ГУБАЗіК заявіў, што «прадухіліў тэракты», якія нібыта рыхтаваў Кабінет Ціханоўскай


У навінах на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» распавялі, што ГУБАЗіК затрымаў некалькі чалавек, якія ўжо прызналіся ў тым, што нібыта былі завербаваныя BYPOL і Аб’яднаным пераходным кабінетам для закладкі бомбаў. Нядаўна якраз BYPOL і Кабінет засцерагалі: улады стварылі фэйкавы канал плану «Перамога».

Кадры затрымання, якімі тэлеканал «Беларусь-1» ілюстраваў навіну аб «прадухіленні тэрактаў». 16 кастрычніка 2022 года. Скрыншот: ATN_NEWS / Telegram

На БТ распавялі: заданні ў закладцы бомбаў і дзе ўзяць запальныя сумесі атрымлівалі з чат-боту плану «Перамога». Колькі затрыманых, не сказалі, і твараў затрыманых не паказалі. Але анансавалі: супрацоўнікі АТН паразмаўлялі з «тымі, хто хацеў гвалтоўным спосабам захапіць уладу», падрабязнасці распавядуць у вечаровай перадачы «Галоўны эфір».

Аб’яднанне былых сілавікоў BYPOL 14 кастрычніка засцерагала: сілавікі Аляксандра Лукашэнкі стварылі фэйкавы канал BYPOL і з яго распаўсюджваюць фэйк аб запуску плану «Перамога». Пры тым сапраўдны канал BYPOL і фэйкавы (створаны 5 траўня і пераназваны ў «BYPOL» 5 кастрычніка) мелі даволі блізкую колькасць падпісантаў.

У той жа дзень, 14 кастрычніка беларускія ўлады пачалі супярэчліва заяўляць аб запуску ў Беларусі «контртэрарыстычнай аперацыі»: пра яе паведаміў расейскім медыям міністр замежных справаў Уладзімір Макей, яго абвяргаў Камітэт дзяржаўнай бяспекі, а Аляксандр Лукашэнка спачатку сказаў пра «рэжым павышанай тэрарыстычнай небяспекі», але потым – што ўведзены ўсё ж «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі». Але гэты рэжым звязвалі не з BYPOL ці Кабінетам Святланы Ціханоўскай, а з тым, што нібыта «з боку асобных, сумежных дзяржаў плануюцца правакацыі, звязаныя ледзь не з захопам асобных участкаў тэрыторыі Беларусі». Менавіта праз гэта ў Беларусь запрасілі расейскіх вайскоўцаў.

Hавiны
У Беларусь пачалі прыбываць з Расеі эшалоны і «авіяцыйны складнік» рэгіянальнай групоўкі войскаў
2022.10.16 16:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў