Уначы расейцы абстралялі Львоўскую вобласць – былі траплянні


Уначы 16 лютага ўва ўсёй Украіне абвяшчалася паветраная трывога. Выбухі гучалі ў Палтаўскай, Львоўскай, Кіраваградскай вобласцях. Супрацьпаветраная абарона збіла большасць ракетаў і беспілотнікаў, але траплянні былі, паведаміў кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак.

«Чарговы ракетная атака расейцаў. Уначы запускалі БПЛА і ракеты. На жаль, ёсць траплянні на поўначы, захадзе Украіны, а таксама ў Днепрапятроўскай і Кіраваградскай вобласцях», – напісаў у сваім тэлеграм-канале Андрэй Ермак.

Кіраўнік Офісу прэзідэнта адзначае, што расейцы «крыху змянілі тактыку»: праводзяць актыўную выведку і ўжываюць фальш-цэлі.

Пра тое, што расейская ракета трапіла ў адзін з аб’ектаў крытычнай інфраструктуры ў Львоўскай вобласці, паведаміў старшыня Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі.

«Ахвяраў і пацярпелых няма. Пажар пагасілі. Падрабязнасці – пазней», – напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

Як стала вядома пазней, расейцы ўначы 16 лютага правялі міксаваную атаку на Украіну з прыцягненнем стратэгічнай авіяцыі і дронаў. Паводле папярэдніх звестак, Расея выпусціла па Украіне ў гэтую ноч 8 «Калібраў».

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў