Крымінальную справу супраць Герасімені і Апейкіна, якую будуць разглядаць завочна, перадалі генпракурору


Следчы камітэт паведаміў аб завяршэнні расследавання крымінальнай справы супраць Алімпійскай медалісткі Аляксандры Герасімені і дырэктара Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Апейкіна – яны стануць аднымі з першых беларусаў, каго беларускі суд будзе судзіць завочна. Цяпер справа перададзена генеральнаму пракурору для далейшага накіравання ў суд.

Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін у варшаўскай студыі «Белсату». 21 кастрычніка 2020 года.
Фота: Яна Пракопчык / Белсат

«Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэту ў парадку спецыяльнай вытворчасці скончана папярэдняе расследаванне ў дачыненні да Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна – кіраўнікоў так званага беларускага фонду спартыўнай салідарнасці. Крымінальная справа перададзена генеральнаму пракурору для накіравання ў суд», – гаворыцца ў паведамленні.

Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна абвінавачваюць у закліках да санкцыяў (ч. 3 арт. 361 КК) – завочна ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў. Яны заснавальнікі Беларускага фонду спартовай салідарнасці, які дапамагае рэпрэсаваным спартоўцаў. Аднак Аляксандра Герасіменя з нядаўняга часу больш не займаецца Фондам. Спецыяльнае вядзенне супраць іх распачало 29 верасня Галоўнае следчае упраўленне СК.

Раней Аляксандра Герасіменя пракаментавала сваё трапленне ў спіс асоб у дачыненні да якіх распачата «спецыяльная вытворчасць» так:

«Шчыра кажучы, ніяк не паставілася да гэтай навіны. Па сутнасці, толькі паветра скалынаюць і эфект бачнасці ствараюць. […] Што да пазбаўлення беларускага грамадзянства, то многія ўжо падалі на міжнародную абарону і пашпарт ролі не гуляе. Забіраюць маёмасць, ну, дык яны ў мяне ўжо забралі ўсё, забіраць больш няма чаго», – сказала Герасіменя.

Артыкулы
«Мая краіна апускаецца на ўзровень тэрарыстаў». Юрыст НАУ пра завочныя суды над палітуцекачамі
2021.11.30 11:33

Спецыяльнае вядзенне дазваляе весці крымінальную справу ў дачыненні абвінавачанага, які перабывае за межамі Беларусі і які ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Згодна з арт. 468-27 КПК, даведацца пра распачатае спецыяльнае вядзенне можна праз сайт Следчага камітэту. Таксама «абвінавачаны лічыцца належным чынам апавешчаным аб правядзенні ў дачыненні яго спецыяльнага вядзення, выкліку ў орган, які вядзе крымінальны працэс, а таксама аб прынятых у справе рашэннях з дня, наступнага за днём размяшчэння інфармацыі».

Закон аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае з’яўленне ў Беларусі завочнага следства і суда над абвінавачанымі, калі тыя застаюцца па-за межамі Беларусі, 21 ліпеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Артыкулы
Завочныя суды над беларусамі. Чаго чакаць і што рабіць, калі пазбаўляюць грамадзянства і маёмасці
2022.10.06 14:52

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў