У Аргентыне судзяць выканаўцаў «палётаў смерці»


У Буэнас-Айрэсе пачаўся найбуйнейшы што да колькасці падсудных працэс паводле справаў аб выкраданнях, забойствах, катаваннях ды іншых злачынствах часоў ваеннай дыктатуры 1976–1983 гг.

«Бі-бі-сі» паведамляе, што перад судом паўсталі 68 абвінавачаных, якія мелі дачыненне да сакрэтнай турмы. Яе хунта арганізавала на базе элітнай ваенна-марской вучэльні. У іх ліку – Альфрэда Астыс, які атрымаў мянушку «бялявы анёл смерці».

У гады праўлення ваеннай хунты ў Аргентыне вялася так званая брудная вайна: тысячы жыхароў краіны былі схопленыя і забітыя без суда. Праз сакрэтную трохпавярховую турму ў багатым паўночным прыгарадзе Буэнас-Айрэсу прайшлі каля 5 тыс. палітвязняў. У жывых засталіся адзінкі. Дзе пахаваныя большасць забітых, не вядома. Мяркуецца, што трупы спальвалі.

Акрамя таго, існавала практыка «палётаў смерці» – нашпігованых наркотыкамі вязняў грузілі ў самалёты і скідалі ў Атлантыку. Восем пілотаў гэтых самалётаў судзяць у Аргентыне ўпершыню. Былога лейтэнанта ВМС Хульё Поча экстрадавалі на радзіму з Іспаніі ў 2010 г., нібыта пасля таго, як ён распавёў пра сваё мінулае калегам з галандскай авіякампаніі «Transavia».

Спробы прыцягнуць да адказнасці людзей, звязаных з дыктатураю, пачаліся адразу пасля вяртання краіны да дэмакратыі ў 1983 г. Але ўжо ў 1986-м гэты працэс перапыніў прэзідэнт Рауль Альфонсін: маўляў, не трэба варушыць цёмныя старонкі мінулага. Пры ім былі прынятыя тры законы аб амністыі за злачынствы часоў «бруднай вайны». Гэтыя законы былі адменены толькі ў 2003 г.

З тых часоў быў асуджаны шэраг ключавых фігураў ваеннага рэжыму, у тым ліку генералы Хорхэ Рафаэль Відэля і Рэйнальда Біннёнэ, якія фактычна выконвалі абавязкі прэзідэнта краіны. Першага прызналі вінаватым у сістэматычным выкраданні дзяцей у палітычных апанентаў, другога – у выкраданні дзяцей жанчын-дысідэнтак; апошніх найчасцей забівалі і скідалі ў мора. Генералы атрымалі 50 і 30 гадоў зняволення адпаведна. Альфрэда Астыс асуджаны на пажыццёвае зняволенне.

Усяго на сённяшні дзень вынесена каля 250 абвінаваўчых прысудаў.

belsat.eu

Стужка навінаў