Іран нанёс ракетныя ўдары па Іраку і Сірыі


Іран абстраляў месцы, звязаныя з так званай Ісламскай дзяржавай у Сірыі ды «ізраільскі шпіёнскі цэнтр» у Іраку. У Іраку ў ваколіцах удару месціцца консульства ЗША, паведамляе «Reuters».

Гэтым фотаздымкам іранскае агенцтва IRNA праілюстравала паведамленне аб ракетных ударах. Крыніца: IRNA

Корпус вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) заявіў, што ўдары наносіліся балістычнымі ракетамі. Адной з іх цэляў стаўся «ізраільскі шпіёнскі цэнтр» каля сталіцы курдскага аўтаномнага рэгіёну ў Іраку, гораду Эрбіль – выбухі былі чутныя за 40 кіламетраў ад яго. Сярод іншага ў гэтым раёне месцяцца консульства ЗША і жылая забудова. Як піша «Reuters» са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў, амерыканскія аб’екты пры ўдары не пацярпелі.

Дзярждэпартамент ЗША асудзіў дзеянні Ірану як безадказныя.

Улады Іракскага Курдыстану паведамілі, што ў выніку іранскіх удараў былі забітыя прынамсі чацвёра мірных жыхароў, шасцёра атрымалі раненні. Прэм’ер-міністр рэгіёну Масрур Барзані назваў ракетны ўдар па Эрбілі «злачынствам супраць курдскага народу».

Паводле заявы КВІР, ракетны ўдар быў нанесены па штабе ізраільскай спецслужбы «Масад» у курдскім рэгіёне Іраку. Незалежнага пацверджання гэтай інфармацыі няма.

Іран таксама сцвярджае, што атакаваў інфраструктуру так званай Ісламскай дзяржавы (прызнаная тэрарыстычнай у большасці краінаў свету) у Сірыі і што гэта было адказам на «апошнія злачынствы тэрарыстычных групаў, што несправядліва зрабілі мучанікамі нашых дарагіх суайчыннікаў у Кермане і Раску».

Hавiны
«Ісламская дзяржава» ўзяла адказнасць за тэракт у Іране, дзе загінулі дзясяткі людзей
2024.01.04 20:10

На пачатку студзеня на ўрачыстасцях у горадзе Керман, прысвечаных памяці забітага дзеяча Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі Гасэма Салеймані, адбыліся магутныя выбухі. Загінулі мінімум 103 асобы, амаль 200 атрымалі раненні. Адказнасць за напад узяла на сябе так званая Ісламская дзяржава.

Салеймані граў ключавую ролю ва ўзмацненні ўплыву Ірану на Блізкім Усходзе, падтрымліваючы іранскія інтарэсы ў Сірыі, Іраку, Ліване, Емене ды іншых краінах. Салеймані таксама лічыўся адным з самых блізкіх паплечнікаў вярхоўнага лідара Ірану Алі Хамэнэі.

У 2007 годзе Салеймані быў уключаны ААН у санкцыйны спіс іранскіх вайскоўцаў і палітычных дзеячаў, якім забаронены выезд з краіны.

Агляд
Дзе бабахне ў 2024 годзе? Глядзім, у якіх краінах магчымыя новыя войны
2024.01.03 08:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў