Зянон Пазняк заклікае Лукашэнку і Зяленскага абмяняць ваеннапалонных на палітзняволеных


12 жніўня Зянон Пазняк напісаў асабісты публічны ліст Уладзіміру Зяленскаму і Аляксандру Лукашэнку, у якім заклікаў іх абмяняць палітычных вязняў на ваеннапалонных.

Зянон Пазняк. Скрыншот з праграмы «ПраСвет» на «Белсаце»

«Аляксандр Рыгоравіч і Уладзімір Аляксандравіч, звяртаюся да вас як да звычайных людзей, не ўжываючы вашых афіцыйных тытулаў, бо рашэнне аб справе, па якой я звяртаюся, мае перш за ўсё маральны характар», – такімі словамі пачаў свой публічны ліст дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання Рэспублікі Беларусь, кіраўнік парламенцкай апазіцыі Беларускага народнага фронту і палітычны лідар Нацыянальна-вызвольнага руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк.

Такою справаю палітык называе абмен ваеннапалонных. Зянон Пазняк згадвае двух грамадзянаў Беларусі (Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча), якія ваявалі супраць Украіны ў расейскім войску, трапілі ў палон і былі асуджаныя ва Украіне да пазбаўлення волі на 10 і 9 гадоў адпаведна. Пазней яны звярнуліся да ўладаў Рэспублікі Беларусь з просьбай абмяняць іх на палітзняволеных Рэспублікі Беларусь.

Зянон Пазняк, у сваю чаргу, звяртаецца да Зяленскага і Лукашэнкі з просьбаю паспрыяць такому абмену, улічыць ягоную прапанову і пазіцыю шмат якіх беларусаў у Польшчы.

Палітык прапанаваў «абмяняць палонных Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча на палітычных вязняў у Беларусі: Вольгу Залатар – маці пяцярых няпоўнагадовых дзяцей, засуджаную на 4 гады пазбаўлення волі, і журналіста Дзяніса Івашына, засуджанага на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі».

«Публічны ліст не найлепшы спосаб у такой важнай справе, – дадае Зянон Пазняк. – Я не валодаю ўладай і сваім статусам не ў стане выкарыстаць метады дыпламатыі, прыдатныя ў гэтым выпадку. Звяртаюся наўпрост, абапіраючыся толькі на свой аўтарытэт сярод адданых для Беларусі людзей і не забыты ва Украіне. Такі абмен магчымы. Ён будзе добрым для ўсіх».

У канцы свайго ліста палітык напісаў, што зычыць «шчасця людзям Беларусі і шчасця людзям Украіны, каб будучыня нашых народаў была вольнай, светлай, дружнай і прыгожай».

Hавiны
Палонныя беларусы, якія ваявалі на баку Расеі, просяць Лукашэнку абмяняць іх на каліноўцаў ці палітвязняў
2023.08.05 23:57

Раман Шавель belsat.eu

 

Стужка навінаў