ЗША: Паўночная Карэя паставіла ў Расею больш за 1000 кантэйнераў з боепрыпасамі


Злучаныя Штаты Амерыкі ў пятніцу 13 кастрычніка ўпершыню адкрыта абвінавацілі Паўночную Карэю ў пастаўках зброі ў Расею.

Вайсковы парад у Паўночнай Карэі.
Фота: AFP

Паводле звестак, якія атрымаў Вашынгтон, цягам апошняга месяцу Паўночная Карэя адгрузіла ў Расею больш за 1000 кантэйнераў з ваенным рыштункам і боепрыпасамі.

У перыяд з 7 верасня па 1 кастрычніка карабель пад расейскім сцягам даставіў груз са складу боепрыпасаў у КНДР у расейскі порт, адкуль груз быў перавезены на расейскі ваенны склад, заявіў Белы дом.

«Мы асуджаем пастаўку Расеі гэтага ваеннага рыштунку, – сказаў дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Пол Кірбі. – Мы працягнем адсочваць любыя новыя пастаўкі зброі Расеі».

У верасні кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын здзейсніў візіт у Расею, які працягваўся каля тыдня. Цягам гэтага часу ён сустрэўся з Уладзімірам Пуціным і міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу. Пуцін і паўночнакарэйскі лідар сустрэліся на касмадроме «Усходні».

Hавiны
New York Times: Кім Чэн Ын хутка прыедзе ў Расею абмяркоўваць пастаўкі боепрыпасаў
2023.09.05 00:04

Напярэдадні гэтага візіту заходнія эксперты выказвалі меркаванні, што Расея можа папрасіць у Паўночнай Карэі зброю і боепрыпасы для вайны ва Украіне, аднак па выніках візіту Кім Чэн Ына пра падобныя дамоўленасці афіцыйна не паведамлялася.

«Спадар Пуцін хоча ўгаварыць спадара Кіма даслаць Расеі артылерыйскія снарады і супрацьтанкавыя ракеты, а спадар Кім хацеў бы, каб Расея забяспечыла Паўночную Карэю перадавымі спадарожнікавымі тэхналогіямі і атамнымі падлодкамі», – перадавала The New York Times словы крыніцы сярод амерыканскіх чыноўнікаў.

Аб’ектыў
Лукашэнка ўбачыў падабенства Беларусі і Паўночнай Карэі
2023.09.09 23:34

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў