Музыкі спрабавалі перасекчы беларуска-украінскую мяжу праз пункт пропуску «Выступовічы», аднак у іх узніклі праблемы. Пра гэта паведамляюць у чатах беларускай дыяспары ва Украіне.
У гурту J:МОРС на 14 лютага запланаваны канцэрт у Кіеве.
Менеджарка гурту Вольга паведаміла «Медиазоне», што ўкраінскія памежнікі сказалі ім, што ў каманды нібыта няма падставаў для ўезду ў краіну. Такая аргументацыя вельмі здзіўляе менеджарку, бо ёсць афішы іх канцэрту ў Кіеве, а квіткі прадаюцца ўжо два месяцы.
«На гарачай лініі гавораць, што няма падставаў для адмовы. А самі памежнікі не пускаюць. Мы спрабуем зразумець, каму, можа быць, патэлефанаваць. Пакуль што нейкі вельмі заблытаны момант», – распавядала Вольга.
Позна ўвечары выданне Zerkalo.io паведаміла, што ў выніку музыкам усё ж адмовілі ва ўездзе ва Украіну. Яны правялі на мяжы некалькі гадзінаў.
На фоне эскалацыі вайскова-палітычнага напружання ў рэгіёне ў грамадзянаў Беларусі на гэтым тыдні пачалі ўзнікаць праблемы з уездам ва Украіну. Напрыклад, 12 лютага адмову ва ўездзе ва Украіну атрымаў беларускі журналіст і аўтар Youtube-каналу «Жизнь-малина» Мікіта Мелказёраў. Паводле звестак медыяў, дзяржаўная памежная служба Украіны вырашыла часова не пускаць ва Украіну ўсіх мужчын прызыўнога ўзросту з беларускім грамадзянствам.
Беларусь разглядаюць як адзін з магчымых шляхоў расейскага нападу на Украіну: цяпер на беларускай тэрыторыі трываюць буйныя расейска-беларускія вайсковыя вучэнні, і расейскіх вайскоўцаў бачаць далёка ад афіцыйных палігонаў. Паводле ацэнак NATO, у Беларусі цяпер могуць быць каля 30 тысяч расейскіх жаўнераў – гэта найбуйнейшае разгортванне войскаў у Беларусі пасля халоднай вайны. Аляксандр Лукашэнка публічна паабяцаў выступіць на баку Расеі ў выпадку вайны з Украінай, рыторыка рэжыму апошнім часам набыла выразную антыўкраінскую скіраванасць.
РР belsat.eu