Рэйтынг, разбураны землятрусам. Эрдаган прайграе выбары прэзідэнта Турцыі, аднак будзе змагацца да апошняга


Выбары прэзідэнта Турцыі не вызначылі пераможцы: цяперашні кіраўнік дзяржавы Рэджэп Таіп Эрдаган атрымаў 49,42 %, лідар апазіцыі Кемаль Кылычдараглу – 44,95 %. Другі тур адбудзецца праз два тыдні. «Белсат» распытаў усходазнаўцу Руслана Сулейманава, чаму прэзідэнт страціў падтрыманне і як так атрымалася, што пры аўтарытарнай уладзе галасы лічаць сумленна.

Перадвыбарчы мітынг Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Стамбул, Турцыя. 13 траўня 2023 года.
Фота: Dylan Martinez / Reuters / Forum

Асноўная барацьба на выбарах, як і чакалася, разгарнулася паміж Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, які кіруе Турцыяй 8 гадоў, а дасюль 11 гадоў быў прэм’ерам, ды лідарам апазіцыі, старшынёю Рэспубліканскай народнай партыі Кемалем Кылычдараглу. Ніводзін з кандыдатаў не атрымаў больш за 50 % галасоў, і пераможца вызначыцца ў другім туры 28 траўня.

У Эрдагана – 49,42 %, у Кылычдараглу – 44,95 %, і такі вынік крыху нечаканы для апазіцыі, заявіў у каментары «Белсату» усходазнаўца, аўтар Telegram-каналу SULEYMANOV Руслан Сулейманаў:

«Калі падсумаваць усе апытанні, то ўсё ж у Кылычдараглу было болей шанцаў. Ён прыкладна на 2-3 % апярэджваў Эрдагана. Таму стала нечаканасцю для прыхільнікаў Кылычдараглу, што ён набраў менш галасоў, чымся Эрдаган».

Вынікі галасавання ў першым туры выбараў прэзідэнта Турцыі.
Фота: TRT HABER / secim2023.trthaber.com

Пры гэтым Эрдаган не перамог паводле завядзёнкі аўтакратаў – разбуральна і без шанцаў для канкурэнтаў. Суразмоўца «Белсату» тлумачыць: сёлетні землятрус разбурыў не толькі гарады, але і рэйтынг прэзідэнта.

«Ён спрабаваў аб’яднаць нацыю вакол агульнага гора, але ўсё-ткі турэцкае грамадства было вельмі шакаванае, і ў яго сталі памнажацца пытанні, галоўнае з якіх – ці ўсё было зроблена за мінулыя 20 гадоў кіроўнаю Партыяй справядлівасці і развіцця на чале з Эрдаганам, каб пазбегнуць такіх катастрафічных наступстваў. Таксама Эрдагану згадалі, што ён у 2002 годзе прыйшоў да ўлады праз тры гады пасля разбуральнага землятрусу 17 жніўня 1999 года», – кажа Руслан Сулейманаў.

PR не спрацаваў

Апошнім часам Рэджэп Таіп Эрдаган спрабаваў выправіць сітуацыю, браў удзел «у пампезных імпрэзах».

«У прыватнасці – у цырымоніі, звязанаю з дастаўкаю першага паліва на атамную электрастанцыю «Акую», з Пуціным запускаў першы турэцкі электрамабіль, здабычу газу ў Чорным моры і гэтак далей. Аднак гэта неяк неістотна паўплывала на ягоныя пазіцыі, таму можна сказаць, што так, ён прайграе», – адзначыў аналітык.

У дзень выбараў Эрдаган шчодра раздаваў грошы дзецям, у сацсетках жартавалі, што лічыць гэта подкупам выбарнікаў нельга, бо малыя не галасавалі. Руслан Сулейманаў заўважыў, што такі жэст – агулам нармалёвы для Турцыі, аднак іміджу прэзідэнта не дапамог. Хутчэй наадварот.

«Гэта сапраўды святочная традыцыя, калі дарослыя раздаюць, нават кідаюць грошы, што збіраюць дзеці. Гэта падкрэслівае шчодрасць, багацце мужчыны. Але гэта ўжо не моцна працуе на імідж Эрдагана. Гэта магло неяк яму дапамагаць гадоў 10–15 таму, калі эканоміка Турцыі дэманстравала нейкі рост, нават росквіт, але за апошнія гады, калі інфляцыя перавысіла 85 %, калі турэцкая ліра да долара абвалілася ў пяць разоў, вось такія падачкі ўжо выглядаюць камічна», – мяркуе Руслан Сулейманаў.

Няскрадзеныя выбары

Эрдаган за гады кіравання пераўтварыў Турцыю з парламенцкай у прэзідэнцкую рэспубліку, узяў пад кантроль урад, Цэнтральны банк, суды, сілавікоў, у краіне ўзмацнілася цэнзура і барацьба з іншадумствам. І ў гэтых умовах галасы на выбарах лічаць сумленна.

«У Турцыі адносна незалежная выбарчая сістэма. У Эрдагана няма рычагоў уплыву на яе, што пацвердзілі муніцыпальныя выбары 2019 года, калі ў чатырох найбуйнейшых гарадах краіны, у тым ліку Анкара і Стамбул, мэрамі сталіся апазіцыянеры», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

Кандыдат на прэзідэнта Турцыі, старшыня Рэспубліканскай народнай партыі Кемаль Кылычдараглу.
Фота: Kemal Kılıçdaroğlu / Twitter

Сулейманаў заўважыў, што кантроль на выбарах у краіне досыць сур’ёзны. Назіральнікі прыстаўленыя да кожнай скрыні з бюлетэнямі:

«Партыі вядуць свой улік галасоў, затым яго супастаўляюць са звесткамі ЦВК, таму Эрдагану пры ўсім ягоным аўтарытарызме вельмі складана ўчыніць маніпуляцыі. У Турцыі моцныя традыцыі выбараў. Людзі вельмі трапятліва ставяцца да гэтага. У сукупнасці і грамадскі ціск, і традыцыі не дазволілі Эрдагану ўстанавіць такога кантролю над выбарчаю сістэмай, як, напрыклад, над судоваю, дзе ён прызначае 12 суддзяў Канстытуцыйнага суда з 15».

Ці ўтрымаецца правадыр?

Эксперт мяркуе, што больш шанцаў на перамогу – у апазіцыі, асабліва калі да галоўнага канкурэнта Эрдагана перацякуць галасы двух іншых кандыдатаў, якія бралі ўдзел у выбарах:

«У Кылычдараглу ёсць магчымасць згуртаваць вакол сябе як мага больш пратэставага электарату. Але нельга забываць, што Эрдаган хітры, дасведчаны палітык, у яго, пэўна, ёсць нейкія козыры ў рукаве, і ён будзе змагацца да апошняга: у выпадку пройгрышу можа запатрабаваць пералічыць галасы, адмяніць вынікі выбараў. Маючы кантроль над судоваю сістэмай, ён цалкам можа гэтага дабіцца».

Аўтакраты аддаваць улады не любяць, таму нельга выключаць нават грамадзянскага супрацьстаяння. Пры гэтым аналітык сумняецца, што армія захоча браць удзел у кровапраліцці:

«Урэшце, Эрдаган можа выводзіць на вуліцы сваіх прыхільнікаў. А гэта ўжо пагражае нейкім грамадзянскім супрацьстаяннем. Але ў Турцыі, мяркую, ніхто не жадае грамадзянскай вайны, таму ўсё абыдзецца. І калі, тым больш, Эрдагана не падтрымаюць розныя інстытуты ўлады, бізнес-эліты не захочуць падтрымліваць кровапраліцця, то Эрдагану проста давядзецца прызнаць паразу».

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.
Фота: Recep Tayyip Erdoğan / Twitter

Цяпер цягам двух тыдняў будзе трываць барацьба за тых, хто галасаваў за палітыкаў, якія выбылі з гонкі: Сінана Агана і Мухарэма Інджэ.

«Шмат будзе залежыць ад харызмы Кылычдараглу, якой ён, трэба прызнаць, не блішчыць. Ён вельмі сціплы, спакойны, у адрозненне ад Эрдагана, які ўмее заводзіць публіку, хоць ужо, мусіць, не так, як раней», – заўважыў усходазнаўца.

Аналітык таксама не выключыў, што нейкую ролю адыграе Крэмль, улічваючы допіс Кемаля Кылычдараглу ў Twitter пра «расейскіх сяброў», якіх папрасіў не ўмешвацца ў выбары: «Ён, вядома ж, меў на ўвазе славутых расейскіх хакераў, пра якіх шмат гавораць. Пакуль што мы не бачылі нейкіх пацверджанняў гэтаму, але ўсё яшчэ можа выявіцца. І, магчыма, гэта такая опцыя Эрдагана для другога туру».

«Узор дэмакратычнага адхілення аўтакрата»

Руслан Сулейманаў растлумачыў, чаму за гэтымі выбарамі сочыць увесь дэмакратычны свет: туркі ладзяць майстар-клас у мірным адхіленні аўтакрата ад улады.

«Для розных дэмакратычных сілаў ува ўсім свеце Турцыя станецца ўзорам празрыстых дэмакратычных выбараў, на якіх можна адхіліць ад улады шматгадовага аўтакрата, дыктатара. За апошнія гады дэмакратычныя каштоўнасці ў Турцыі душыліся. Было шмат крымінальных справаў фактычна за іншадумства. Шмат якія журналісты, палітыкі былі вымушаныя з’ехаць з краіны, хтосьці апынуўся за кратамі», – адзначыў наш суразмоўца.

Пры гэтым незразумелымі застаюцца перспектывы пасярэдніцтва Турцыі паміж Масквой і Кіевам. Менавіта пры актыўным удзеле асабіста Эрдагана ўжо некалькі разоў ухвалялася ўгода аб экспарце ўкраінскага збожжа морам. Цяперашні прэзідэнт Турцыі, бадай, самая зручная для Захаду асоба, бо мае беспасярэдні кантакт і з Уладзімірам Пуціным, і з Уладзімірам Зяленскім.

«А вось якія кантакты будуць у Кылычдараглу – гэта яшчэ вялікае пытанне. Апазіцыя вельмі асцярожна ставілася і ставіцца да вонкавай палітыкі, у яе перадвыбарчай праграме нічога не сказана пра тое, як спыніць вайну ва Украіне, напрыклад, як выбудоўваць стасункі з Расеяй. Апазіцыя сканцэнтраваная на ўнутраным парадку дня», – заявіў Сулейманаў.

Такім чынам, параза Эрдагана на выбарах праз два тыдні можа паставіць крыж на будучыні збожжавай угоды. Яна, праўда, і цяпер пад пагрозаю: тэрмін цяперашняй скончыцца 18 траўня, а новых дамоўленасцяў яшчэ няма.

Аналітыка
Ці пасінеюць пальцы Султана? Як у Турцыі пройдуць выбары прэзідэнта
2023.05.13 18:19

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў