Ярашук: Расейцы не маглі паверыць у «дзікунства», якое адбываецца ў Беларусі


Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук пракаментаваў заяву расейскіх прафсаюзных сілаў наконт міжнароднага падтрымання беларускіх працоўных.{movie}Ярашук: Расейцы не маглі паверыць у «дзікунства» |left|8371{/movie}

На афіцыйным сайце Канфедэрацыі працы Расеі (КПР) з’явілася заява ад імя прэзідэнта КПР Барыса Краўчанкі аб магчымасці арганізацыі падтрымання беларускіх працаўнікоў на міжнародным узроўні. Нагодаю для выяўлення салідарнасці стаў нашумелы прэзідэнцкі дэкрэт № 9, які абмяжоўвае правы работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.

Раней з заклікам адмяніць неадназначны дэкрэт выступіў старшыня Федэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі (ФНПР), прэзідэнт Усееўрапейскай рэгіянальнай рады Міжнароднай канфедэрацыі працы Міхаіл Шмакаў. Ён выказаў шкадаванне ў звязку з тым, што ўжыванне дэкрэту № 9 нагадвае дзеі ўладаў М’янмы (Бірмы), якія карысталіся з прымусовай працы грамадзянаў. Шмакаў адзначыў, што парушэнне правоў працоўных у М’янме ўдалося пераадолець праз эканамічныя санкцыі, «якія пацягнулі эканамічны спад і палітычную ізаляцыю краіны».

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКПД) Аляксандр Ярашук пазітыўна ўспрыняў заявы расейскіх прафсаюзных лідараў: «Гэта важна як салідарнае падтрыманне з боку расейскіх прафсаюзаў, але таксама і таму, што гэта рэальны ўплыў, бо гэта зусім іншая сітуацыя, калі б падтрыманне абвесцілі прафсаюзы Кот-д’Івуару».

Заявы кіраўнікоў расейскіх прафсаюзных аб’яднанняў невыпадковыя, мяркуе Ярашук. Дэкрэт № 9 узрушыў увесь свет, адзначыў кіраўнік БПКД. «Расейцы, якія дагэтуль лаяльна ставіліся да беларускіх парадкаў, не маглі паверыць, што ў Беларусі творыцца такое дзікунства, у краіне, з якою Расея мае асаблівыя стасункі», – заўважыў старшыня БПКД. Шмат хто ў Расеі зразумеў, падкрэсліў Ярашук, што гэта небяспечна, бо, як зараза, можа распаўсюджвацца ў розныя бакі, а перш за ўсё – у Расею.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў