Улады павялічылі колькасць падаткаў. Ці акупіцца іх збор?


Улады Беларусі значна павялічылі колькасць і памер падаткаў у бягучым годзе і адмянілі многія льготы. Так, індывідуальныя прадпрымальнікі ўжо не змогуць скарыстацца спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, а самазанятыя атрымалі новы падатак. Эканамісты ў размове з «Белсатам» звяртаюць увагу на праблемы, якія ўзнікаюць у сувязі з гэтымі новаўвядзеннямі.

Беларускія рублі.
Фота: Белсат

Улады Беларусі абнавілі падатковы кодэкс. Сярод новаўвядзенняў – адмена спрошчанай сістэмы падаткаабкладання для індывідуальных прадпрымальнікаў і новы падатак для самазанятых.

Што датычыцца прадпрымальнікаў, то новыя правілы яны яшчэ не да канца зразумелі. У сувязі з гэтым бізнесоўцы маюць шмат пытанняў.

«Зроблены такі эксперымент, калі адныя віды падаткаў замянілі іншымі і многія падаткі павялічылі, прычым, некаторыя нават удвая, і гэта моцна ўдарыла па прадпрымальніках, асабліва па тых, хто гандлюе на рынках. Многія пакуль не разумеюць, як цяпер плаціць падаткі, і вымушана прыпынілі сваю працу. Раней гандляры працавалі па спрошчанай сістэме падаткаабкладання.  Цяпер у іх дзве магчымасці: або звярнуцца да адзінага падатку, або перайсці на агульную сістэму ўліку і падаткаабкладання», – распавёў на ўмовах ананімнасці адзін беларускі эканаміст.

Паводле эксперта, аплата адзінага падатку можа прывесці да валюнтарызму з боку ўладаў. Рэч у тым, што адзіны падатак адрозніваецца па відах гандлю і тавараў, і шмат што ў выніку залежыць ад мясцовых чыноўнікаў, якія не заўсёды справядліва да гэтага падыходзяць. Другая ж сістэма патрабуе паўнавартаснага ўліку, а дзеля гэтага ўжо неабходны бухгалтар, паколькі не кожны прадпрымальнік можа самастойна весці ўлік. Таму сітуацыя для дробнага бізнесу даволі складаная, кажа эканаміст.

Александр Кнырович, бизнесмен, предприниматель, Варшава, Польшча
Бізнесовец Аляксандр Кныровіч. Варшава, Польшча. 2 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч тлумачыць, што колькасць і памер падаткаў выраслі ў адпаведнасці з інфляцыяй у межах ад 13 % да 20 %. Дзяржава сёлета шукае любыя крыніцы для прыбыткаў, таму звярнулі ўвагу на самазанятых, адзначыў ён. Чыноўнікі палічылі, што самазанятыя ўжо маюць даволі вялікія прыбыткі, таму і адмянілі ранейшыя льготы для гэтай катэгорыі.

«У кожны падатак, калі глядзець на яго прафесійна, закладваецца каштарыс падатковага адміністравання.  Гэта тое, колькі каштуе збор гэтых падаткаў. Калі ўспомніць пра колішнюю спробу сабраць падаткі з так званых дармаедаў, то памятаем, што там адразу ж было відавочна, што высілкі, якія выдаткоўвае дзяржава на гэты падатак, у выніку будуць меншыя, чым сабраныя сумы. Такі крок прыносіў толькі страты для дзяржавы. Цяпер падобная сітуацыя. Сродкі і высілкі на тое, каб сабраць падаткі з тых жа самазанятых, будуць нашмат большымі, чым збяруць у бюджэт падаткаў. Гэта чарговае глупства ўладаў, але мы жывем у гэтым», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Паводле бізнесоўца, логікі і прагматызму ў такіх захадах беларускіх чыноўнікаў шукаць не варта, паколькі яны арыентуюцца не на вынік, а на справаздачу. Таму з гледзішча справаздачы ўсё ў парадку, маўляў, новы падатак увялі і грошы сабралі.

Агляд
Беларусы будуць больш плаціць у казну. Паглядзелі, каму і як павысілі падаткі
2023.01.05 11:29

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў