У Чэхіі афіцыйна зарэгістравалі Беларускі дом


Беларускі дом у Празе атрымаў афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрстве ўнутраных справаў краіны. Як паведамляе прэс-служба Беларускага дому, рэгістрацыя дазваляе пачаць перамовы з чэшскімі дзяржаўнымі ўстановамі: гарадскою адміністрацыяй, грамадскімі інстытуцыямі – ды наладзіць супрацу з імі.

Рашэнне стварыць Беларускі дом у Празе прынялі ў лістападзе 2012 года па выніках першага паседжання беларускіх арганізацыяў, зарэгістраваных у Чэхіі. Тады ў сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі шасці беларускіх арганізацыяў: асацыяцыі «За мадэрнізацыю», руху салідарнасці «Разам», міжнароднага цэнтру грамадскіх ініцыятываў «Наш дом», аб’яднання «Пагоня», беларускага форуму ў Празе «Адраджэнне» і беларускага гостэлу ў Празе, а таксама прадстаўнікі МЗС Чэхіі ды праваабарончай арганізацыі «Чалавек у патрэба».

Мяркуецца, што Беларускі дом у Празе будзе выконваць функцыю «альтэрнатыўнай амбасады Беларусі» і стане праваабарончым ды інфармацыйным цэнтрам для беларусаў у Чэхіі.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў