Міністр абароны Кітаю знік неўзабаве пасля візіту да Лукашэнкі


Выведка Злучаных Штатаў даведалася аб тым, што ў Кітаі адхілілі ад пасады міністра абароны Лі Шан Фу і вядуць расследаванне супраць яго, сцвярджае «Financial Times» і спасылаецца на трох амерыканскіх чыноўнікаў і двух чалавек, знаёмых са звесткамі выведкі.

Аляксандр Лукашэнка і Лі Шан Фу 17 жніўня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Паводле «Financial Times», у кітайскіх вайсковых і вонкавапалітычных элітах відаць хаос: з пачатку лета пасадаў пазбавіліся міністр замежных справаў Цінь Ган, два вышэйшыя камандзіры ядравых сілаў, якіх западозрылі ва ўцечцы сакрэтных звестак, а цяпер і міністр абароны Лі Шан Фу.

Афіцыйных паведамленняў аб затрыманні або звальненні Лі Шан Фу няма. Але ён некалькі тыдняў не з’яўляўся на публіцы, нібыта «па стане здароўя» прапусціў перамовы з вайскоўцамі В’етнаму 7-8 верасня.

Амбасадар ЗША ў Японіі Рам Эмэньюэл выказваў здагадку, што Лі Шан Фу не проста так знік на тры тыдні, а можа быць пад хатнім арыштам. Эмануэл ці то ў жарт, ці то сур’ёзна дадаў, што Лі Шан Фу, як яму вядома, выплаціў свой крэдыт аператару нерухомасці «Country Garden» (які трапіў у вялікі крызіс).

Незадоўга да знікнення Лі Шан Фу ладзіў візіты ў Расею і Беларусь, сустракаўся ў тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам. Канкрэтныя вынікі візітаў не паведамляліся, але між Беларуссю і Кітаем і без таго трывае цесная вайсковая супраца. Паездка ў Беларусь была апошнім ці адным з апошніх замежных візітаў міністра, а апошні раз яго бачылі на публіцы 29 жніўня падчас пекінскага форуму аб міры і бяспецы ў Афрыцы.

Каментар
Прыехаў памацаць танкі? Што робіць у Беларусі міністр абароны Кітаю – тлумачыць кітаіст
2023.08.17 13:57

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў