Чаму Іран атакаваў Ізраіль – і да чаго тут Газа, «Хамас», «Хізбула» і хусіты


У ноч з 13 на 14 красавіка Іран атакаваў Ізраіль мноствам дронаў і ракет. Нагодай стала атака Ізраілю па тым, што Іран называе сваім консульствам у Сірыі, двума тыднямі раней, але прычыны варожасці між Іранам і Ізраілем куды даўнейшыя і больш складаныя.

Алі Хамэнэі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фактычны кіраўнік Ірану аятала Алі Хамэнэі. На фоне – партрэт аяталы Рухалы Хамэйні, лідара ісламскай рэвалюцыі. Тэгеран, Іран. 22 траўня 2023 года.
Фота: Irna.ir

Гэта першая наўпроставая атака па Ізраілі з тэрыторыі Ірану, але адносна бяскрыўдная. З тэрыторыі Ірану па Ізраілі запусцілі звыш 200 дронаў-камікадзэ і дзясяткі крылатых ракет. Гэтая атака нагадвае расейскія ўдары па Украіне іранскімі дронамі (якія ўкраінцы называюць «мапедамі» за характэрны гук), толькі ў дзясятак разоў больш маштабную. Раней Іран не ладзіў гэткіх наўпроставых, «афіцыйных» атак. Ізраіль сцвярджае, што 99 % запушчанага было збітае, забітых няма, ёсць толькі пацярпелыя ад падзення аскепкаў. Не дачакаўшыся прылёту, Іран заявіў, што атака завершаная, прыгразіў Ізраілю больш сур’ёзнымі ўдарамі і папрасіў Злучаныя Штаты не ўмешвацца.

Гісторыі
«Новы год, ядзім пад салют у небе». Як жыхары Ізраілю перажылі ноч пад іранскімі ракетамі
2024.04.14 12:59

Нагода – атака Ізраілю па іранскім консульстве ў Сірыі. 1 красавіка хтосьці нанёс паветраны ўдар па будынку ў сірыйскім Дамаску блізу амбасады Ірану, забіў 16 чалавек, у тым ліку двух іранскіх генералаў і сем афіцэраў. Атаку прыпісваюць Ізраілю, хоць сам Ізраіль такія ўдары па іранскіх аб’ектах за мяжой звычайна не каментуе. Іран сцвярджае, што будынак выкарыстоўваўся як консульства. Аднак іранскія вайскоўцы маглі аказацца ў будынку невыпадкова: Іран трымае войскі ў Сірыі і даўно трэнуе на тэрыторыі Сірыі тэрарыстаў «Восі супраціву», у тым ліку ліванскай «Хізбулы». У канцы мінулага году падобным авіяўдарам у Дамаску быў забіты высокапастаўлены дарадца іранскага Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі, каардынаваў вайсковую супрацу паміж Сірыяй і Іранам. У 2020 годзе ЗША падобным чынам забілі ў Іраку камандуючага элітным спецпадраздзяленнем «Кудс» у складзе Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Але на гэты раз выглядае, што ЗША не маюць дачынення да атакі, а Ізраіль не каардынаваў атаку з саюзнікамі.

Іран раней атакаваў Ізраіль толькі ўскосна, праз проксі-сілы. У нефармальную антыізраільскую «Вось супраціву» пад кіраўніцтвам Ірану ўключаюць ліванскую «Хізбулу» і палестынскі «Хамас», рэжым Башара Асада ў Сірыі, іракскія «Сілы народнай мабілізацыі», еменскіх хусітаў і іншыя сілы на Блізкім Усходзе. Менавіта гэтыя падтрыманыя Іранам сілы, а не сам Іран, раней атакавалі Ізраіль. У такіх выпадках казалі аб «верагодным адмаўленні» (анг. plausible deniability): Іран заяўляў, што «гэта не мы», як Расея казала, што «гэта не мы», у вайне на Данбасе да 2022 года. Праўда, пытанне пра ступень кантролю Ірану над сваімі проксі спрэчнае – магчыма нават, што Іран не ўзгадняў атаку «Хамас» на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года. Цяпер жа Іран, як кажуць эксперты, быў вымушаны пайсці на наўпроставую атаку на Ізраіль, каб не страціць падтрымку прыхільнікаў жорсткай лініі супраць Ізраілю і ўплыў на арабскі свет.

Агляд
Што за арганізацыі «Хамас» і «Хізбула», якія абвясцілі вайну Ізраілю. І хто стаіць за імі
2023.10.10 07:00

Іран наўрад ці хоча ўвязвацца ў вялікую вайну з Ізраілем і Захадам. Неўзабаве пасля атакі 13–14 красавіка начальнік Генштабу Ірану заявіў, што аперацыя «дасягнула мэтаў», зноў прыгразіў больш маштабнай атакай у выпадку ўдару ў адказ. Але з заявы вынікае, што Іран не хоча поўнамаштабнай вайны. Незадоўга да гэтай атакі Іран даваў сігнал ЗША, галоўнаму вайсковаму саюзніку Ізраілю, што адкажа на ўдар Ізраілю па будынку ў Дамаску такім чынам, каб «пазбегчы сур’ёзнай эскалацыі», і «не будзе дзеяць паспешліва». Злучаныя Штаты адразу пасля нападу «Хамас» на Ізраіль перакінулі ў рэгіён сваю авіяносную групу, а «ястрабы» ў Штатах заклікалі бамбіць Іран яшчэ пасля студзеньскай атакі праіранскіх баевікоў на базу ЗША ў Іярданіі. Да таго ж, іранскі рэжым вельмі непапулярны ў Іране, аб чым сведчылі ў тым ліку маштабныя пратэсты 2022–23 гадоў, а іранская эканоміка ў жудасным стане праз заходнія санкцыі і няўдалыя дзеянні ўраду.

Агляд
Забытыя войны і пратэсты. Што з імі сталася, пакуль свет сачыў за іншым
2024.02.15 06:00

Да 1990-х Ізраіль і Іран насамрэч сябравалі. Іран выступаў супраць раздзелу Брытанскага мандату ў Палестыне на арабскую і габрэйскую дзяржавы, але ўжо ў 1950 годзе фактычна прызнаў Ізраіль незалежнай дзяржавай. Ірану і Ізраілю не падабаўся рост уплыву СССР на Блізкім Усходзе і рост арабскага нацыяналізму, Іран быў найбуйнейшым пастаўнікам нафты ў Ізраіль. Пасля ісламскай рэвалюцыі 1978–79 гадоў новыя ўлады Ірану занялі антыізраільскую пазіцыю на словах і на дыпламатычным полі, а таксама пачалі падтрымку антыізраільскіх груповак, але захвалі сувязі з ізраільскімі ўладамі. Ізраіль падтрымліваў Іран у ірана-іракскай вайне 1980–88 гадоў, бо Ірак быў на той момант найбольшай пагрозай Ізраілю. Ды й Ізраіль не верыў, што іранскі рэжым аятолаў пратрымаецца доўга, яшчэ ў 1987 годзе тагачасны міністр абароны Ізраілю Іцхак Рабін называў Іран «найлепшым сябрам Ізраілю». Але пасля заканчэння вайны ў Персідскай затоцы ў 1991 годзе стасункі Ірану і Ізраілю істотна пагоршыліся праз тэрарыстычныя атакі іранскіх проксі-сілаў на Ізраіль.

Абноўлена
Ізраіль адбіўся ад нападу Ірану і абяцае адпомсціць. ЗША не хочуць атакаваць Тэгеран
2024.04.13 22:43

Дарэчы, іранцы і палестынцы – не радня, а між Іранам і Ізраілем звыш 900 км. Іранцы або персы – мусульмане, якія пішуць арабскімі літарамі, але яны не арабы. Іранскія народы – гэта персы, таджыкі, курды, пуштуны. Палестынцы маюць складанае паходжанне, але 14 стагоддзяў таму перажылі арабізацыю, як і персы. Ды калі цяпер палестынцы лічаць сябе арабамі (такімі, як у Егіпце, Іраку, Іярданіі, Ліване…), а ў Іране арабы – этнічная меншасць. Падтрымка Іранам антыізраільскіх груповак мае не этнічныя, а рэлігійна-ідэалагічныя прычыны: Ізраіль «акупаваў мусульманскія землі». Іран і Ізраіль не маюць супольнай мяжы, іх раздзяляе больш за 900 км, тэрыторыі Іраку, Сірыі і Іярданіі. Праз гэтую адлегласць «наземная» наўпроставая вайна між Іранам і Ізраілем выглядае вельмі малаімавернай, а «паветраная» – дарагой і малаэфектыўнай.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў