Наймалодшай ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў магло быць некалькі тыдняў


Для «Белсату» пра «Сталінскі спіс», апублікаваны радыё «Свабода», распавядае яго ўпарадкавальнік Сяргей Дубавец.

– Якім чынам вам удалося дайсці да спісу рэпрэсаваных у Беларусі ў сталінскія часы?

– Матэрыялы знаходзіліся ў Цэнтральным архіве КДБ Беларусі ў Менску. На пачатку 90-ых гадоў я атрымаў гэтыя стандартызаваныя дадзеныя ў форме табліцаў. Разам з прыходам да ўлады Лукашэнкі доступ да архіваў быў закрыты.

– На чым палягала ўпарадкаванне гэтага спісу?

– Я мусіў «расшыфраваць» інфармацыю з табліцаў. Дадзеныя былі прадстаўленыя ў форме лічбаў. Да прыкладу, прыналежнасць да сацыяльнай групы была прадстаўленая лічбамі: 1 – рабочы, 2 – селянін і гэтак далей. І ўсё гэта трэба было распісаць у форме індывідуальных біяграмаў. Кажуць, што адна смерць – гэта трагедыя, а смерць тысячы – статыстыка. Тое, што я атрымаў у КДБ, – гэта была менавіта такая сухая статыстыка, трэба было перарабіць яе ў больш чытэльную форму.

– Паводле вашай інфармацыі, 60 тыс. прозвішчаў – гэта толькі адна дзясятая ўсіх ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі. Дзе інфармацыя пра іншых?

– 600 тыс. ахвяраў – гэта афіцыйная лічба, якую падавалі ў беларускіх энцыклапедыях да прыходу да ўлады Лукашэнкі. У гэтых спісах, што мы апублікавалі, не стае гомельскага раёну – хутчэй за ўсё спісы знаходзяцца ў архівах гомельскага КДБ. Таксама мала інфармацыі з Гарадзеншчыны. Але маем поўныя дадзеныя пра асуджаных на Берасцейшчыне, Меншчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Не ведаем дакладна, што яшчэ знаходзіцца ў архівах КДБ, магчыма, інфармацыя пра палітычных асуджаных была знішчаная.

– Ці гэтыя выракі хоць нечым абгрунтаваныя?

– Адным з найчасцейшых абвінавачанняў быў шпіянаж для Польшчы. Што цікава, калі на Віцебшчыне ў 1937–1938 гадах за гэта каралі смерцю, то на Гарадзеншчыне ды ў іншых раёнах, далучаных у 1939, абвінавачаныя атрымлівалі ўжо «толькі» 3–5 гадоў лагеру альбо ссылку.

– Чаму ж раптам суды сталі менш суворымі?

– У 1938 годзе ў СССР асуджаная вялізарная колькасць людзей на падставе выдуманых абвінавачанняў. Тады ж з’явіўся вядомы артыкул Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў. Да пытання калгаснага руху». Гэта быў сігнал для органаў, каб зменшыць «перавыкананне плану» і караць не так сувора і не гэтак масава.

– Колькі гадоў мела наймаладзейшая ахвяра рэпрэсіяў і за што была асуджаная?

– Наймаладзейшая ахвяра магла быць нават колькітыднёвым дзіцём, якога, натуральна, судзілі разам з бацькамі, як чальца сям’і рэпрэсаваных. Аднак нават у дачыненні яго складалі асобную крымінальную справу. Расстрэльваць можна было асобаў з 12 гадоў. Перад 1937 годам у гэтай справе ўвялі негалосную дырэктыву.

– Калі казаць пра нацыянальнасць асуджаных, ці ёсць нейкія схемы?

– Даволі відавочныя – палякі, у прынцыпе, аўтаматычна траплялі ў катэгорыю «польскіх шпіёнаў». НКУС атрымліваў «заказ» на канкрэтную катэгорыю абвінавачаных, і трэба было прыпісаць да яе вызначаную лічбу грамадзянаў польскага паходжання. Але былі сярод «шпіёнаў» і беларусы, і габрэі з расейцамі. Калі ж трапляўся латыш, то станавіўся «агентам латвійскай выведкі», хоць гэтая катэгорыя была менш частая за «польскіх шпіёнаў».

– За што перадусім асуджалі этнічных беларусаў?

– Апроч шпіянажу для Польшчы, беларусаў асуджалі як «небяспечных элементаў». Напрыклад, жаўнеры Булака-Булаховіча атрымалі выракі за тое, што былі чальцамі «Беларускага Нацыянальнага Цэнтру» – выдуманага дзеля патрэбаў абгрунтавання тэрору.

– Якое абвінавачанне было самым бессэнсоўным з тут пералічаных?

– У Віцебску была пральня, што належала кітайцам, – хутчэй за ўсё, імігрантам з Манджурыі. У Віцебску быў цэнтр кітайскай дыяспары на некалькі сотняў чалавек. Усе яны былі асуджаныя як японскія шпіёны.

– Апублікаванне гэтага спісу – гэта таксама ініцыятыва радыё «Свабода». Ці ўлады зрабілі хоць штосьці, каб раскрыць інфармацыю пра лёс ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў?

– Цягам апошніх 20 гадоў у гэтай справе нічога не робіцца. Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, з’явіліся нават спробы сакрыцця негатыўных ацэнак сталінзму і вяртання да савецкай версіі гісторыі. Палітычныя рэпрэсіі меліся быць прадстаўленыя як неабходны этап гістарычнага працэсу. Паводле гэтай версіі, гвалтоўная індустрыялізацыя вымагала менавіта гэткіх захадаў мабілізацыі, і таму, нібыта, з’явілася неабходнасць знішчыць тых, хто перашкаджаў у гэтым працэсе. Аднак Беларусь не магла мець дыяметральна іншага стаўленн’я да тых часоў, чымся ў Расеі, Украіне, Польшчы ды ў балтыйскіх краінах. Таму ўлады вырашылі, што лепш гэтую справу проста праігнараваць.

Я.Б.,belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары