Генерал-лейтэнант ЗША Бэн Годжэз пра сілавы сцэнар вызвалення Беларусі


Генерал-лейтэнант арміі ЗША ў адстаўцы Бэн Годжэз заявіў: «Беларусы скажуць: «хопіць». Тады могуць прыдасца некалькі соцень жаўнераў, якія здабылі ва Украіне досвед у цяжкой вайне». Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з былым камандуючым арміяй ЗША ў Еўропе. Амерыканскі вайсковец кажа, што расейцы атакавалі Украіну, дзякуючы дапамозе Лукашэнкі. Генерал выказваецца пра ролю беларускіх добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну, пра важнасць дыверсіяў на беларускай чыгунцы і падказвае што цяпер павінен зрабіць Аляксандр Лукашэнка.

Сяргей Пеляса: Як вы лічыце: калі б у Пуціна не было Лукашэнкі ў Беларусі, ці мог бы ён напасці на Украіну, бо на Кіеў ён прасунуўся, выкарыстоўваючы тэрыторыю Беларусі?

Бэн Годжэз: Гэта відавочна, што Беларусь была важным плацдармам для Расеі, каб разгарнуць войскі, тылы, пускавыя ракетныя ўстаноўкі, авіяцыю на беларускай тэрыторыі, што дало ім магчымасць прасунуцца на захад уздоўж паўночнай мяжы Украіны, ушчыльную да Кіева. Нават пры тым, што Лукашэнка не рушыў войска, прадстаўленне гэткай вялікай тэрыторыі для манеўру ў межах Беларусі мела істотнае значэнне для Расеі – дзякуючы гэтаму яны атакавалі.

ВІДЭА
Ці ўцягне Крэмль Лукашэнку ў наземныя аперацыі ва Украіне?
2022.10.13 18:31

Вайна Расеі ва Украіне выбітная з шэрагу гледзішчаў: тэхналогіі, маштабы і г.д. Але таксама гэта вайна, у якой Украіну бароняць сотні і тысячы замежных добраахвотнікаў. Сярод іх сотні беларускіх добраахвотнікаў, якія б’юцца за Украіну, пятнаццаць з іх ужо загінулі ў баі. Што вы думаеце пра гэтых людзей, якія бароняць іншую краіну, не могучы непасрэдна ваяваць за незалежнасць Беларусі?

Я лічу, што на кожнай вайне ёсць групы людзей у якіх ёсць свае прычыны, каб узяць у ёй удзел, часам эканамічныя, ды што заўгодна. У гэтым выпадку, я думаю, што калі браць узаемаадносіны Украіны і Беларусі, вялікая частка беларусаў спачувае ўкраінцам на фоне таго, што Расея прабуе зрабіць ва Украіне. Рашэнні рэжыму Лукашэнкі – гэта спосаб ударыць у адказ. Магчыма, надыдзе дзень, калі дзясяткі тысячаў смелых беларусак і беларусаў скажуць: хопіць. Тады могуць прыдасца некалькі соцень жаўнераў, якія здабылі ва Украіне досвед у цяжкой вайне, змагаючыся супраць Расеі. Яны каштоўныя і даюць шанец.

ВІДЭА
Наколькі рэальны ядравы ўдар па Беларусі?
2022.09.29 19:01

Як былы вайсковец высокага рангу, генерал, з вялізарным досведам, ці можаце вы ўявіць сабе гіпатэтычны сцэнар, беручы таксама пад увагу сусветную гісторыю збройных канфліктаў – калі Пуцін прайграе вайну ва Украіне ў гэтым ці ў наступным годзе і тады адчыняецца вакно магчымасцяў, каб беларускія ваяры ўвайшлі на тэрыторыю Беларусі з Украіны ці з Польшчы скарыстаўшыся гэтым. Ці вы лічыце што гэта імаверны сцэнар ці толькі мроя, фантастыка, пра якую няма чаго й разважаць.

Ці вы маеце на ўвазе, што нехта звонку ўваходзіць у Беларусь, каб ваяваць там?

Так, яны ўваходзяць, а ў самой Беларусі пачынаецца партызанская вайна ў сітуацыі калі пуцінскі рэжым не мае сілаў, каб бараніць Лукашэнку.

Безумоўна, існуе шмат няпэўнасці адносна сітуацыі пасля расейскай паразы ва Украіне, што, я думаю, здарыцца яшчэ ў гэтым годзе. Што будзе з рэжымам і з самой Расейскай Федэрацыяй – у гэтую гульню гуляе шмат сілаў. Магчыма, на змену Пуціну прыйдзе ультраправы нацыяналіст, а магчыма гэта будзе палітык, больш засяроджаны на перабудове краіны ссярэдзіны. Пэўна, усе мы б хацелі гэткага другога. Але я ў стане ўявіць, што калі больш не будзе пуцінскай ці расейскай дапамогі рэжыму Лукашэнкі, з’явяцца людзі, якія ўбачаць у гэтым магчымасць. Гэта залежыць ад беларускага народу. Я лічу, што і зараз можна зрабіць шмат, каб парушыць расейскія вайсковыя аперацыі. Тое, што адбылося на чыгунцы некалькі разоў, нейкія падобныя рэчы, якія б знізілі для Расеі магчымасць дзейнічаць з тэрыторыі Беларусі. Спадзяюся, што адважныя беларускі і беларусы, якія рабілі тое, што мы назіралі некалькі гадоў таму, здолеюць перашкодзіць расейцам дзейнічаць з суверэннай тэрыторыі Беларусі. Але калі гэтага не здарыцца, не ведаю, колькі людзей зможа прыйсці на дапамогу з-за мяжы.

Вы бывалі ў Беларусі, сустракаліся з Лукашэнкам. Што б вы яму зараз маглі параіць? Уступіць у вайну, прыляпіцца да Пуціна як да ягонага спонсара і начальніка? Ці любой цаной пазбегчы непасрэднага змагання?

Калі б у мяне спыталі – сам Лукашэнка ці ягоныя дарадцы – што рабіць? Спыніць гэтую гульню ў «і нашым, і вашым». Прыняць рашэнне пра будучыню Беларусі, на карысць беларускай моладзі. Спыніць залежнасць ад Расеі, думаць пра будучыню маладых беларусаў. Адчапіцца ад Расеі, бо Расея – зараз дзяржава, якая валіцца. Расейскія вайскоўцы не маглі б перамагчы Беларусь. Здаецца, я чуў, як Лукашэнка казаў, што Беларусь суверэнная краіна. Дык будзь суверэнным.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў