Беларусы любяць Беларусь, але кожны па-свойму: эксперты – пра нашую нацыянальную свядомасць


Свядомыя, тыя, хто Фармуецца, Абыякавыя, Русіфікаваныя і Савецкія – на такія сегменты дзеляць беларусаў эксперты. Усе яны любяць Беларусь, ганарацца тым, што беларусы, але кожная з гэтых груп па-свойму глядзіць на тое, якім шляхам мусіць ісці краіна, каго лічыць сапраўдным беларусам, якія сімвалы галоўныя. Дзяржаўная прапаганда падагравае супярэчнасці паміж полюсамі меркаванняў і не дае шанцу на грамадскі дыялог унутры краіны. Неразуменне апанентаў толькі расце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяўчына прымацоўвае папяровага журава на інсталяцыю перад Беларускім моладзевым хабам напачатку Марша годнасці, прысвечанага другой гадавіне пратэстаў, якія паўсталі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Варшава, Польшча. 7 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Незалежныя сацыёлагі падзяліліся вынікамі свайго даследавання пра сучасную беларускую нацыянальную свядомасць. Яны паспрабавалі адказаць на пытанні, як яна выглядае, якія формы яна набывае ў розных сацыяльных групах, як звязаныя нацыянальная самасвядомасць і сацыяльнае супрацьстаянне ў беларускім грамадстве, ці магчымы пры гэтым дыялог. Сярод экспертаў: сацыёлагі Філіп Біканаў і Канстанцін Несцяровіч, а таксама дырэктарка Цэнтру новых ідэй Леся Руднік.

Даследаванне праводзілася шляхам онлайн-апытання з 2 па 5 лістапада. Удзел у ім прынялі 1205 рэспандэнтаў ва ўзросце 18-65 гадоў, жыхары беларускіх гарадоў насельніцтвам больш за 20 тысяч людзей.

Свядомыя vs Савецкія

На думку экспертаў, у Беларусі існуе два вялікіх нацыянальных праекты: нацыянальна-рамантычны і расейска-савецкі. Таксама вылучаюцца групы касмапалітаў і абыякавых да нацыянальнай ідэнтычнасці як такой.

Нацыянальная ідэнтычнасць у беларускім грамадстве складаецца з чатырох кампанентаў. Скрын з прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2023 годзе». Крыніца: library.fes.de
Скрын з прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2023 годзе». Крыніца: library.fes.de

Па асаблівасцях нацыянальнай ідэнтычнасці эксперты падзялілі беларусаў на пяць асноўных сегментаў: Свядомыя, тыя, хто Фармуецца, Абыякавыя, Русіфікаваныя і Савецкія. Прадстаўнікі кожнага сегмента схільныя па-рознаму ўяўляць, што значыць быць беларусам, ім часта блізкія розныя нацыянальныя знакі і рытуалы, яны па-рознаму ставяцца да гісторыі.

На крайніх полюсах разнастайнасці ідэнтычнасці знаходзяцца Свядомыя і Савецкія.

Свядомыя (13%) уцягнутыя ў нацыянальна-рамантычны праект, што выяўляецца ў максімальнай арыентацыі на нацыянальную культуру і мову, а таксама дасавецкі гістарычны перыяд. У якасці нацыянальных сімвалаў і знакавых дат ім блізкія Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг, вышыванка, народныя і гістарычныя святы, такія як Каляды, Дзяды, дзень абвяшчэння БНР. Свядомыя лічаць беларусаў еўрапейцамі, але асобнай нацыяй у еўрапейскай прасторы, з уласнай гісторыяй і культурай. У той жа час яны мацней за іншых арыентаваны на глабальную ідэнтычнасць і мультыкультурнасць. Цікавасць да розных культур абумоўлена тым, што гэта найбольш эканамічна і сацыяльна актыўны сегмент: яго прадстаўнікі часцей маюць вышэйшую адукацыю (44%), высокі даход, кваліфікаваную працу.

Гэта самы культурна арыентаваны сегмент: у якасці нацыянальных прыкмет Свядомыя часцей за іншых адзначаюць беларускую мову і культуру. Для іх часцей за іншых важна агульная гісторыя нацыянальнай супольнасці, прычым яны арыентаваныя на дасавецкі перыяд, напрыклад на постаць Кастуся Каліноўскага, Грунвальдскую бітву і бітву пад Оршай.

Савецкія (37%) звязаныя з расейска-савецкім нацыянальным праектам у яго арыентацыі на спадчыну БССР, блізкасць да Расеі і адвядзенне ключавой ролі дзяржавы як нацыянальнаму інстытуту. Яны часцей вызначаюць прыналежнасць да нацыі праз лаяльнасць да дзяржавы і любоў да Беларусі.

Для савецкіх беларуская нацыя з’яўляецца не ў поўнай меры аўтаномным праектам, а часткай шырэйшага праекту трыадзінай славянскай нацыі і спадчынніцай савецкага перыяду. Асноўныя сімвалы і знакавыя даты для Савецкіх – чырвона-зялёны сцяг, дзяржпрадпрыемствы (напрыклад, БелАЗ), афіцыйныя парады на 3 ліпеня і 9 траўня, Дажынкі, Белавежская пушча, «Славянскі базар». Гэта самы пажылы сегмент з вялікай доляй пенсіянераў, што, верагодна, узмацняе яго лаяльнасць да савецкага мінулага. У беларусаў гэтага сегменту часцей нізкі заробак і ўзровень адукацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі перад Домам ураду. Менск, Беларусь. 19 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

Паміж гэтымі двума полюсамі ёсць яшчэ дзве групы беларусаў: тыя, хто фармуецца, і Абыякавыя.

Беларусам, якія фармуюцца (19%), уласцівыя асаблівасці абодвух нацыянальных праектаў, а таксама значная цікавасць да глабальнай ідэнтычнасці і мультыкультурнасці. Прадстаўнікі сегменту часта высокаадукаваныя, што абумоўлівае іх значную культурную ўцягнутасць. Гэта самы моладзевы сегмент, таму яны адкрытыя да розных, нават супярэчлівых асаблівасцяў ідэнтычнасці. Але яны ўсё ж бліжэй да свядомых. Большая частка працуе ў сферы паслуг.

Рэспандэнты з гэтага сегменту валодаюць найбольш моцнай нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй: яны часцей асацыююць сябе менавіта з беларусамі, грамадзянамі і жыхарамі краіны. Адначасовая сувязь з расейска-савецкім і нацыянальна-рамантычным праектамі адлюстроўваецца ў амаль сіметрычным удзеле ў рытуалах абодвух: напрыклад, як у Дзядах, Калядах і Купаллі, так і ў афіцыйных Дажынках і парадах на 3 ліпеня і 9 мая.

Верагодна, у будучыні прадстаўнікі гэтага сегмента хіснуцца ў бок аднаго з нацыянальных праектаў, з узростам сфармуюць свае погляды.

Абыякавыя (27%), наадварот, не ўцягнутыя ў нацыянальныя праекты і зʼяўляюцца найбольш нацыянальна індыферэнтным сегментам, што звязана з ніжэйшым узроўнем адукацыі яго прадстаўнікоў. Іх уяўленне пра беларускасць найменш культурна і палітычна нагружанае. Паводле іх, беларускасць праяўляецца ў месцы нараджэнні, грамадзянстве. Гэта ж нейтральнасць праяўляецца і ў блізкіх ім нацыянальных сімвалах: дранікі, Нясвіжскі замак, нацыянальная бібліятэка, вышыванка, арнамент, вёска і інш. Сярод абыякавых пераважаюць маладыя ўзроставыя групы, часцей з сярэдняй адукацыяй.

Частка жыхароў Беларусі і ўвогуле лічаць сябе рускімі, а не беларусамі: у гэтым сэнсе яны звязаны хутчэй з сучасным расейскім імперскім праектам. Пры гэтым русіфікаваным (4%) блізкія расейска-савецкія асаблівасці ідэнтычнасці.

Прадстаўнікі сегмента часта індыферэнтныя да праяваў беларускай ідэнтычнасці, аднак у тых аспектах, дзе ў іх ёсць цікавасць, яны аказваюцца блізкія да Савецкіх, напрыклад, часцей іншых лічаць сябе савецкімі людзьмі. Русіфікаваныя менш за ўсіх ідэнтыфікуюць сябе з нацыянальным узроўнем ідэнтычнасці: жыхарамі Беларусі, патрыётамі Беларусі і іншым. Сегмент адрозніваецца перавагай старэйшых узроставых груп, жыхароў гарадоў з насельніцтвам 100 тысяч і больш.

Большасць беларусаў цікавяцца тэмай нацыянальнай ідэнтычнасці. Скрын з прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2023 годзе». Крыніца: library.fes.de

Колькасць праціўнікаў ўлады зніжаецца

У залежнасці ад ступені даверу да дзяржаўных і недзяржаўных структураў і груп у беларускім грамадстве вылучаюцца чатыры сегменты сацыяльнага канфлікту. Два з іх знаходзяцца на полюсах:

  • Заўзятыя праціўнікі улады (10%) моцна не давяраюць дзяржаўным інстытутам і групам, але давяраюць недзяржаўным.
  • Заўзятыя прыхільнікі улады (23%)  супрацьстаяць папярэдняму сегменту: яны моцна давяраюць дзяржаўным структурам і зусім не давяраюць недзяржаўным.

Паміж гэтымі сегментамі знаходзяцца два больш умераныя:

  • Умераныя супернікі улады (28%) – найбольш цэнтрысцкі сегмент, які мала давярае як дзяржаўным, так і недзяржаўным структурам, хоць і схіляецца да большага даверу да апошніх.
  • Умераныя прыхільнікі улады (39%) значна мацней зрушаныя да полюса падтрымкі ўлады: яны толькі крыху часцей, чым заўзятыя прыхільнікі, давяраюць недзяржаўным структурам і не давяраюць дзяржаўным.

Палітычныя сегменты моцна звязаныя з ідэнтычнасцю. Так, заўзятыя праціўнікі ўлады на 64% складаюцца з прадстаўнікоў свядомых, а заўзятыя прыхільнікі на 69%  – з Савецкіх. Акрамя таго, сегменты сацыяльнага канфлікту знаходзяцца ў асобных інфармацыйных бурбалках: заўзятыя прыхільнікі – гэта ў асноўным аўдыторыя дзяржаўных медыяў, тады як заўзятыя праціўнікі – у асноўным аўдыторыя недзяржаўных СМІ.

За апошні год істотна зменшылася колькасць заўзятых праціўнікаў і павялічылася колькасць заўзятых прыхільнікаў. Эксперты даюць гэтаму некалькі тлумачэнняў. Апроч страху даваць сумленныя адказы ў апытаннях, гэтыя чыннікі звязаныя з жыццём у Беларусі:

– масавая эміграцыя;

– рост эканомікі краіны;

– антываенны кансэнсус;

– зачыстка інфармацыйнага поля;

– адаптацыя да новай рэальнасці.

Адначасова з гэтым некалькі знізілася агульная задаволенасць грамадства сітуацыяй у краіне – галоўным чынам за кошт зніжэння адзнак прыхільнікаў улады.

Адносіны беларусаў да дзяржаўных і недзяржаўных інстытутаў і арганізацый вельмі палярныя. Скрын з прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2023 годзе». Крыніца: library.fes.de

Дыялог паміж полюсамі грамадства немагчымы

Сацыяльна-палітычны канфлікт у беларускім грамадстве адбіваецца і на ўзроўні эмпатыі да іншых людзей. Прадстаўнікі палярных сегментаў у меншай ступені гатовы суперажываць, разумець і дапамагаць трапіўшаму у цяжкую сітуацыю чалавеку, калі ён зʼяўляецца прадстаўніком процілеглай групы. Прычым незалежна ад характару гэтай сітуацыі: палітычнага (напрыклад, палітычна матываванае звальненне) або бытавога (напрыклад, расцяжэнне шчыкалаткі). Умераныя сегменты значна больш эмпатычныя ў адносінах да людзей супрацьлеглых поглядаў.

Заўзятыя прыхільнікі і Заўзятыя праціўнікі, якія маюць вельмі розныя пункты гледжання наконт далейшага развіцця беларускай дзяржавы, выказваюць моцную непрыязнасць у адносінах адзін да аднаго. Паколькі гэтыя групы знаходзяцца ў сваіх інфармацыйных бурбалках, цяжка ўявіць сітуацыю, у якіх абодва сегменты маглі б хаця б зразумець палітычную пазіцыю адзін аднаго, не гаворачы ўжо аб дыялогу аб палітыцы дзяржавы. Верагодна, прычына неразумення Заўзятымі прыхільнікамі апанента заключаецца ў актыўным паглынанні медыяпрадуктаў дзяржаўных СМІ. Так, у рыторыцы дзяржаўных медыяў часта выкарыстоўваецца мова варожасці, з дапамогай якой з праціўнікаў дзеючай улады лепіцца вобраз ворага. У выніку гэта прыводзіць да рэальнай дэгуманізацыі палітычнага апанента.

Эксперты робяць выснову: дыялог паміж прадстаўнікамі гэтых двух сегментаў не зʼяўляецца магчымым. Заўзятыя прыхільнікі, якія не разумеюць апанента, верагодна, будуць схільныя адразу ж сыходзіць у агрэсію ў стаўленні да «чужынцаў». А заўзятыя праціўнікі, для якіх характэрна найбольшая падтрымка сваіх і кансалідацыя ў сітуацыі, калі выступаюць супраць іх, вымушаныя будуць трымацца сваёй лініі і абараняцца.

Актыўны грамадскі дыялог, відаць, магчымы толькі сярод прадстаўнікоў умераных груп. На думку даследчыкаў, сярод іх паступова аднаўляецца давер да дзяржаўных інстытутаў.

Амаль усе рэспандэнты ганарацца тым, што яны беларусы. Скрын з прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2023 годзе». Крыніца: library.fes.de

Расея – галоўны саюзнік, але з Украінай трэба сябраваць

Знешнепалітычныя перавагі беларусаў цесна пераплецены з унутрыпалітычнымі супярэчнасцямі і адрозненнямі ў нацыянальнай ідэнтычнасці.

На ўзроўні абагульненых ацэнак парадку 40% беларусаў аддаюць перавагу таму, каб краіна арыентавалася на саюз з Расеяй, сімпатызуюць ёй у вайне і падтрымліваюць інтэграцыю. Такія ўстаноўкі звязаны з распаўсюджанасцю расейска-савецкіх асаблівасцяў ідэнтычнасці. Іграе ролю і ўспрымальнасць да прапаганды: да паловы беларусаў згодныя, што ва Украіне ва ўладзе знаходзяцца нацыяналісты і неанацысты. Акрамя таго, пераважаючыя ў грамадстве прыхільнікі дзейнай улады бачаць у Расеі палітычнага саюзніка.

Аналітыка
Андрэй Вардамацкі: У Беларусі спыніўся рост прарасейскай арыентацыі
2023.07.14 10:55

Пры гэтым на ўзроўні канкрэтных крокаў прарасейскія сімпатыі аказваюцца дастаткова памяркоўнымі. Пад інтэграцыяй з Расеяй яе прыхільнікі маюць на ўвазе галоўным чынам міждзяржаўную супрацу ў навуцы і тэхналогіях, візавай палітыцы і іншых сферах, дзе ў Расеі і Беларусі ўжо дастаткова цесныя адносіны. Дыстанцыяванне ў адносінах да Расеі праяўляецца і ў культурным аспекце: большасць беларусаў, у прыватнасці прарасейскай арыентаванасці, лічаць, што расяяне, якія прыязджаюць у Беларусь, павінны пераймаць мясцовую культуру і лад жыцця ў той жа меры, як і прыезджыя з іншых краін. Нават тыя хто сімпатызуе Расеі ў ваенных дзеяннях не толькі не падтрымліваюць уступленне Беларусі ў вайну, але і схільныя выступаць за наладжванне сяброўскіх адносін з Украінай. Перш за ўсё – у сферы ўзаемавыгаднага гандлю, пагранічных службаў і дыпламатыі.

Інтэграцыя з Расеяй вачыма беларусаў – прыхільнікаў такой інтэграцыі. Скрын з прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2023 годзе». Крыніца: library.fes.de

Нейтральныя пазіцыі – саюз з ЕЗ і Расеяй адначасова альбо знаходжанне па-за саюзамі – сумарна набіраюць прыкладна такую ж колькасць прыхільнікаў, як і прарасейскі вектар. Галоўным чынам такіх поглядаў прытрымліваюцца ўмераныя сегменты: беларусы якія фармуюцца і абыякавыя. Нейтралітэт і адхіленасць асабліва выяўляюцца ў адносінах да расейска-ўкраінскай вайны: большасць беларусаў не сочаць за ёй уважліва, а каля траціны не падтрымліваюць ні адзін з бакоў, што шмат у чым звязана з моцнай нагружанасцю ваеннай тэмы негатыўнымі эмоцыямі.

Значная частка беларусаў успрымальная да расейскай прапаганды аб нацыстах ва Украіне. Пры гэтым большасць беларусаў не сочаць за падзеямі вайны, амаль палова не мае сімпатый ні да аднаго з бакоў. Скрын з прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2023 годзе». Крыніца: library.fes.de

Найменш распаўсюджаныя сярод беларусаў праеўрапейскі вектар і прамая падтрымка Украіны ў вайне. Галоўным чынам такіх поглядаў прытрымліваюцца сегменты Свядомых і Заўзятых супернікаў улады. Прычым нават сярод іх арыентацыю на ЕЗ падтрымлівае толькі палова.

І яшчэ некалькі цікавых высноваў

  • Сімвал, які безумоўна аб’ядноўвае ўсіх беларусаў – гэта зубр.
  • Беларусы ў большасці сваёй ганарацца тым, што яны беларусы, асабліва Савецкія, бо яны задаволены курсам, які зараз існуе ў дзяржаве. Таму ў іх мацней эмацыйная прывязанасць да нацыі, яны любяць Беларусь і гісторыю краіны, але па-свойму. Гэтаму сегменту вельмі важны эмоцыі. Для Савецкіх у вызначэнні, ці зʼяўляецца чалавек беларусам, значна важней, у параўнанні з іншымі сегментамі, эмацыйная прыхільнасць – любоў да Беларусі. Гэта можа тлумачыцца ў цэлым падвышанай роляй эмацыйных, а не рацыянальных і каштоўнасных матываў палітычнага выбару. Так, для Савецкіх у цэлым часта характэрна нерацыянальнае мысленне (прыклад – іх вера ў астралогію).

  • Для Савецкіх нацыя аб’ядноўваецца вакол дзяржавы, але тут важны палітычны аспект: беларусы мусяць падтрымліваць дзейнічую ўладу. Траціна Савецкіх адзначае, што беларусамі нельга лічыць тых, хто не падтрымлівае дзейную ўладу (30%), хто не жыве ў РБ ці не мае беларускага грамадзянства (22% і 26% адпаведна), і тых, хто нічога не робіць на карысць краіны (33%).
  • Беларусы – інклюзіўная нацыя сучаснага тыпу. Гэта значыць, што ў беларускае грамадства, нацыю гатовыя прымаць па прызнаках, якія залежаць ад чалавека (каб чалавек сам сябе лічыў беларусам, любіў і паважаў беларускую культуру, то бок не па пашпарце ці месцу нараджэння). Толькі 10% рэспандэнтаў лічаць, што каб быць беларусам, важнае паходжанне.
  • Існуе ўстойлівы вобраз беларуса ў кантэксце рыс характару – працалюбівага, мірнага, гасціннага, добрага і цярплівага чалавека. Прычым міралюбнасць і цярплівасць – найбольш неадпаведныя рэальнасці стэрэатыпы: беларусы значна радзей пры знаёмстве лічаць такімі адзін аднаго.
Рэпартаж
Колькі беларусаў за незалежнасць, колькі за Лукашэнку, колькі чакае пераменаў – і што рабіць
2023.11.17 07:00

Саша Гоман, belsat.eu

 

Стужка навінаў