«Было відавочна, што ніхто не памрэ». Як Еўропа злезла з энергетычнай іголкі Расеі


Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну беларуская прапаганда палохала еўрапейцаў халоднай зімой. Санкцыі супраць расейскіх энергарэсурсаў сапраўды сталі шокам і для Еўропы. Рост коштаў на іх у ЕЗ па выніках некаторых месяцаў дасягаў больш за 40%. Аднак з траўня 2023 года да лютага 2024 года кожны месяц у ЕЗ назіраецца дэфляцыя па энерганосьбітах – яны таннеюць, паведамляе Еўрастат. «Белсат» разбіраўся, як пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне змяніўся рынак энерганосьбітаў у Еўропе, і што стала з ключавымі сусветнымі гульцамі.

Устаноўка спальвання прыроднага газу на нафтаперапрацоўчым заводзе, які належыць Іркуцкай нафтавай кампаніі, Расея.
Фота: Vasily Fedosenko / Forum

Еўропа нарэшце змагла замяніць расейскі газ

Згодна з дадзенымі Еўракамісіі, доля расейскага трубаправоднага газу ў імпарце ЕЗ знізілася з больш чым 40 % у 2021 годзе да прыкладна 8% у 2023 годзе. На трубаправодны газ і звадкаваны прыродны газ разам узятыя прыходзілася менш за 15% ад агульнага аб’ёму імпарту газу ў ЕЗ.

«Зніжэнне стала магчымым у асноўным дзякуючы рэзкаму павелічэнню імпарту ЗПГ і агульнаму скарачэнню спажывання газу ў ЕЗ», – паведамляе Еўракамісія.

Акрамя таго, кошты на газ вярнуліся фактычна нават не да даваенных, а дакрызіснага ўзроўню 2021 года – блізу $ 300 за 1000 кубаметраў газу, падкрэслівае эканаміст. Зімой 2021 года кошт у Еўропе за 1000 кубаметраў быў вышэйшы за $ 2000.

Расея ўсё яшчэ пастаўляе газ у ЕЗ. Аднак можна лічыць, што еўрапейскі рынак для Расеі фактычна страчаны, калі параўноўваць з абʼёмамі 2021 года, лічыць наш суразмоўца. Цяпер Расея не ключавы, а адзін з многіх пастаўшчыкоў газу ў Еўропу.

Паводле Еўракамісіі, у 2023 годзе самым вялікім пастаўшчыком газу ў ЕЗ была Нарвегія – 30,3 %. За ёй ЗША – 19,4 %. На трэцім месцы Расея – 14,8 %. З невялікім адрывам краіны Паўночнай Афрыкі – 14,1 %. Яшчэ 5,7 % і 5,3 % адпаведна пастаўляюць Вялікая Брытанія і Катар. Астатнія 10,3 % – іншыя больш дробныя пастаўшчыкі.

З 24 лютага 2022 года расейская роля на еўрапейскім рынку энерганосьбітаў змянілася кардынальна, каментуе «Белсату» сітуацыю  эканаміст Максім Блант.

«Еўрапейцы сталі значна менш залежныя ад Расеі – пастаўкі сталі больш разнастайныя. Тое, да чаго яны імкнуліся з 2014 года, нарэшце ажыццявілася. Можа, не зусім бязбольна, але тым не менш.

Калі казаць пра тое, хто адмовіўся ад расейскіх энерганосьбітаў, а хто – не, то такія краіны, як Вугоршчына і Аўстрыя закупляюць больш праз тое, што яны проста на шляху газавай трубы і мацней залежныя ад паставак з Расеі. Хоць залежыць і ад таго, хто там ва ўладзе знаходзіцца.

Першапачаткова было відавочна, што ніхто не памрэ, ва ўсіх усё атрымаецца, таму што краіны Балтыі тое ж самае праходзілі ў 90-я гады», – кажа эксперт.

 

«У другой палове 2021 года, “Газпрам” перыядычна зніжаў пастаўкі, таму што то на адных газаправодах пачынаў праводзіць рамонтныя работы, то яшчэ нешта здаралася. Падобныя паведамленні суправаджаліся ўзлётам коштаў на газ і нафту. Нядаўна прайшло паведамленне, што буйны праект “Новатек” “Арктик СПГ-2″ спыняе працу па звадкаванні газу. Праект сапраўды буйны, але гэта паведамленне на рынак ніяк не паўплывала», – працягвае Максім Блант. – «”Газпрам”, які быў заўсёды курыцай, якая нясе залатыя яйкі, паступова ператвараецца ў курыцу, якая яек ужо не нясе, а патрабуе ўсё больш і больш».

«Бензін з расейскай нафты працягвае дагэтуль паступаць у ЕЗ»

Нафтавы рынак нашмат больш канкурэнтны, таму замяніць расейскую нафту ЕЗ было лягчэй. Аднак абыход санкцый таксама мае месца.

«Да 90-х і нулявых гадоў газ адназначна пастаўляўся толькі па трубах. Гэты крызіс даў штуршок развіццю звадкаванага прыроднага газу. Па ўсёй Еўропе сталі будаваць тэрміналы для прыёму звадкаванага прыроднага газу – ад Іспаніі да Літвы. А нафту вазілі танкерамі заўсёды. Тут мала, што змянілася.

Бензін з расейскай нафты працягвае дагэтуль паступаць на еўрапейскі рынак у выглядзе бензіну або дызельнага паліва, якое закупляецца ў арабскіх краінах. Як ні парадаксальна, арабскія краіны дапамагаюць Расеі абыходзіць абмежаванні», – кажа эксперт.

На еўрапейскім рынку нафты і нафтапрадуктаў Расею выцеснілі ЗША, Нарвегія, арабскія краіны з агаворкай, што яны і дапамагаюць абыходзіць санкцыі.

«Плюс пераход на электратранспарт або на гібрыдныя аўтамабілі. Таксама гэта вельмі магутны штуршок, які атрымаў увесь свет: ад Кітая да Еўропы», – распавядае эксперт.

Што змянілася ў свеце?

Нечаканым наступствам поўнамаштабнай вайны ва Украіне і санкцый супраць Расеі стала ўмацаванне сувязяў унутры АПЕК+. Арабскія краіны не сталі тапіць Расею, каб заняць яе месца на рынку.

«Што дзіўна, калі ўспомніць падзеі 2020 года. Тады здарылася невялікая вайна гандлёвая паміж Расеяй і Саудаўскай Аравіяй, якую падтрымалі арабскія краіны. У выніку гэтага кошты нафты ўпалі ніжэй за нуль», – адзначае Максім Блант.

Таксама на фоне росту коштаў нафты ў 2021-2022 гадах узрасла роля амерыканскай сланцавай нафты.

«Галоўнае, чаго дамагліся Расея і Саудаўская Аравія ў 2021-2022 гадах – гэта рэзкага росту рэнтабельнасці і здабычы на амерыканскіх сланцавых радовішчах. Гэта значыць, чым вышэй цэны, тым больш там здабыча. Гэта і адбылося. Цэны ўзляцелі ўверх, здабыча рэзка стала вельмі рэнтабельнай, адпаведна, яны сталі запаўняць сваімі энергарэсурсамі сусветны рынак», – працягвае эксперт.

Hавiны
WSJ: Нафтавыя санкцыі ў дачыненні Расеі губляюць эфектыўнасць
2023.11.07 12:36

«Усе дзівяцца, чаму расейская эканоміка дагэтуль не павалілася»

Санкцыі супраць Расеі, хоць і месцамі дзіравыя, усё ж зрабілі сваё дзеянне, яны ўдарылі па магчымасцях Расеі абслугоўваць інфраструктуру нафтавай галіны.

«Расейскія нафтавыя кампаніі вельмі моцна залежалі ад паставак заходняга абсталявання. Складана нарошчваць здабычу, падтрымліваць яе на бягучым узроўні без магчымасці чыніць і абнаўляць абсталяванне. Паколькі гэта такая штука, якую ў чамадане не прынясеш, пачынаюцца праблемы», – кажа эканаміст.

Чым даўжэй гэта будзе працягвацца, тым мацней будзе адчувацца тэхналагічная дэградацыя нафтавай галіны Расеі.

«Калі казаць у цэлым пра ўплыў на расейскую эканоміку, то ўсе дзівяцца, чаму расейская эканоміка дагэтуль не павалілася. Да 2022 года значная частка нафтавых звышпрыбыткаў, якія паступаюць у краіну пры кошце звыш $ 40 за барэль, адкладаліся ў скарбонку. Значнай часткі скарбонкі расейская дзяржава пазбавілася», – кажа Максім Блант.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне заходнія краіны заблакавалі расейскія ЗВР на суму блізу $ 300 млрд.

Усё ж, улічваючы рост коштаў на энерганосьбіты ў 2022 годзе, Расея значна зарабіла на пастаўках у Еўропу. Усяго мінеральнага паліва, алеяў і прадуктаў іх перагонкі было прададзена ў ЕЗ на € 147 млрд, а ў 2021 годзе – на € 104 млрд. У 2023 годзе Расея экспартавала ў ЕЗ энергарэсурсаў € 29 млрд.

Аналітыка
Паліва – не збожжа, а тавар для войска. Ці будзе Беларусь закрываць патрэбы расейскай арміі ў паліве?
2024.03.28 19:30

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў