news
Аналітыка
У Беларусі будзе новы Кодэкс. Штосьці стане лепш, але галоўнай праблемы ён не развяжа
«Не так істотна, з якой хуткасцю ты едзеш, калі ты едзеш у няправільным кірунку».
16.03.202407:00

У Беларусі падпісаны новы Кодэкс – Кодэкс грамадзянскага судаводства, які амаль праз два гады заменіць сабою два цяперашнія. Дакумент, на думку юрыстаў, змяшчае ў сабе пэўныя станоўчыя моманты, але пры гэтым у ім усё адно застаюцца найгалоўнейшыя праблемы судовай сістэмы краіны.

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 13 лютага 2021 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Аляксандр Лукашэнка 11 сакавіка падпісаў Кодэкс грамадзянскага судаводства. Ён будзе рэгуляваць парадак ажыццяўлення судамі агульнай юрысдыкцыі грамадзянскага судаводства і судаводства ў эканамічных справах, які цяпер устаноўлены Грамадзянскім і Гаспадарчымі працэсуальнымі кодэксамі.

«Пытанне аб змяненні гэтых кодэксаў узнікла ў сувязі з аб’яднаннем гаспадарчых і агульных судоў у адну сістэму і неабходнасцю ўніфікацыі нормаў грамадзянскага працэсуальнага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства. Найбольш прымальным і эфектыўным спосабам такой уніфікацыі ўяўлялася падрыхтоўка адзінага працэсуальнага кодэксу», – заяўлялі ў Вярхоўным судзе ў 2022 годзе.

Як адзначаў старшыня Вярхоўнага cуда Валянцін Сукала, Кодэкс грамадзянскага судаводства прадстаўляе агульны ўніверсальны працэсуальны рэгламент для грамадзянскага і эканамічнага правасуддзя. Хоць у агульным эканамічным правасуддзі існуе розная тэрміналогія, розныя стадыі звароту ў суд, віды судовых паведамленняў, спрошчаных і скарочаных працэдур, формы прымірэння бакоў і ўдзелу пракурораў і інш. Па-рознаму вылічаюцца працэсуальныя тэрміны.

«Перад распрацоўнікамі стаяла вельмі складаная задача не механічнага злучэння двух дзейных кодэксаў, што было тэхнічна немагчыма, а творчае, разумнае, рацыянальнае спалучэнне класічнага судовага і арбітражнага працэсу з захаваннем неабходных асаблівасцяў кожнага з іх», – дадаў Сукала.

Паводле яго, «прыняцце кодэксу дасць магчымасць судам усіх узроўняў практычна рэалізаваць пастаўленыя задачы па павышэнню эфектыўнасці беларускага правасуддзя».

У дакуменце вызначаныя агульныя палажэнні разгляду грамадзянскіх і эканамічных справаў: прынцыпы судовай дзейнасці, падведамнасць, правы і абавязкі ўдзельнікаў працэсу і іншае.

Кодэкс змяшчае таксама шэраг навацыяў, сярод якіх:

  • увядзенне ў пазоўную вытворчасць інстытуту калектыўных пазоваў (такі пазоў можа прадʼявіць група пазоўнікаў да агульнага адказчыка);
  • устанаўленне новага віду судаводства – спрошчанай вытворчасці (справы ў такім парадку прапануецца разглядаць у скарочаныя тэрміны, без правядзення судовага пасяджэння і выкліку бакоў);
  • замацаванне магчымасці замірэння ў справах, якія ўзнікаюць з адміністрацыйных і іншых публічных прававых стасункаў – з дапамогай медыяцыі, перамоваў, прымірыцельнай працэдуры;
  • вылучэнне электронных доказаў у якасці самастойнага віду сродкаў даказвання;
  • замацаванне магчымасці працэсуальнага звароту не толькі юрыдычных асоб, але і грамадзянаў у выглядзе накіравання электроннага дакументу, падпісанага электронным лічбавым подпісам.

Таксама прадугледжваецца пераход усіх судоў да перагляду судовых пастаноў па трох інстанцыях (апеляцыя, касацыя і нагляд).

«У цэлым удасканаленне дзейных механізмаў вырашэння грамадзянскіх і эканамічных спрэчак праз укараненне сучасных працэсуальных нормаў, засяроджванне ўсіх працэдур у адным нарматыўным прававым акце будуць садзейнічаць аптымізацыі судовага працэсу, эканоміі часовых і матэрыяльных затрат удзельнікаў працэсу, павышэнню ўзроўню даступнасці і эфектыўнасці правасуддзя», – заяўляюць у Палаце прадстаўнікоў.

Доўгі шлях дакументу

Праект Кодэксу прайшоў вельмі даўгі шлях да свайго зацвярджэння. Ён быў распрацаваны ў мэтах выканання даручэння Лукашэнкі, дадзенага яшчэ 5 красавіка 2019 года па выніках нарады ў пытаннях удасканалення дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі. На грамадскае абмеркаванне быў вынесены праз тры гады – у сакавіку 2022 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Палата прадстаўнікоў прыняла яго ў першым чытанні яшчэ 14 снежня 2022 года. Але пры падрыхтоўцы да другога чытання паступілі 83 заўвагі і прапановы, з якіх больш за 20 былі ўлічаныя. У выніку законапраект завіс яшчэ больш як на год і ў другім чытанні быў прыняты толькі 31 студзеня 2024 года. Праўда, далей ужо было ўсё хутка. 19 лютага яго зацвердзіў Савет Рэспублікі, а 11 сакавіка падпісаў Лукашэнка.

Але да набыцця дакументам моцы міне яшчэ амаль два гады – Кодэкс запрацуе толькі з 1 студзеня 2026 года. То бок, ад ініцыявання дакументу да пачатку яго працы мае прайсці амаль сем гадоў.

Пры гэтым тэксту Кодэксу грамадзянскага судаводства ў агульным доступе няма. Ёсць толькі версія, вынесеная на грамадскае абмеркаванне два гады таму. Раман Кісляк, юрыст «Human Rights Impact», у каментары «Белсату» патлумачыў гэта агульнай закрытасцю сістэмы прыняцця нарматыўных актаў. Пры гэтым ён мяркуе, што пасля апублікавання дакументу і перад набыццём ім моцы, у Кодэкс яшчэ паспеюць унесці пэўныя змены, калі будуць выяўленыя нейкія «страчаныя шэрыя зоны або дрэнныя нормы, няякаснае заканадаўства, якія могуць ствараць праблемы».

1 + 1 = 1

Як адзначыў Кісляк на падставе праекту 2022 года, дакумент утрымлівае нормы з абодвух дзейных кодэксаў, «і ў гэтым ёсць карысць, безумоўна». Тым не менш, ён нагадаў, што ў дзейных гаспадарчым і цывільным працэсах усё ж ёсць пэўная розніца, якая цяпер таксама збліжаецца і ўніфікуецца.

«Гэтыя дзве сістэмы, па сутнасці, збліжаюцца. Гэта прыклад такой уніфікацыі заканадаўства», – сказаў юрыст.

Таксама, паводле яго, ёсць пэўныя нормы, якія гавораць пра выкарыстанне замежнага права, пра выкарыстанне дзелавых звычаяў ды іншыя «пэўныя навелы». Пры гэтым юрыст падкрэсліў і тое, чаго няма ані ў новым кодэксе, ані ў дзейных гаспадарчым, грамадзянскім ці крымінальным кодэксах – «належнай незалежнасці» судоў, бо ў іх надалей застаецца моцны ўплыў дзяржавы.

Лічбавізацыя – добра, але давер важнейшы

У сваю чаргу юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк адзначыў, што імкненне ўладаў Беларусі зрабіць судовую сістэму больш цэнтралізаванай і аднастайнай, уніфікаваць правілы гульні мае свае хібы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«І шмат хто з прафесійных удзельнікаў рынку, як то антыкрызісныя кіраўнікі, адвакаты, крытыкавалі гэта. Бо не вельмі зручна разглядаць спрэчкі двух буйных прадпрыемстваў паводле тых самых правілаў, што і падзел маёмасці ўмоўных Светы і Васі – фізічных асобаў, у якіх і маёмасць іншая, і бухгалтэрыі няма, і тэрміны спрэчкі ды мэты іншыя», – заявіў юрыст.

Уніфікацыя ж, на яго думку, можа не пайсці на карысць ніводнай спецыялізацыі. Паводле яго, незалежныя юрысты наадварот выступалі за большую спецыялізацыю судоў: асобныя суды ў пытаннях банкруцтва, падатковых спрэчках і іншага, якія патрабуюць адмысловых, у тым ліку эканамічных, ведаў.

«Калі ж адныя і тыя ж суддзі (чаго пакуль няма, але да чаго ідзе) будуць разглядаць падатковыя спрэчкі і, напрыклад, спрэчкі пра ДТЗ, дзе таксама можа быць грамадзянскі пазоў, гэта будзе больш паніжаць якасць, чым павышаць», – сказаў юрыст.

Кірылюк мяркуе, што змяненні ў Кодэкс накіраваныя не на паляпшэнне жыцця грамадзянаў, «хоць гэтым прыкрываюцца», а на тое, каб спрасціць уплыў на судовую ўладу. Гэта, на яго думку, яшчэ больш знізіць пазіцыі Беларусі ў міжнародных рэйтынгах правасуддзя, якія і так пасля 2020 года «паляцелі ўніз». А буйныя карпарацыі перад тым, як рабіць інвестыцыі ў краіну, у тым ліку аналізуюць тое, як там працуе судовая сістэма. Раней улады хвалявала пытанне такіх рэйтынгаў, але цяпер «гэта для іх не прыярытэт», сказаў Кірылюк. І ўплыў уладаў на суды ўздзейнічае на краіну больш за ўсе лічбавізацыі, электронныя пазовы і спрошчаныя вытворчасці, дадаў юрыст.

«Гэта пашкодзіць усім грамадзянам Беларусі: і тым, хто за, і тым, хто супраць – усе мы зробімся бяднейшымі», – сказаў праўнік.

Кірылюк прызнаў, што лічбавізацыя і хуткасць правядзення працэсаў у Беларусі большая, чым у шэрагу заходніх краінаў. І, на яго думку, навацыі кодэксу могуць яшчэ больш павялічыць хуткасць судовай вытворчасці, але гэта не значыць, што яны павысяць давер людзей да самой судовай сістэмы, які важнейшы за хуткасць і лічбавізацыю:

«Не так істотна, з якой хуткасцю ты едзеш, калі ты едзеш у няправільным кірунку».

Паводле Кірылюка, судовая сістэма Беларусі агулам не спрыяе даверу грамадзянаў да яе.

«Калі людзі давяраюць сістэме, яны выконваюць судовыя рашэнні, слухаюць суд, паводзяць сябе як законапаслухмяныя грамадзяне. А ў апошнія некалькі гадоў мы бачым, што ў Беларусі выгадней крымінальніку. Бо тым можаш абрабаваць кіёск, атрымаць тры гады і сядзець у лепшых умовах за чалавека, які бюлетэнь сфатаграфаваў ці падпісаўся не на той тэлеграм-канал. І гэтае несупадзенне дзеянняў і пакаранняў знішчае ўсю гэтую эфектыўнасць», – заявіў юрыст.

Ён адзначыў, што гэта, напрыклад, адбіваецца на працэдуры медыяцыі, якую актыўна рэкламавалі і ўкаранялі ў Беларусі перад 2020 годам. Але ў ёй, у прыватнасці, кепска рэалізуецца прымусовае выкананне рашэнняў, у выніку чаго іх прасцей і танней не рэалізоўваць.

А вось рост даверу да судовай сістэмы, яе незалежнасць наадварот спрыялі бы таму, што рашэнні судоў хутчэй і прасцей рэалізоўваліся. І гэта б зрабіла жыццё грамадзянаў значна лепш за лічбавізацыю незаконных рашэнняў, заключыў юрыст.

Макар Мыш belsat.eu