«Мы зможам прывезці Беларусь дадому». Музыка Сяргей Доўгушаў пра ЗША, новы альбом і цяслярства


Сяргей Доўгушаў – адзін з самых вядомых адмыслоўцаў у галіне беларускай народнай музыкі. Ягоны гурт «Vuraj» і праект «Спеўны сход» быў добра вядомы менчукам. Музыка актыўна ўдзельнічаў у дваровых канцэртах пасля жніўня-2020, але праз ціск быў вымушаны з’ехаць з краіны. Цяпер ён часова жыве ў ЗША і засвойвае новыя прафесіі. Сяргей паспеў арганізаваць шэраг дабрачынных канцэртаў для дапамогі ўкраінцам, запісаць музычны альбом і заняўся цяслярствам. Мы даведаліся, чым жыве лідар гурта «Vuraj» у Амерыцы.

Без рэтушы. Сяржук Доўгушаў

Сяргей Доўгушаў кажа, што пасля вымушанага ад’езду спачатку перабраўся з сям’ёй у Варшаву, дзе актыўна ўдзельнічаў у культурніцкім жыцці і нават далучыўся да стварэння незалежнага аркестру. Пасля здабыцця Green Card ягоная сям’я вырашыла перабрацца ў Штаты. Нейкі час спадар Доўгушаў жыў у Чыкага, але нядаўна пераехаў у Мінэапаліс, штат Мінэсота. Аднак ён вельмі хоча вярнуцца ў Беларусь і спадзяецца, што ЗША не будзе фінальным пунктам у ягонай біяграфіі.

Музыка і цясляр

Сяргей Доўгушаў за цяслярскай працай.
Фота: douhushau / Facebook

Літаральна за некалькі месяцаў у Амерыцы музыка паспеў наведаць 9 розных штатаў і трошкі пазнаёміцца з разнастайнай мясцовай культурай.

«Так апошнім часам я спрабую ўвайсці ў новы для сябе свет. Я ўжо паспеў пабываць у дзевяці розных штатах, наведаць амерыканскае вяселле і пабачыў, што ў ЗША развітая культура сумесных сняданкаў», – кажа Сяргей Доўгушаў.

У Амерыцы Сяргей Доўгушаў вырашыў на нейкі час змяніць свой прафесійны від дзейнасці. Цяпер ён займаецца працай з драўнінай і зборам якаснай мэблі ў горадзе Мінэапаліс. Сяргей кажа, што разнастайная праца і заняткі з дрэвам дапамагаюць яму даць рады з жыццёвымі цяжкасцямі і стрэсам. Яму падабаецца працаваць з дрэвам, і ў перспектыве ён хацеў бы вырабляць драўляныя музычныя інструменты.

Сяргй Доўгушаў едзе на працу.
Фота: douhushau / Facebook

«Чаму займаюся дрэвам і мэбляй? Так супала. Я пераехаў у Мінэапаліс і шукаў варыянты для працы. Спыніўся на мэблі. Параіўся з маім коўчам, які сказаў, што мне б зайшла праца, дзе працуе галава і цела», – распавядае спадар Доўгушаў.

Музыка кажа, што насамрэч любіць новыя заняткі. Ён згадвае, што калісьці ўдома спрабаваў рабіць цікавыя палічкі і думаў пра тое, што гэта будзе карысна для сям’і. Сяргей кажа, што фірма, у якой ён працуе, не нагадвае «ІКЕА», але займаецца вырабамі з добрай драўніны, і часта праекты выглядаюць даволі творчымі.

«Я нават пацікавіўся, ці ёсць такія станкі, каб рабіць дудкі нашыя, але пакуль належныя яшчэ не знайшоў. Мой дзядуля таксама займаўся дрэвам і вырабляў нашыя дудачкі, таму буду спрабаваць знайсці належныя прыстасаванні і спадзяюся, што з часам апроч мэблі змагу і драўляныя музычныя інструменты майстраваць», – кажа Доўгушаў.

З пачатку жыцця ў ЗША Сяргей прыкмеціў, што гэтая краіна вельмі адкрытая для людзей, якія гатовыя працаваць і зарабляць. А тыя, хто хоча больш зарабляць, маюць больш працаваць. Гэтым Штаты адрозніваюцца ад Беларусі, дзе творчая прафесія не можа гарантаваць чалавеку забяспечанасці.

Народныя беларускія танцы ў ЗША.
Фота: douhushau / Facebook

Плануе купальскія святкаванні для дыяспары

Паводле Доўгушава, засваенне новай цяслярскай прафесіі на азначае разрыву з творчасцю. Ён кажа, што ўжо паспеў з канцэртамі аб’ездзіць дзевяць гарадоў у дзевяці розных штатах, і яшчэ плануе наведаць Канаду. Таксама творца адзначае, што выступы там можна планаваць толькі на суботу і нядзелю, ды часам на пятніцу, бо з прычыны складанага графіку людзі фактычна не могуць выбрацца на імпрэзы з панядзелка да чацвярга. Адпаведна, для канцэртаў і выступаў прыходзіцца падладжвацца пад агульны расклад.

«Таксама захапляюся, якая тут актыўная нашая дыяспара. Спадзяюся, што неўзабаве зможам правесці купальскія святкаванні для беларусаў. А ў планах маем нават адкрыццё культурніцкага цэнтру, дзе можна будзе ладзіць танцы, музычныя вечары і падтрымліваць нашае культурніцкае жыццё», – дзеліцца Сяргей Доўгушаў.

Гурт «Slavalachia».
Фота: douhushau / Facebook

Напярэдадні вайны запісаў альбом з музыкамі з Амерыкі і Украіны

«Маё перабыванне ў ЗША нагадвае кіно. Такія гісторыі тут. Едзеш па горадзе, па вуліцах, па хайвэі і згадваеш розныя стужкі. У 2018 годзе я прыехаў у Атэнз, штат Агаё, дзе быў канцэрт, і мая музыка з народнымі спевамі вельмі спадабаліся амерыканцам. З некаторымі мясцовымі музыкамі мы пачалі джэміцца. Так пасябравалі і вырашылі стварыць праект «Slavalachia» – спалучыўшы «славян» і назву аднаго з індзейскіх плямёнаў», – кажа музыка.

Што цікава, альбом быў запісаны ва Украіне. Музыкі адмыслова сабраліся ў Тэрнопалі, дзе ведалі добрую студыю і мелі знаёмствы з мясцовымі музыкамі. Агулам у канцы лета-2021 і пачатку восені было запісана 20 кампазіцыяў. Тады творцы яшчэ не маглі ўявіць, што неўзабаве пачнецца вайна, і яны не хутка змогуць вярнуцца ў гэты горад.

Доўгушаў адзначае, што альбом добра пацэліў у сучасны настрой. Шмат спеваў на ім якраз прысвечаныя вайне і болю.

«Мы, вядома, не маглі падумаць, што так актуальна атрымаецца. Тым болей, што ён такі сяброўскі выйшаў, з удзелам амерыканцаў, украінцаў і беларусаў», – кажа Доўгушаў.

Выступ «Slavalachia».
Фота: douhushau / Facebook

Альбом можна паслухаць на «Spotify» і адмысловым сайце.

Музыка змог забраць з Беларусі амаль усе свае інструменты і здолеў арганізаваць невялікі дабрачынны тур у падтрымку Украіны. Цяпер, нягледзячы на занятасць цяслярскай працай, творца разлічвае на іншыя калабарацыі і праекты.

З якімі эмоцыямі адчувае і перажывае вайну

Доўгушаў адзначае, што людзі ў Амерыцы вельмі спачувальна ставяцца да таго, што адбываецца цяпер ва Усходняй Еўропе. Сяргея ж ваенныя навіны проста выбілі з каляіны.

Даведка
Афіша канцэрту салідарнасці.
Фота: douhushau / Facebook

«Вядома, першыя тыдні вайны былі надта цяжкія, але пасля я пачаў уключацца. Я пабачыў, што беларусы ладзяць столькі ініцыятываў! Валанцёраць, збіраюць дапамогу, і адметна тое, што яны пра гэта амаль не пішуць. Збіраюць добрыя сумы дапамогі, але не крычаць пра гэта навокал, бо гэта нармальна – дапамагаць», – кажа музыка.

Так пачаліся дабрачынныя канцэрты, на якіх збіралі грошы для Украіны. Імпрэзы прайшлі ажно ў дзевяці штатах, агулам атрымалася сабраць звыш 22 000 долараў. Застаўся запланаваным яшчэ канцэрт у Канадзе.

Што бы параіў маладым мігрантам?

«Першае, што варта ведаць, паўсюль ёсць свае, і гэта вельмі адчуваецца. Я прыязджаю ў новы горад і ведаю, што там могуць дапамагчы нават з працай. Не варта жыць, вядома, з разлікам на пастаянную дапамогу. Але трэба шукаць і знаходзіць сваіх заўжды, не губляцца і быць карысным. Развівацца і не стаяць на месцы, не губляць часу і магчымасцяў, не губляць сябе», – кажа Доўгушаў.

Таксама музыка кажа, што жыццё за мяжой не лёгкае, а часам прыносіць і расчараванні.

«Я разумею, што можа стацца так, што я не змагу вернуцца ў Беларусь. Але жыццё не канчаецца на гэтым. Нашыя музыкі ўсе раскіданыя, але мы павінны збірацца там, дзе ёсць. Напрыклад, шмат чаго робяць беларусы ў Варшаве, дзе існуе незалежны аркестр, які я калісьці стварыў. Гэта стварае Беларусь там, дзе яна ёсць. І гэта потым мы можам прывезці дадому. Нельга губляць час», – кажа Доўгушаў.

Заняткі Сяргея Доўгушава.
Фота: douhushau / Facebook

Музыка падзяліўся перажываннямі аб тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Асабліва Доўгушаў пераймаецца за тых, хто застаецца ў турмах. Творца піша лісты, хоць не ўпэўнены, што прыйдзе адказ. Ён адзначае: шмат каго з сяброў трымаюць за кратамі, хочацца дапамагчы ім, калі яны выйдуць на свабоду.

Паслухаць альбом можна тут.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў