Для журналіста Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч запатрабавалі 6 гадоў калоніі


На чацвёрты дзень суда ў справе адвакаткі Юліі Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйкі адбыліся судовыя спрэчкі. Пракурор запатрабаваў для палітвязняў 6 гадоў калоніі кожнаму.

Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч падчас суда.
Фота: belta.by

Выступіць з апошнім словам ім дадуць 20 ліпеня.

Суд над журналістам і грамадскім дзеячам Паўлам Мажэйкам і адвакаткай Юліяй Юргілевіч распачаўся 10 ліпеня ў Гарадзенскім судзе. Толькі падчас разбору стала вядома, за што іх судзяць. Палітзняволеных абвінавачваюць у перадачы звестак «Белсату» ў лютым – сакавіку 2022 года, што расцанілі як «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361 КК).

Паводле матэрыялаў справы, Павел Мажэйка нібыта «дзеяў у групе асобаў пры папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч і з лютага да сакавіка 2022 года перадаў нявызначаным асобам для размяшчэння на інтэрнэт-парталах арганізацыі «Белсат» атрыманую ад Юліі Юргілевіч інфармацыю наконт пазбаўлення яе ліцэнзіі адваката і выключэння з Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў і наконт разгляду Менскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні Алеся Пушкіна і прызначэння яму пакарання».

Потым, згодна з абвінавачаннем, гэтыя звесткі былі «апублікаваныя ў адкрытым доступе ў сетцы Інтэрнэт нявызначанымі ўдзельнікамі арганізацыі «Белсат», што забяспечыла неабмежаванаму колу асобаў доступ да названай інфармацыі».

Мажэйка быў арыштаваны 30 жніўня 2022 года па вяртанні ў Беларусь і ўжо амаль год застаецца за кратамі гарадзенскай турмы. Дэталі ягонай справы трымаліся ў сакрэце, толькі ўвесну стаў вядомы артыкул, паводле якога яго затрымалі, – «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Нядаўна Паўлавага адваката Аляксандра Бірылава пазбавілі ліцэнзіі і выключылі з калегіі адвакатаў.

У лютым 2022 года Юлію Юргілевіч выключылі са складу Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў за нібыта «сістэматычныя парушэнні заканадаўства». Адвакатку затрымалі па вяртанні з Польшчы 30 жніўня 2022 года. У той жа дзень быў затрыманы і Павел Мажэйка. Юргілевіч працавала адвакаткаю амаль 18 гадоў. Яна бараніла ў судах палітвязняў Алеся Пушкіна, Ігара Банцэра, Андрэя Сакалоўскага, Арцёма Баярскага, Андрэя Аўсіевіча.

Гісторыі
«У лістах ён намагаецца нас падтрымаць – і яны сапраўды дадаюць сілаў». У Горадні пачалі судзіць журналіста і грамадскага дзеяча Паўла Мажэйку
2023.07.10 15:17

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў