На судзе ў справе журналіста Генадзя Мажэйкі разгледзелі 9 тамоў матэрыялаў справы


У Менскім гарадскім судзе працягваецца працэс над былым журналістам «”Комсомольской правды” в Беларуси» Генадзем Мажэйкам. На папярэднім паседжанні суд разглядзеў тры апошнія тамы справы – пісьмовыя матэрыялы. Усяго ў справе дзевяць тамоў, паведамляе радыё «Свабода».

Генадзь Мажэйка ў судзе.
Фота: Sputnik

На 14 снежня ў суд выклікалі экспертаў, якія праводзілі судовую фонаскапічную экспертызу. Суд павінен вызначыць, каму належыць голас на аўдыязапісе, знойдзеным у дыктафоне журналіста.

Справа ў тым, што ў кастрычніку 2021 году падчас ператрусу ў кватэры Генадзя Мажэйкі апроч іншых рэчавых доказаў забралі працоўны дыктафон журналіста, у якім знайшлі аўдыязапіс сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерам Варанецкім у Лошыцы, якая адбылася летам 2020 году.

Паводле версіі следства, Мажэйка на гэтай сустрэчы агітаваў супраць дзейнай улады і падтрымліваў «апазіцыйна настроеных» удзельнікаў, «парушаючы агульначалавечую мараль». Сам Мажэйка яшчэ ў першы дзень суду пацвердзіў, што прысутнічаў на сустрэчы, але моўчкі сядзеў з ноўтбукам і занатоўваў – рабіў рэпартаж. А словы, якія прыпісваліся яму, сказаў іншы чалавек, які сядзеў побач.

Адвакат журналіста знайшоў відэазапіс той сустрэчы, які далучылі да матэрыялаў справы. Таксама абаронца журналіста настаяў, каб у суд выклікалі адмыслоўцаў, якія рабілі экспертызу.

«Зразумела, што Гена нічога не выкрыкваў на сустрэчы з дэпутатам, ён працаваў там як журналіст. Усё залежыць ад таго, як павядуць сябе эксперты. Яны ж разглядалі аўдыязапіс сустрэчы, які быў знойдзены ў дыктафоне Генадзя. А тут знайшоўся відэазапіс, мы вельмі на яго спадзяёмся», – кажа сябар Генадзя Мажэйкі.

Таксама пачаўся разгляд рэчавых доказаў: шматлікіх флэшак, дыскаў, ноўтбука, фотаздымкаў. Аднак пракурорка зазначыла, што нічога з пералічанага не мае дачынення да справы, таму ўсе гэтыя рэчы будуць вернутыя Мажэйку.

Працэс над журналістам вядзе суддзя Тацяна Фалькоўская, якая нядаўна прысудзіла 8 гадоў калоніі журналістцы Ксеніі Луцкіной.

Генадзь Мажэйка ўжо больш за год застаецца ў СІЗА, яго затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце ў Маскве і вярнулі ў Беларусь. Журналіста абвінавачваюць у парушэнні адразу двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: аб «распальванні сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК РБ) і аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК РБ).

Падставай для пераследу журналіста стаў артыкул, апублікаваны на афіцыйным сайце газеты неўзабаве пасля таго, як стала вядома пра страляніну ў кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Менску, у выніку якой загінулі IT-спецыяліст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. У матэрыяле, апублікаваным на сайце kp.by, аднакласніца Зельцара Вера Салаўёва дзялілася добрымі ўспамінамі пра забітага айцішніка.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў