У Ісландыі вулканічная лава дасягнула жылых дамоў


Пасля вывяржэння вулкану на паўвыспе Рэйк’янэс лава дасягнула жылых дамоў у горадзе Грындавіку, перадае тэлерадыёкампанія RÚV. Загарэліся прынамсі тры пабудовы. Пры гэтым сейсмічная актыўнасць у раёне знізілася.

Наступствы вывяржэння вулкану на паўвыспе Рэйк’янэс у Ісландыі. 14 студзеня 2024 года.
Фота: RÚV / ruv.is

Жыхароў Грындавіку эвакуявалі ўначы. Да стыхійнага бедства рыхтаваліся: выкапалі адмысловыя равы для лавы і збудавалі дамбы.

У горадзе пашкоджаная інфраструктура, няма вады, электрычнасці і ацяплення.

«Электрычная інфраструктура, трубы ацяплення былі пашкоджаны з-за ваганняў зямлі і патокаў лавы. Дакладная шкода пакуль не вядомая», – паведаміла ісландская энергакампанія «HS Veitur».

Гарадскія ўлады падзякавалі ратавальнікам і адмыслоўцам, што дапамагаюць змагацца з наступствамі. «Сумна бачыць наш любімы родны горад у такім стане. Самае галоўнае, што нікому нічога не пагражае, і мінулай ноччу эвакуацыя гораду прайшла паспяхова», – адзначаецца ў паведамленні.

Жыхарам дазволілі ўзяць з сабой толькі самае неабходнае.

«Мы проста назіраем за гэтым на камерах, і больш нічога не можам зрабіць», – кажуць гараджане.

На авіяспалучэнне здарэнне не паўплывала.

Гэта другое вывяржэння вулкану на паўвыспе Рэйк’янэс менш чым за месяц. У снежні жыхароў Грындавіку таксама эвакуявалі, і да новага загаду аб выездзе ў дамы вярнуліся некалькі соцень асобаў.

Абноўлена
Яшчэ адно вывяржэнне вулкану на паўвыспе Рэйк’янэс у Ісландыі. Лава насоўваецца на горад
2024.01.14 14:21

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў