Лукашэнка размеркаваў сродкі ад рэкламнага збору – дастанецца нават журфаку


Аляксандр Лукашэнка 10 красавіка падпісаў указ № 98 «Аб развіцці сродкаў масавай інфармацыі». У ім пералічваюцца дзяржаўныя медыі, якія атрымаюць дадатковае фінансаванне ад абавязковых адлічэнняў рэкламадаўцаў. 

Белтэлерадыёкампанія.
Фота: medplast.by

Раней пад гэта быў уведзены збор памерам 10 % пры размяшчэнні вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце, а ў іншых выпадках – 20 % ад кошту паслуг на распаўсюд рэкламы. Збор аплачваецца рэкламадаўцамі і накіроўваецца на падтрыманне дзяржаўных медыяў.

Сабраныя сродкі пойдуць на падтрыманне ў выглядзе «субсідыяў» выключна юрыдычным асобам, на якія ўскладзеныя функцыі рэдакцыяў СМІ і якія ёсць дзяржаўнымі арганізацыямі, дзеля кампенсацыі расходаў на вытворчасць нацыянальнага кантэнту. Вось хто атрымае дапамогу:

  • Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія: набыццё абсталявання, праграмнага забеспячэння, а таксама тэхнічная мадэрнізацыя вытворчых фондаў;
  • БелТА: функцыянаванне і эксплуатацыя мультымедыйнага інтэрнэт-рэсурсу для распаўсюду прадукцыі СМІ;
  • прадпрыемства «Дом прэсы»: стварэнне і функцыянаванне аўтаматызаванай сістэмы маніторынгу тэле- і радыёпраграмаў, якія распаўсюджваюцца на тэрыторыі Беларусі;
  • Белдзяржуніверсітэт: абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў тэлевізійным працэсе на факультэце журналістыкі.

Размяркоўваць бюджэтныя сродкі будзе Міністэрства інфармацыі, а памер субсідыяў вызначыць адмысловая камісія, прыпісаная да ведамства. Адсочванне законнасці выканання ўказу ўскладзена на Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў