Жыхарам Валожынскага раёну «катэгарычна забаранілі» трымаць свіней


Забарона будзе дзеяць паўгода, паведамілі ў Валожынскім райвыканкаме.

Забарону раённай адміністрацыі размясцілі на сценах вясковых крамаў. Як вынікае з распараджэння, паколькі частка Валожынскага раёну абвешчаная першаю зонаю пагрозы ў захворванні свіней на афрыканскую чуму, жыхары мусілі да 8 ліпеня зарэзаць здаровых свіней на асабістае спажыванне. Каму мяса не патрэбнае, можа здаць свіней жывою вагою на мясакамбінаты.

Закуп свіней будзе рабіцца праз сельсаветы паводле заявак, якія неабходна было падаць да 5 ліпеня. У выпадку выяўлення захворвання свіней грамадзянам трэба тэрмінова звяртацца да ветэрынараў. Самастойныя захады рабіць забаронена.

Той з вяскоўцаў, хто, нягледзячы на забарону, рызыкне займацца свінагадоўляю, будзе пакараны паводле артыкулу 284 Крымінальнага кодэксу (парушэнне ветэрынарных правілаў). За парушэнне артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, папраўчых работаў на тэрмін да 2 гадоў або пазбаўленне волі на такі ж тэрмін з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.

У выпадку выяўлення свіней пры падворным абыходзе пагалоўе будзе канфіскоўвацца без выплаты кампенсацыі, папярэджвае адміністрацыя Валожынскага раёну.

Валожынскі раён мяжуе з Іўеўскім раёнам Гарадзенскай вобласці, дзе ў канцы чэрвеня была зарэгістраваная ўспышка захворвання на афрыканскую чуму свіней (АЧС).

На пачатку ліпеня яшчэ адзін ачаг захворвання выявілі ў Віцебскай вобласці. Беларускі дзяржаўны ветэрынарны цэнтр абвесціў, што выявіў прычыну захворвання свіней у заражаным камбікорме, дастаўленым прадпрымальнікам з-за межаў Беларусі ды рэалізаваным насельніцтву прылеглых раёнаў.

Часовую забарону на ўвоз свіней і свініны з Беларусі ўвялі Расея, Украіна, Польшча, Літва і Латвія. Сітуацыяй з распаўсюдам АЧС у Беларусі вельмі занепакоеныя ўсе краіны Еўрапейскага Звязу. “Калі ў Літве ці ў Латвіі выявіцца хаця б адзін ачаг інфекцыі, гэта прывядзе да спынення экспарту з усяго Еўразвязу”, – заявіў кіраўнік літоўскай ветэрынарна-харчовай службы Ёнас Мілюс.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў