«Ці то ён скраў, ці то ў яго скралі…». Разважанні, навеяныя «паляваннем» на Азарава

Мяне арыштавалі ў сераду, 25 студзеня 2017 года, а ўжо ў пятніцу ўвечары па ўсіх дзяржаўных тэлеканалах (а таксама ў «Саўбеліі» і іншых буйных друкаваных СМІ) асабіста Лукашэнка, з падачы тагачаснага кіраўніка КДБ Вакульчыка, распавёў усёй краіне, які я злачынец, як «разлажыў» усю сістэму ЖКГ, як выводзіў за мяжу мільёны долараў, як пабудаваў карупцыйную сетку па ўсёй краіне і з-за гэтага бедныя жыхары пераплачвалі за камунальныя паслугі. Ну, і «ўсё такое».

Фота: Аляксандр Кныровіч / Facebook

Я ляжаў на нарах, глядзеў у тэлевізар і думаў. Па-першае – «няўжо гэта ўсё адбываецца са мной? Гэтага проста не можа быць». Па-другое – «навошта яны гэтак хлусяць?»

Потым было шмат чаго. Абвінавачванні ў выведзеных грошах расталі як смарагдавая смуга і следчым прыйшлося «нацягваць саву на глобус», мільённыя хабары абярнуліся абвінавачваннем у памеры кошту аднаго «Жыгуля» (трохі б.у.), ды і жыхары роднай Беларусі, пасля майго арышту і пасадкі чамусьці пачалі плаціць за паслугі ЖКГ больш, а не менш.

Усё гэта было потым, а тады, у суровую зімовую пятніцу 27 студзеня 2017 года, да ўсякага разбору, суду і следства, я быў публічна абвешчаны злачынцам, і ўсё астатняе стала сумна прадказальным.

Менавіта гэтыя, вельмі траўматычныя ўспаміны, зноў вярнуліся да мяне пад уплывам разгортвання эпічнага палатна «паляванне на Аляксандра Азарава» (палатно, алей, лета 2023 г.).

Так, унутры арганізацыі BYPOL канфлікт, і канфлікт прадказальны, закладзены ў той самы момант, калі былыя сілавікі вырашылі, што ў іх «не будзе галоўнага».

Выдатны спосаб арганізацыі для нефармальнай супольнасці… студэнцкай або для аматараў гарлавых бурацкіх спеваў. Ды і там такая структура будзе асуджаная на эвалюцыю (у лепшым выпадку), паколькі мастацкі кіраўнік усё ж такі патрэбны.

Прадказальны ўнутраны канфлікт, з’яўленне аб’ектыўна неабходнага, але непразрыстага фонду BYPOL, ўваходжанне Азарава ў АПК пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай і нефармальнае яго лідэрства ў публічным полі кожны раз, калі згадваўся BYPOL – усё гэта стварала ўмовы для нападак на яго, і – для канфлікту.

Канфлікт мусіць быць развязаны, у адпаведнасць з тымі (фармальнымі і нефармальнымі) працэдурамі, пра якія дамовіліся ў самым пачатку заснавальнікі BYPOL.

Гэтая арганізацыя павінна працягнуць сваю працу. З Аляксандрам, ці без? Вырашаць ім, унутры.

Здзіўляе іншае. За межамі арганізацыйнага канфлікту на Азарава вылілася такая плойма памыяў з усіх бакоў, што гэта папросту бянтэжыць.

Разбор
Скандал у «BYPOL»: што вядома, чаму гэта важна і чаму вельмі кепска
2023.06.09 16:43

Грамадзяне, вы чаго наогул?

«Азараў супрацоўнічаў з КДБ». У якасці доказу прыводзяцца лічбы пацярпелых, удзельнікаў плану «Перамога», якія трапілі ў Беларусі пад суд менавіта з гэтым абвінавачваннем. Сёння такіх каля 50-ці чалавек з… ну, як мінімум, дзясяткаў тысяч удзельнікаў плану. Чым тлумачаць абвінаваўцы такую малую «эфектыўнасць зліву»? Ды нічым. Яны і не збіраюцца нічога тлумачыць, навошта? Бо дастаткова гучна пракрычаць: «Азараў скраў грошы!» Калі, колькі і ў каго? Няма дадзеных. Іх папросту – няма.

Людзі, якія маюць права задаваць такія пытанні, члены назіральнай рады Фонду BYPOL, кажуць аб наяўнасці «пытанняў» і просяць справаздачнасць, нічога іншага пакуль не сцвярджаючы. Крычаць жа, як каты ў сакавіку, менавіта тыя, хто ніякага паняцця аб выдаткоўванні грошай Фонду не мае. За межамі гэтых двух тэзісаў існуюць толькі агульныя развагі пра мінулае Азарава, пра тыя дзеянні, якія ён здзяйсняў, будучы супрацоўнікам сілавых структураў.

Гэта, як мінімум, дзіўна.

Мы, калектыўна, сцвярджаем, што ўся лукашэнкаўская сістэма сілавых структураў даўным-даўно прагніла наскрозь, і мы ж разлічваем убачыць супрацоўніка «цалкам у белым», які даслужыўся ў гэтай сістэме да адносных вышыняў? Жалезная логіка. Ох, мае рацыю тады Зянон, «вакол адныя агенты»!

Непрыгожая гэта гісторыя.  У першую чаргу непрыгожая яна тым, што вымкнуўся вонкі унутраны канфлікт у арганізацыі, якая павінна была б служыць сімвалам цішыні і прафесіяналізму. Гэта, вядома, б’е па ўсіх дэмакратычных сілах. І па тых, хто з захапленнем сёння публічна топіць BYPOL, у тым ліку. Шкада, што яны гэтага не ўсведамляюць.

Сумна тое, што агрэсія, якая вымкнулася вонкі, адкрытае шальмаванне, навешванне цэтлікаў і публічнае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў да таго, як будуць прад’яўленыя хоць нейкія доказы… усё гэта так патыхае Лукашэнкам 2.0, што ажно вочы рэжа.

Што цікава, сярод усіх заўзятых крытыкаў і публічных «пракурораў» чамусьці не знаходзіцца ніводнага барацьбіта за грамадскую карысць, які падаў бы заяву аб здзяйсненні Азаравым злачынства.

Каму падаваць? Ну хоць бы варшаўскаму ўчастковаму. Ну, а куды яшчэ, калі вам стала вядома аб здзяйсненні злачынства? Альбо – па месцы здзяйснення злачынства, альбо па месцы знаходжання адказчыка. Так належыць паводле законе.

Толькі гэта – сумна і малаперспектыўна. Значна цікавей спрабаваць натхніць лозунгамі «крадуць!» даўно парадзелую купку ўласных прыхільнікаў.

Брыдка гэта, і хочацца памыць рукі.

Я не ведаю, які Аляксандр Азараў у працы, як ён вядзе справы і, можа быць, у будучыні, выявіцца, што ўсе абвінавачванні – праўда. Можа. Людзі – як людзі.

Але я б вельмі хацеў, каб там, у той далёкай новай Беларусі, да якой вельмі хочацца дажыць, «прэзумпцыя невінаватасці» была чымсьці большым, чым замежная юрыдычная тэорыя, якая не мае дачынення да жыцця.

І каб публічная палітыка паменш нагадвала папсовыя расейскія ток-шоу. Мне здаецца, мы гэтага вартыя.

Каментар
Заснавальнік «BYPOL» Андрэй Астаповіч пра канфлікт у арганізацыі: «Ні на чыім баку выступаць не буду»
2023.06.10 00:45

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў