У Латвійскім Екабпілсе навадненне і пагроза прарыву дамбы


У Латвійскім Екабпілсе ўзровень вады ў рацэ Даўгаве (Заходняя Дзвіна) дасягнуў рэкорднай адзнакі 8,86 метра і працягвае ўзнімацца. Існуе пагроза прарыву ахоўнай дамбы, пачалася эвакуацыя насельніцтва. Аб гэтым паведамляе партал «DELFI.LV». 

У Екабпілсе вадаў у Даўгаве ўзнялася амаль на 9 метраў.
Фота: Delfi / delfi.lv

Паведамляецца, што ўзровень вады ў Даўгаве ў раёне Екабпілсу па-ранейшаму расце, дасягнуўшы ўжо ўзроўню 8,86 метра. У пятніцу 13 студзеня пачалася эвакуацыя насельніцтва з раёнаў, якім пагражае падтапленне. Мэр Екабпілсу Райвіс Рагайніс паведаміў, што супрацоўнікі муніцыпальных службаў спрабуюць пазбегнуць прарыву дамбы, умацоўваючы яе ў самых уразлівых месцах.

Па словах мэра, калі вада прарве дамбу, то хваля з вады і лёду вышынёй у некалькі метраў можа літаральна знішчыць адзін з мікрараёнаў гораду. Узровень вады ў рацэ працягвае расці прыкладна на тры сантыметры за гадзіну і ўжо блізкі да гістарычнага рэкорду 1980 года, калі вада ўзнялася да адзнакі 8,97.

У пятніцу ўвечары ў сваёй заяве мэр Рагайніс прызнаў, што ўзровень вады працягвае падвышацца і можа дасягнуць рэкордна высокага ўзроўню. Тым, хто не хоча эвакуявацца і плануе застацца ўдома, рэкамендуюць забяспечыць сябе харчаваннем сама меней на пару дзён.

Па словах Рагайніса, адказныя ўстановы робяць усё магчымае для забеспячэння бяспекі. Дапамога добраахвотнікаў пакуль не патрабуецца. Калі сітуацыя пагоршыцца і трэба будзе апавясціць большую колькасць жыхароў аб неабходных дзеяннях, Служба ратавання можа прыняць рашэнне ўключыць у горадзе сірэны трывогі.

У Екабпілсе вадаў у Даўгаве ўзнялася амаль на 9 метраў.
Фота: Delfi / delfi.lv

Людзей просяць наведаць пажылых людзей і спытаць ці не патрэбна ім дапамога і, магчыма, эвакуацыя. Мець зносіны просяць па тэлефоне. Екабпілскія прытулкі гатовы паклапаціцца аб хатніх жывёлах, калі сямʼя вымушана эвакуявацца.

З-за вялікага прытоку вады пачала разбурацца ахоўная дамба. Яе тэрмінова рамантуюць, засыпаючы грунт цяжкай тэхнікай, спадзеючыся, што яна вытрымае. «Даўгава можа вельмі хутка знайсці новы напрамак і прайсці праз мікрараён вуліцы Цэлтніку», – заявіў Рагайніс. Жыхары самі зʼязджаюць на машынах, таму дакладна сказаць, колькі людзей эвакуяваліся, немагчыма.

У горадзе адкрыты эвакуацыйныя пункты, эвакуацыйныя аўтобусы прадстаўляюцца жыхарам, якія знаходзяцца ў схільных да паводак раёнах. Самакіраванне распаўсюджвае інфармацыю аб эвакуацыі і тэлефоны выратавальных службаў па ўсіх сетках сувязі.

Кіраўніцтва латвійскай Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службы знаходзіцца ў Екабпілсе і дапамагае ў працы, дастаўлены кантэйнер з выратавальным абсталяваннем – лодкамі, помпамі і іншымі неабходнымі рэчамі.

У Екабпілсе вадаў у Даўгаве ўзнялася амаль на 9 метраў.
Фота: Delfi / delfi.lv

У сувязі з пагрозай паводкі ў Екабпілскай рэгіянальнай больніцы ўвядзе рэжым надзвычайнага рэагавання. Прыём новых пацыентаў спынены, больніца рыхтуецца да магчымай эвакуацыі. Пацыентаў, якія знаходзяцца ў цяжкім стане, ужо дастаўлены ў іншыя медычных ўстановы. У мясцовых школах адмененыя заняткі, паступова закрываюць прадпрыемствы, людзей вывозяць аўтобусамі.

Паведамляецца, што хуткага паляпшэння сітуацыі ў найбліжэйшыя дні не чакаецца. Нават калі адталая вода Даўгавы прарвецца праз затор лёду да Плявінскага вадасховішча, то калі мароз вернецца, ледзяныя заторы зноў пачнуць ушчыльняцца, і ўзровень вады ізноў паднімецца.

У Екабпілсе пражывае каля 22 тысячаў чалавек.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў