Каля кафедральнага сабору ў Менску задумалі помнік мітрапаліту Філарэту і плошчу ў ягоны гонар


Гадавіну смерці мітрапаліта Філарэта, які быў праваслаўным патрыяршым экзархам Беларусі, адзначылі 12 студзеня памінальнаю службай у Жыровіцкім манастыры, дзе ён пахаваны.

Свята-Духаў кафедральны сабор. Менск, Беларусь. 6 студзеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Цяперашні патрыяршы экзарх, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін (Віталь Тупека) расказаў пра планы ўшанаваць памяць Філарэта (Кірыла Вахрамеева), перадае дзяржаўны тэлеканал СТВ.

Аб праекце помніку Філарэту перад Свята-Духавым кафедральным саборам у Менску гарадскія ўлады расказвалі яшчэ ў траўні 2021 года. Паведамлялі, што ідэю ўхваліў Аляксандр Лукашэнка. Веньямін расказаў, што цяпер помнік ужо рыхтуюць да ўсталявання, таксама рыхтуюць шмат якія мемарыяльныя дошкі ў цэрквах, якія наведваў або якія заснаваў Філарэт.

Але Веньямін расказаў, што і плошчу перад галоўнаю праваслаўнаю святыняю Беларусі назавуць у гонар Філарэта.

Цяпер плошча ў Верхнім горадзе не мае ніякай назвы, а сабор месціцца на вуліцы Кірыла і Мяфодзія 3. На плошчы таксама стаіць былы касцёл святога Іосіфа, дзе цяпер месціцца Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі ды Архіў-музей літаратуры і мастацтва.

Hавiны
«Ён быў жывою легендаю». Згадваем спачылага мітрапаліта Філарэта
2021.01.13 16:25

Будучы мітрапаліт Кірыл Вахрамееў нарадзіўся ў 1935 годзе ў Маскве ў купецкай сям’і, якая ў 1913 годзе атрымала дваранства. У 1959 годзе стаў манахам з імем Філарэт, а праз два гады – святаром. У 1965-м яго пасвяцілі ў епіскапы. У 1975-м Філарэт быў прызначаны мітрапалітам Берлінскім і Сярэднееўрапейскім.

У 1978 годзе Філарэт быў прызначаны мітрапалітам Менскім і Беларускім. Кіраўніком Праваслаўнай царквы ў Беларусі ён заставаўся да 2013-га. Адначасова да 1984 года займаў пасаду Патрыяршага Экзарха Заходняй Еўропы і старшыні Аддзелу вонкавых царкоўных стасункаў Маскоўскага Патрыярхату з 1981 да 1989 года. У 1990–1995 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі.

Філарэт ствараў і разбудоўваў Беларускую праваслаўную царкву, арганізоўваў багаслоўскія навучальныя ўстановы. Пры ім аднавілі Крыж Еўфрасінні Полацкай, у царкоўны каляндар занеслі новае свята – Сабор Беларускіх святых, пераклалі Біблію на сучасную беларускую мову.

АА belsat.eu

Стужка навінаў