«Дэвальвацыя ідзе малымі крокамі». Долар сёлета падаражэў у Беларусі на 18 %


Апошнімі днямі амерыканская валюта таннее, хоць 8 верасня яна дасягнула сёлетняга максімуму. У той дзень долар каштаваў 3,2824 рубля паводле Нацбанку. Еўра фактычна паўтарае траекторыю амерыканскага калегі. Эканаміст Дзмітрый Крук у размове з «Белсатам» з жалем канстатаваў: курс валютаў у Беларусі амаль цалкам залежыць ад Расеі.

Курсы абмену валюты на табло побач з аддзяленнем аднаго з банкаў у Верхнім горадзе. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Паводле курсу Нацбанку, сёння за долар даюць 3,2198 рубля. Пры гэтым таргі на Беларускай валютна-фондавай біржы пачаліся з росту долара да 3,2474 рубля. А 8 верасня амерыканская валюта скокнула да 3,2824 рубля і абнавіла такім чынам гадавы максімум. Сёлета долар падаражэў у Беларусі на 17,6 %.

Еўра свой сёлетні рэкорд паставіў 15 жніўня – у гэты дзень ён дасягнуў 3,5753 рубля. Сёння на адкрыцці біржавых таргоў ён крыху патаннеў, каштуе цяпер 3,4626 рубля, а паводле курсу Нацбанку – 3,4525 рубля. Адносна еўра нашыя грошы сёлета страцілі 18,4 % кошту.

Расейскі рубель, наадварот, апошнія два месяцы застаецца на сёлетнім мінімуме. Калі ў пачатку года, 13 студзеня, за 100 расейскіх рублёў давалі 3,8738 беларускага, то сёння паводле курсу Нацбанку – 3,3961 нашага рубля. На біржы валюта суседняй краіны патаннела да 3,3859 рубля. Цягам года беларускі рубель умацаваўся адносна расейскага на 10,3 %.

Фактычна цану долара і еўра ў нашай краіне вызначае Расея. Старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук у размове з «Белсатам» канстатаваў: курс валютаў у Беларусі ад Беларусі не залежыць. Эканаміст вельмі вобразна распавёў пра тое, што адбываецца:

«Расейскі рубель для нас можна ўявіць як нейкі карабель, якім мы рухаемся. Вось карабель рухаецца, і мы рухаемся. Але мы самі яшчэ можам рухацца ў межах гэтага карабля. Галоўны чыннік у нашым выпадку – рух расейскага рубля-карабля. На жаль, мы да гэтага рубля прымацаваныя».

Адзінае, што можа дазволіць сабе Беларусь, – уласны рух па палубе гэтага ўяўнага судна. «Пакуль ён не істотны, але патэнцыйна і ён можа ўключыцца ў агульны эфект», – сказаў эксперт.

Каментар
Сем месяцаў запар беларусы прадаюць валюты болей, чымся купляюць
2023.09.07 19:01

Суразмоўца «Белсату» адзначыў, што беларускі рубель ужо плаўна дэвальвуецца, аднак працэс можа паскорыцца. Тут могуць паўплываць і ўнутраныя чыннікі, як, напрыклад, дэфіцыт вонкавага гандлю, але, «на вялікі жаль, усё завязана на расейскі рубель».

«Мы паставілі сябе ў такія ўмовы, якія не ад нас залежаць. Галоўнае пытанне, што далей з расейскім рублём будзе адбывацца, а там даволі цяжкая і непразрыстая гісторыя, яна фактычна ўпіраецца ў пытанне, што будзе з расейскімі нафтагазавымі прыбыткамі», – тлумачыць Крук.

Ён канстатаваў, што прагназаваць курс валютаў амаль немагчыма:

«На кароткі час, на некалькі месяцаў, хутчэй, я бачу перадумовы, што плюс-мінус расейскі рубель зафіксуецца там, дзе ён цяпер. Але ступень нявызначанасці што ў адзін, што ў другі бок – істотная. Расейскі рубель можа як істотна ўзмацніцца, гэтак і істотна абрынуцца. Нявызначанасць проста гіганцкая, і яна цалкам пераносіцца на беларускі рубель».

Каментар
У задушлівых абдымках Расеі: што чакае эканоміку Беларусі і нацыянальную валюту
2023.09.01 18:19

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў