Расейскія ракеты разбурылі дзіцячы садок у Львове і прадпрыемствы ў Дняпры і Луцку


Каля 4 гадзін 15 жніўня расейскія войскі нанеслі ўдар па Украіне 28 ракетамі паветранага і марскога базавання. Паветраныя сілы Украіны паведамілі, што знішчылі 16 крылатых ракетаў. Але некаторыя ракеты ўсё ж трапілі ва ўкраінскія гарады.

Разбураны 15 жніўня 2023 года дом у Львове.
Фота: Андрій Садовий / Telegram

Паветраныя сілы Украіны зафіксавалі пускі не менш як 28 крылатых ракетаў розных тыпаў: як з самалётаў з тэрыторыі Расеі, гэтак і з караблёў у Чорным моры.

Па ўсёй тэрыторыі Украіны была абвешчана паветраная трывога. У выніку супрацьпаветраных баёў было знішчана 16 крылатых ракетаў Х-101/Х-555, «Калібр».

Таксама было зафіксавана 8 пускаў расейскіх зенітных кіраваных ракет С-300С-400 па Днепрапятроўскай і Запарожскай вобласцях.

У Луцку падчас абстрэлу ракета трапіла ў прамысловае прадпрыемства. Паводле мясцовых уладаў, тры чалавекі загінулі, яшчэ некалькі пацярпелых знаходзяцца ў больніцы.

У Дняпры расейцы таксама трапілі ў прадпрыемства, узнік пажар. Былі параненыя 59-гадовая жанчыны і 70-гадовы мужчына. Апошняму спатрэбілася шпіталізацыя.

Паведамлялася таксама пра выбухі ў Львоўскай і Хмяльніцкай вобласцях. У Львове былі траплянні ў жылыя дамы, на верхніх паверхах узнік пажар. Адна ракета прыляцела ў двор дзіцячага сада. Агулам пашкоджана больш як 100 кватэр, выбіта больш за 500 шыбаў, разбураны дзіцячы садок. 4 чалавекі атрымліваюць медычную дапамогу, пагрозы іх жыццю няма.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў