскрава адлюстроўваюць рэальную сітуацыю ў краіне.

Беларускія рублі.
Фота: Белсат

Назіраюцца праблемы з ІТ-сектарам. Раней ён быў драйверам эканомікі, але цяпер гэты сектар стаў са знакам мінус, у прыватнасці па выніках кастрычніка ў параўнанні з мінулагоднім перыядам у гэтай галіне вынікі склалі мінус 8 %.

Нафтапераапрацоўка паступовае выходзіць з прорвы, кажа Леў Львоўскі. Паводле ўскосных звестак, загрузка НПЗ цяпер складае каля 80 %, а заробкі маюць такія ж велічыні, што і год таму.

Найбольш адметным трэндам апошняга часу стала ўмешванне дзяржавы ў эканоміку. Бачым ручное кіраванне. Акрамя спробы кантралявання коштаў ёсць намеры напампоўваць эканоміку дзяржаўнымі інвестыцыямі.

Давер да Лукашэнкі расце?

Філіп Біканаў, незалежны сацыёлаг, распавёў, што на працягу апошніх чатырох месяцаў у Беларусі бачны рост даверу да рэжымных інстытутаў. Чым гэта абумоўлена – сказаць даволі складана, але варта ўлічваць фактар страху рэспандэнтаў. Да таго ж магчымасці стварыць дадатковае правяранне не было. Агулам давер вырас да 7 %.

Сацыёлаг адзначыў, што рост даверу да дзяржаўных інстытутаў можа быць звязаны з ростам сацыяльнага аптымізму. Эканамічныя фактары значныя таксама і для праціўнікаў рэжыму.

Другім аспектам можа быць кансэнсус аб неўступленні ў вайну. Усё грамадства перакананае, што беларуская армія не павінная прымаць удзел у вайне Расеі супраць Украіны. Рэжым ведае пра гэта і стараецца часта пра гэта казаць, тэма вайны пазбягаецца.

Украінскі танк на вуліцы Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 17 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Трэці фактар – ізаляванасць інфармацыйнай павесткі дэмакратычных сіл. Беларусы жывуць у інфапрасторы беларускай прапаганды, або расейскай. Яны практычна нічога не ведаюць пра апазіцыю. Павестка кантралююцца дзяржавай і яна прарасейская.

Такім чынам у краіне працуе эканамічны папулізм.  Філіп Біканаў выказаў меркаванне, што, магчыма, меркаванне пра вычарпаны ліміт даверу Лукашэнку, апынулася заўчасным.

Замест амністыі масавыя рэпрэсіі

У сваю чаргу Генадзь Коршунаў, старшы аналітык «Цэнтра новых ідэяў» не зусім згодны з гэтым сцверджаннем. Эксперт кажа, што за апошнія месяцы рэпрэсіі не толькі зменшыліся, але наадварот значна павялічыліся. Гэта галоўны трэнд гэтай восені. Замест амністыі пачаліся масавыя рэпрэсіі.

Выраслі колькасць затрыманняў, судоў і узровень жорсткасці прысудаў. Растуць тэмпы колькасці прызнаных палітвязняў. Павялічваецца доля затрыманых жанчын. Асаблівасцю затрыманняў сталася тое, што захаваўся пераслед родных палітвязняў і праціўнікаў рэжыму. Затрымліваюць цэлымі сем’ямі ці працоўнымі калектывамі.

ГУБАЗіК. Крыніца: gubopRB/Telegram

Расце рэпрэсаванне асобных прафесійных групаў. Пачаўся новы віток рэпрэсіяў супраць адвакатаў. Калі раней пазбаўлялі ліцэнзіяў, то цяпер ім выстаўляюць абвінавачванні і кідаюць за краты.

Расце пераслед медыяў, якія нават не пішуць пра палітыку. Таксама пераследуюць людзей за інтэрв’ю медыям.

Рэжым пачаў надзяляць больш увагі таму, што адбываецца ў грамадстве. Прэвентыўна душаць любую магчымасць патэнцыйнага супраціву. Гэта відавочна па новаму заканадаўству. Адбываецца зацісканне ўсіх кіраўнікоў вертыкалі. Замест адукацыі прыходзіць ідэалагічнае выхаванне. Адукацыя мае прыкметы мілітарызацыі.

Рэжым павялічвае цэнзуру, знішчае беларускасць. Асабісты страх для рэжыму – нацыянальныя сімвалы. Грамадзянская супольнасць супрацьпастаўляе гэтаму прасоўванне беларускай мовы.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў