30 гадоў «сяброўства» Касцёлу і ўладаў


У Беларусі афіцыйна адзначаецца 30-годдзе сяброўскіх стасункаў паміж Ватыканам і Беларуссю.

З гэтай нагоды нават з’явіцца паштовая марка.

Па-рознаму развіваліся стасункі паміж дзяржавай і Касцёлам цягам апошніх трох дзясяткаў гадоў. Пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе тагачасны арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разам з іншымі святарамі падпісаў зварот, які заклікаў улады спыніць гвалт супраць мірных грамадзянаў і прытрымлівацца заканадаўчых нормаў. У выніку яго не пусцілі ў краіну, калі ён вяртаўся з чарговага камандзіравання з-за мяжы. Пасля шэрагу перамоваў яму, грамадзяніну Беларусі, дазволілі вярнуцца дадому толькі напрыканцы 2020 года. Некалькі каталіцкіх святароў адбылі адміністратыўныя арышты ў антычалавечых умовах паводле сфальсіфікаваных справаў, некалькіх святароў улады выдалілі з краіны, а яшчэ некалькі вымушаныя былі з’ехаць у эміграцыю, каб не трапіць за краты.

Перліну каталіцкіх святыняў, Чырвоны касцёл у цэнтры сталіцы, улады зачынілі. Вернікам не даюць нават збірацца каля будынку на супольныя малітвы.

Нагадаем, дыпламатычныя адносіны паміж Святым пасадам і Рэспублікай Беларусь былі ўсталяваныя 11 лістапада 1992 г. Афіцыйнымі дакументамі, якія паклалі пачатак двухбаковых адносінаў, сталі Венская канвенцыя аб дыпламатычных адносінах ад 18 красавіка 1961 года і Пратакол аб усталяванні дыпламатычных адносін. Дыпламатычныя стасункі ўсталявалі на найвышэйшым узроўні: з боку Ватыкану – на ўзроўні Апостальскай нунцыятуры на чале з апостальскім нунцыем, з боку Беларусі – на ўзроўні амбасады на чале з надзвычайным і паўнамоцным паслом.

З 2020 года апостальскі нунцый у Беларусі – арцыбіскуп Антэ Ёзыч (Ante Jozić).

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў