У рамках праграмы вопытна-прамысловай эксплуатацыі другі энергаблок БелАЭС выведзены на 100% магутнасці для правядзення дынамічных выпрабаванняў, паведамляе прэс-служба Мінэнерга.
На станцыі спецыялісты правядуць шырокі спектр вымярэнняў, у тым ліку з наступнай разгрузкай энергаблока і ацэнкай характарыстык абсталявання перад пачаткам яго комплекснага апрабавання на намінальнай магутнасці.
Вечарам 10 ліпеня другі энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі ўключылі ў сетку пасля паспяховага завяршэння планавых выпрабаванняў. Ад сеткі другі энергаблок быў адключаны для выпрабаванняў 28 чэрвеня. Першае ўключэнне ў сетку другога энергаблоку БелАЭС адбылося 13 траўня 2023 года.
Увесці блок у прамысловую эксплуатацыю плануюць сёлета.
У канцы траўня Літва зноў заклікала Беларусь прыпыніць эксплуатацыю АЭС праз дэфекты. Электрастанцыю прасілі не эксплуатаваць да таго часу, пакуль не будуць вырашаны ўсе пытанні ядравай бяспекі.
Алена Рувіна belsat.eu